Гэта была іх першая памылка. Я ахвотна выпусціў сумку, якую трымаў у правай руцэ, а левой спрактыкавана кароткім бакавым ударыў гарбузагаловага ў сківіцу. Вядома, ён не чакаў такога, бо, пэўна, звык адчуваць сябе беспакараным. Яго вестыбулярны апарат адразу даў збой і ён, нібы п’яны, мякка асеў на зямлю, даючы мне каля трыццаці секунд форы.
Другі мурын, пасля кароткай паўзы, з лютасцю кінуўся на мяне і памкнуўся схапіць абедзвюма рукамі за горла, што было іх другой памылкай. Я паспеў ударыць яго каленам у жывот, але, тым не менш, ён не адпусціў мяне, і мы ўпалі на зямлю. Твар яго з выскаленымі зубамі навіс нада мной — гарбузагаловы хоць і быў ніжэй за мяне, але важыў больш, і ўвесь нібы складаўся з пругкіх мышцаў, сілу якіх я адразу адчуў. Я зразумеў, што яны абодва праз паўхвіліны мяне заб’юць, калі я прамаруджу, і апрытомнее першы гарбузагаловы.
Я плюнуў у гэты твар. Я спадзяваўся, што адпаведны інстынкт спрацуе і дэфармант на нейкі, так патрэбны мне момант, адхінецца і аслабіць захоп. Урэшце, так калісьці вучылі мяне на вайне.
Што і адбылося. Плявок заўсёды і для ўсіх — знявага. Гарбузагаловы мацак рэзка адхіліў твар, рукі яго аслаблі, я адарваў іх ад сябе, злаўчыўся і, лежачы, нанёс яму неблагі “мавашы” нагой у галаву. Пасля чаго я адразу ўскочыў і на ўсякі выпадак дабавіў нагой у голаў першаму гарбуза-галоваму — той ужо, нешта мыкаючы, соўгаў рукой у кішэню, пэўна па нож.
Мне заставалася падняць з зямлі сваю сумку і адступіць у ноч, што я і зрабіў.
У сваім флігяльку я расчыніў акно і адразу прылёг на канапу, бо адчуў, што за мінулыя суткі адчувальна стаміўся. Нейкі час я разглядаў разбітыя касцяшкі пальцаў на руцэ, а потым прымусіў сябе думаць пра іншае.
На якія доказы разлічваюць тутэйшыя дэсідэнты? — думаў я. — І шары ў небе, і палтэргейст — пра гэта чалавецтва ведае з самога свайго існавання. Вось толькі, калі ён адбыўся — пачатак той з’явы? Хоць, добра засняты на камеру палтэргейст — з тэлепартацыяй, фізічным уздзеяннем, левітацыяй, з’яўленняў ніадкуль матэрыяльных рэчаў і знікненне іх у нішто — на мой погляд, будзе каштаваць неблагіх грошай, і да таго ж, дабавіць чарговую кроплю праўды на каменне маны, а кропля да кроплі могуць, урэшце, стачыць і самы трывалы граніт — хіба не так?
Мне нагадаліся апошнія з доказаў, якія я, вядома, ананімна, з максімальнай перасцярогай змясціў на некалькіх блогах: “жанчына-рэнтген”, “атака на сліпераў”, “квазінародзіны” (адна з жанчын аднаяйкавых блізнят нараджала, а яе сястра, якая знаходзілася за два кварталы, у гэты ж час таксама курчылася ў параксізмах схватак), “аварыя-дубль” (аднаяйкавыя блізняты сінхронна трапляюць у аварыю на розных вуліцах у адзін і той жа час), палтэргейст, амнезія, прагерыя, затапленне крывёй і яшчэ некалькі.
Больш за ўсё мяне ўразіла “жанчына-рэнтген” — яна была медсястра, і я ціха засняў яе па рэкамендацыі знаёмага лекара, якому раней прэзентаваў старажытны медычны даведнік, прапа-наваны мне адным з смеццязборшчыкаў і ў якога яна беспаспяхова спрабавала лячыцца ад сваёй дзіўнай і злавеснай хваробы. Звалі яе, калі дазваляе памяць, Мэрылін, і ёй было каля дваццаці. Жанчына раней трапіла ў аўтааварыю, моцна ўдарылася галавой і хутка забылася на гэта, пакуль на аглядах у лякарні не заўважыла, што яна бачыць людзей наскрозь, нібы пад рэнтгенам. Па сваёй шчырасці, імкнення дапамагчы людзям і наіўнасці яна не здолела захаваць гэта ў тайне. Па статыстыцы з пяцідзесяці тысяч насельнікаў трое людзей у большай ці меншай ступені, як я ведаў, мелі падобныя адхіленні, і вызначыўшы іх, тых адразу ізалявалі.
Урэшце, звесткі пра дзіўныя здольнасці жанчыны сталі з дапамогай штучніка неўзабаве вядомыя органам, і аднойчы жанчына бясследна знікла.
Менавіта я скачаў у Сеціва засакрэчаныя даныя некаторых ранейшых касмічных распрацовак, у якіх быў дасведчаны бацька.
Так, напрыклад, усе былыя астранаўты сцвярджалі, што ў час кручэння цэнтрыфугі і вялікіх перагрузак іх свядомасць выходзіла з фізічнага цела і збоку назірала за працэсам.
...Раптам я заснуў.
empty* * *empty
Спахапіўся я, калі было ўжо даволі позна. За акном згусцілася цемра, і я зразумеў, што праспаў даволі доўга — магчыма, каля дзвюх гадзін. Таймер майго надалонніка сапраўды паказваў гадзіну ночы. Чамусьці на душы было асабліва цяжка, туга ахапіла мяне с новай, адчувальнай сілай, і я выйшаў на падворак.
Паселішча сцішылася ў задушлівай цемры. Толькі зусім далёка, там-сям слаба свяціліся агеньчыкі вокнаў. Але іх было зусім няшмат, пакуль і тыя, нібы па камандзе, раптам згаслі. Неба мела чорны колер, на ім не іскрылася аніводнай зоркі, пэўна хмары засцілалі іх, набліжаючы доўгачаканы дождж. Паветра, нягледзячы на позні час, было гарачае і поўнілася кровасмокчучай жамярой. Звінелі камары.
Читать дальше