Васка Петкавіч прадставіў Андруша як свайго цяперашняга памочніка і вучня і спытаў у мяне, ці гатовы я ісці з імі. Я адказаў станоўча, хутка сабраўся, захапіўшы відэакамеру — менавіта яе зменшаны варыянт для ўтоеных здымкаў, і мы выйшлі.
Спёка ўжо набірала моц. Вецер быў слабы, але дзьмуў з боку звалак, якія там-сям гарэлі, і сму-родны дым адтуль часам непрыемна казытаў мае лёгкія.
Там-сям людзі ўжо выходзілі з засмечаных баракаў, некаторыя з іх мачыліся проста ля дзвярэй. Рытмічна грукалі барабаны. Наперадзе я заўважыў некалькі постацей на самаробных самакатах. Яны даволі хутка рухаліся па дарозе, спрытна адштурхоўваючыся адной нагой ад зямлі. Самакат уяўляў сабой два жалезныя ці пластыкавыя колцы, прымацаваныя да дошкі і высокі, пад рост чалавека, рулявы слупок.
“Мы маглі б, калі ўдасца, самі засняць тое, што адбываецца ў тым бараку, — парушыў маўчанне Васка Петкавіч, — але мы, з-за недахопу ведаў, не можам патлумачыць такія з’явы, да таго ж, нас тут часта бачаць, а вы свежы чалавек, так бы мовіць, чыноўнік, які інспектуе паселішча ў сувязі са смеццезабруджваннем. Вядома, гэта мана, але інакш мы не здолеем нічога зрабіць”.
“А як жа тады “жыць не па хлусні”?” — пакпіў я. Ён падумаў, уздыхнуў і прапанаваў: “Што ж, скажам ім праўду”.
“Але яны спалохаюцца агалоскі”.
“Тады вырашым на месцы”.
“Дарэчы, — сказаў я, — тут у вас, па чутках, будуецца храм. Да якой канфесіі належаць парафіяне, што будуць яго наведваць?” “Новых храмаў тут ніхто не будуе. У наваколлях яшчэ захавалася шмат напаўразбураных ста-ражытных, заснаваных паўсюдна ў гэтых месцах некалькі дзесяцігоддзяў таму. Усходняя імперыя імкнулася такім чынам пашыраць сваю прастору, але сама пад націскам мігрантаў пераўтварылася ў сімбіёз розных веравучэнняў — вы гэта ведаеце. Наш храм аднаўляецца на базе старога ангара, але ён наўрад ці будзе набліжаны да якой з канфесій. Ён будзе... Месцам для агучвання Ісціны — так мы бачым яго прызначэнне”.
Я здзвівіўся, але не падаў выгляду.
“Мясцовыя ўлады як-небудзь выявілі сябе з гэтай прычыны?” — пацікавіўся я.
“Пакуль ідзе адсочка. Даволі вялая. Крымінальным жа групоўкам напляваць на нейкі там храм. Вось каб мы пачалі ўсталёўваць бровар...” “Людзі-цені” ненавідзяць праўду.
“А хіба “несвядомыя” самі ведаюць дакладна, хто яны? Як сапраўдным адрозніць несапраўдных, якім чынам? Адсутнічае ў іх самасвядомасць, ці яны рэальныя асобы? На іх жа няма адпаведнага знаку. Плямы там якой на скуры ці радзімкі. Можа вы — таксама “чалавек-цень”, ці вось Андруш?..” “Я — не цень”, — пахмурна аспрэчыў Андруш.
“Цяпер коратка пра сітуацыю, — змяніў тэму Васка Петкавіч. —
У адным з баракаў, ён, дарэчы, двухпавярховы, і верхні займае ўдава былога старшыні сельскагаспадарчага кааператыву — белая, гадоў сарака пяці, а ніжні — яе сваякі і работнікі з абслугі, пачаўся раптоўны вадаспад. Вада ў вялікай колькасці працякала з верхняга паверха, хоць у бараку няма водаправода, няма запасу вадкасці і даўно не было дажджу. Ваду спачатку збіралі і пілі работнікі, але ўнізе раптам памерла адно немаўля, а затым — другое, усе напалохаліся і гэтую ваду піць перасталі. Да мяне дайшлі чуткі, што над дахам будынка часта бачаць агнявы слупок нібы ад зварачных работ, а ў вокнах з’явіліся круглыя дзіркі, праз якія ў пакоі заляталі камяні невялікіх памераў, да таго ж само варушыцца адзенне. Невядома яшчэ якія сюрпрызы там адбудуцца. Калі ўсё гэта мы здолеем засняць, а гэта, на мой погляд, даволі круты палтэргейст, то атрымаем не толькі чарговы доказ, але і шанц няблага зарабіць”.
“Спадзяюся, што так...” empty* * *empty
Неўзабаве мы прыйшлі. Барак, на які паказаў Васка Петкавіч, быў невялікі, але двухпавярховы, і першы паверх займала, як мне патлумачылі, група людзей, аб’яднаных працай на гаспадыню, якая жыла зверху. Той-сёй з тых людзей сядзеў на лаўцы альбо заходзіў у дзверы барака і зноў выходзіў адтуль. Сярод іх былі дзеці, падлеткі і дарослыя сталага веку: мулаты розных адценняў скуры, толькі старая бабуля — белая. Выгляд ва ўсіх іх быў, як я заўважыў, даволі прыгнечаны.
Маладых мужчын і жанчын не было — як патлумачыла старая, яны пайшлі на працу.
Я падумаў і, апярэджваючы Васка Петкавіча, прадставіўся як чыноўнік сістэмы ачысткі камунікацый і толькі сказаў, што прыйшоў да іх прыватна і з мэтай дапамагчы, бо, як я ведаю, у іх тут неспакойна. Вядома, калі яны не супраць.
Яны адразу пачалі пераглядвацца паміж сабой, скаваныя нерашучасцю і страхам, а потым старая пачала гаварыць пра тое, што яны па меры сіл займаюцца працай, спраўна выплачваюць падаткі і ведаюць, што парушаць законы — дрэнна, але тут адзін з падлеткаў: неахайны мурын з пашкоджанай лішаем галавой, сплюнуў пад ногі і груба перабіў яе.
Читать дальше