“Ну і што вы пра ўсё скажаце? — спытаў мяне Васка Петкавіч, калі мы зноў апынуліся на вуліцы. — Гэтая хрэнь цягне на доказ?” “На маю думку, усё толькі пачынаецца, — сказаў я. — Ноччу мне давядзецца наведаць могілкі. І, верагодна, не адзін раз”.
“Калі вы не супраць, я з вамі”, — прапанаваў Андруш.
Я шчыра адказаў яму, што нават рады. Перспектыва хадзіць ноччу ў пошуках апошняга пры-станку Тэафіла Слімака аднаму не вельмі ўражвала. Урэшце, мы дамовіліся з Андрушам, што ён зойдзе да мяне ўвечары.
Між тым, блізілася да поўдня, і сонца ўжо бязлітасна вісела на блакітным, без адзінага воблачка, небе. Я спытаў Васка Петкавіча, як мне пабачыць той самы храм, які будуецца, ён паказаў мне туды дарогу, затым мы развіталіся, і я пайшоў адзін.
Слабы вецер даносіў са звалак смуродны дым, змешаны з пахам памыяў, якія вылівалі па баках вуліцы проста з баракаў. Насустрач мне часам крочылі напаўаголеныя людзі, бачна было, што многія з іх паспелі ўжо ўжыць алкаголь. Я таксама скінуў кашулю, бо спёка станавілася невы-носнай: па маіх разліках, у ценю было каля сарака градусаў па Цэльсію.
Як я ведаў, храм, альбо Месца для агучвання Ісціны, аднаўляўся на базе былога ангара, і там працавалі добраахвотнікі з мясцовага белага насельніцтва, і мастак, таксама з высланых, які падрадзіўся распісаць будынак з сярэдзіны, і пра якога недвухсэнсоўна паведаміла мне Мойра. Я раптам падумаў, што і іду ў той храм менавіта, каб пабачыць свайго магчымага саперніка — у душы я ўжо вырашыў змагацца за гэтую жанчыну да апошняга. Урэшце, чаму бы і не? Былі ж мы з ёй межава блізкія, хіба не так? Я спадзяваўся, што калі мне ўдасца занатаваць доказ, даць яму адпаведныя матэрыялістычныя тлумачэнні і адзнаку, а я заўсёды быў далёкі ад усялякай містыкі, то на заробленыя грошы набуду сабе адпаведныя, стоадсоткавыя дакументы і цалкам, магчыма, што здолею пераканаць Мойру з’ехаць са мной як мага далей ад гэтага змрочнага месца, хоць увесь цяперашні свет, як я з горыччу прызнаваўся сам сабе, хіба што ўсяго толькі суцэльнае дэградацыйнае плата.
Думкі мае перабіла чарнаскурая дзяўчына гадоў дванаццаці, якая рашуча заступіла мне шлях, папрасіўшы прыбаўкі на дозу. На ёй была толькі паркалёвая спадніца і аніякай бялізны вышэй каленяў. Кучаравыя валасы на яе яйкападобнай галаве — вынік не зусім удалай дэфармацыі — былі коратка падстрыжаны і блішчэлі тлушчам.
Я стрымана адказаў, што не маю грошай, але яна раптам хіснулася да мяне і ашчаперыла абед-звюма рукамі, шэпчучы на вуха, што гатовая хоць зараз заплаціць мне сваім целам.
Я адарваў ад сябе яе рукі, ад дзяўчыны надта ж адчувальна несла сумессю гармонаў з потам. З кішэні шортаў я выцягнуў некалькі магнітных жэтонаў — рэшту, якую мне выдалі перадусім у краме, і аддаў ёй, каб адчапіцца — з баракаў ужо выглядвалі падазронага аблічча постаці.
Я збочыў два разы, як раіў мне Васка Петкавіч, а потым ужо і сам здалёк убачыў будынак храма ў свежых рыштаваннях — ён быў вышэйшы за баракі.
Зблізу гэта аказаўся ангар, пачаткова пабудаваны дзесьці прыкладна ў пачатку мінулага ста-годдзя, калі пасля ранейшых вялікіх разбурэнняў, новае пакаленне пачало быццам апантана абнаўляць веру, не без каварства і тайных інтрыг, расшыраючы такім чынам адну этнапалітычную прастору і звужаючы аналагічную ў суседзяў. Храмы даўно перасталі быць апірышчам духу, меркаваў я, разглядаючы ангар. Нават пакаленне, захопленае вялікай камуна-бальшавіцкай мутацыяй, якое раўнавала цэрквы, касцёлы і сінагогі, было па-свойму больш сумленнае, чым тое, што прыйшло за ім. Разбуралі храмы, таму што яны не ратавалі чалавека, а ён шукаў духоўнага ратавання, і не ў прывіднай будучыні, а менавіта цяпер, і не знаходзіў. І атрымаў, урэшце, сапраўднае рабства духу, бо рэлігія і не можа даць ратавання, бо таксама за-снаваная на мане, і ў ёй, на мой погляд, шукаюць хутчэй за ўсё сховішча ад суцэльнай бессэнсоўнасці жыцця. Таму ідэя мясцовых, яшчэ невядомых мне асоб, хутчэй за ўсё гэта былі такія ж самыя высланыя ў паселішча накшталт мяне, зрабіць храм Месцам для агучвання Ісціны, здавалася мне, на першы погляд, даволі слушнай. Урэшце, храмы і павінны быць такімі месцамі, адкуль узаконеныя недатыкальнасцю людзі выказвалі б свае думкі, не зважаючы на магчымыя пакаранні з боку ўладаў.
Але, меркаваў я, разглядаючы ангар, якую ісціну думаюць абвясціць людству мясцовыя змагары за свабоду духу? Бо аблічча праўды, як выказаўся калісьці старажытны філосаф, грознае. Яна нешта страшнае, невыноснае і смяротнае. Так. Людзі ў сваёй большасці ненавідзяць яе.
Читать дальше