У бедных каталіцкіх кварталах і акругах, дзе масавае беспрацоўе, злачынцы, ірляндцы дэпутатамі абіраць толькі хлопцаў з IRA, каб хоць неяк зьберагчы іх ад турмы парляманцкай "недатыкальнасьцю".
У будынках ірляндцаў на сьценах партрэты жывых і мёртвых лідэраў Шын Фэйн, вайсковыя плякаты IRA. Ірляндцы хочуць, каб іх Бацькаўшчына была вольнай і адзінай для ўсіх ірляндцаў-каталікоў. Яны ніколі ня выберуць дэпутатам ангельскага юрыста. Яны нікога ня выберуць, акрамя дэпутата-рэспубліканца.
Гэта — іх нацыянальнае пакліканьне, доўг за Нацыю перад Богам, абавязак перад продкамі і нашчадкамі і іх карма...
"Таталітарныя тэндэнцыі заходняга грамадзтва робяць традыцыйныя шляхі пратэсту неэфектыўнымі і, магчыма, нават небясьпечнымі, паколькі яны захоўваюць ілюзію вяршэнства народу" (Герберт Маркузэ).
На пачатку 70-х гадоў, з прыходам да ўлады партыі Фіана Файл склаліся спрыяльныя ўмовы для нармалізацыі сытуацыі ў Паўночнай Ірляндыі. У гэты час выходзіць з падпольля IRA. І вось тут ангельскія "міратворцы" паказваюць сваё сапраўднае аблічча. Спачатку ў Дэры 30 студзеня 1972 г. ангельскія вайскоўцы расстрэльваюць мірную дэманстрацыю, каторая выступіла з лёзунгамі абароны правоў чалавека. "Крывавая нядзеля" Дэры ўразіла ўвесь сьвет. І "увесь сьвет" змог толькі памахаць "дрэннаму ангельскаму хлопчыку" пальчыкам! Пісклявы голас "абаронцаў дэмакратыі і правоў чалавека" і раней тануй у стрэлах на вуліцах Ольстэру, але ў тыя дні ў Лёндане нават не зьвярнулі ўвагу. Бо ўжо ў лютым 1972 г. ангельскі парлямант ухваліў закон, згодна з якім брытанскія ваяры не маглі быць прыцягнутыя да судовай адказнасьці за насільле ў адносінах да жыхароў Паўночнай Ірляндыі. Так узаконьваліся забойствы ды арышты, так узаконьваўся генацыд ірляндцаў-каталікоў. Лёндан ня быў зацікаўлены ў нармалізацыі абстаноўкі, бо інакш яму давялося б ісьці з гэтых земляў прэч. "Томі" адпрацоўвалі спаўна грошы дзяржаўнага скарбу, але кожны дзень "ольстэрскай вайны" абыходзіўся ў дзесяткі тысяч фунтаў стэрлінгаў. Урэшце— рэшт усё скончылася ў тым жа 1972 годзе роспускам ольстэрскага парляманту і ўвядзеньнем вайсковага становішча. 30 сакавіка 1972 года ангельскі парлямант ухваліў законапраект пра ўвядзеньне ў Паўночнай Ірляндыі прамога праўленьня Лёндану. У пратэстанцкіх кварталах гэтую навіну сустрэлі сьпевамі гімну "Я нарадзіўся пад Юніан Джэк", у каталіцкіх кварталах Белфаста і Дэры пачалася аперацыя "Матормэн". Гэта была сапраўдная вайсковая аперацыя з удзелам бронетэхнікі, 13 тысяч ангельскіх жаўнераў, 9 тысяч карнікаў з "Палку абароны Ольстэру" ды 6 тысяч паліцэйскіх супраць звычайнага мірнага каталіцкага насельніцтва. Так заўсёды было ў Ольстэры. Брытанскія парашутысты, якія прайшлі Конга, Індыю ды іншыя канфліктныя зоны, тут павышалі сваю "прафэсыйнасьць" на мірным насельніцтве. Калі ў верасьні 1969 г. узята прыступам каталіцкае гета Фолс-роўд, то байцы IRA, якія знаходзіліся там з мэтаю абароны насельніцтва гэтага кварталу, мелі ўсяго адзін аўтамат "томпсан", адну стрэльбу ды адзін пісталет.
І яны абараняліся! Увогуле, гатоўнасьць ісьці на сьмерць дзеля сваёй справы, дзеля вызваленьня Бацькаўшчыны ад ангельскага прыгнёту ўласьціва ірляндзкім патрыётам на працягу ўсёй гісторыі барацьбы. Выявы гераізму тут сустракаем ня толькі на вуліцах гарадоў ды ў каталіцкіх гета Паўночнай Ірляндыі, а нават у турмах, дзе самыя жорсткія пыткі ангельскіх акупантаў ня могуць зламаць ірляндзкіх патрыётаў.
Яшчэ ў мінулым стагоддзі феніі (чальцы Ірляндзкага рэвалюцыйнага братства) заклалі стойкія традыцыі працягу барацьбы нават у турмах. Цэлыя пакаленьні маладых рэспубліканцаў выхоўваліся на прыкладзе Герэнса МакСуайні. Мэр ірляндзкага горада Корк, баец IRA, быў кінуты ў турму. Мак Суайні загінуў пасьля 74 — дзённай галадоўкі, пакінуўшы як запавет такія словы: "ПЕРАМАГАЕ НЯ ТОЙ, ХТО НАНОСІЦЬ МАЦНЕЙШЫЯ ЎДАРЫ, А ТОЙ, ХТО МОЖА БОЛЬШ ВЫТРЫМАЦЬ... Ня выключана, што акупанты не дадуць нейкі час дзейнічаць. У такім выпадку барацьба зводзіцца да пытаньня пра трываласьць. ТОЙ, У КАГО ПЕРАКАНАНЬНІ БОЛШ ЦЬВЁРДЫЯ, — ПЕРАМОЖА." А вось вытрымка з дакументу, які выдала IRA напачатку 70-х гадоў пад назваю "Наша стратэгія. Як выйграць вайну": "вайсковая акцыя — пры пэўных абставінах ды пры пэўнай сытуацыі — адзіны тып рэальнай палітычнай акцыі. Партызаны ведаюць, што час працуе на іх..."
У пачатку 70-х гадоў пачаў адчувальна ўзрастаць уплыў IRA. Шэрагі арміі пастаянна павялічваліся. Чарговым сьведчаньнем новага вітка рэакцыйнай палітыкі стаў прыняты брытанскім парлямантам у 1973 г. "Закон пра Паўночную Ірляндыю", дзе, акрамя іншага, было сказана, што гэтая правінцыя будзе заставацца складовай часткай Злучанага Каралеўства "... да той пары, пакуль гэтага будзе жадаць простая большасьць насельніцтва Ольстэру". Зважаючы на той факт, што яшчэ з часоў падзелу Ірляндыі прырост ірляндзкага насельніцтва і яго фактычная колькасьць у адрозьненьне ад перасяленцаў, юніаністаў ды "прыкамандыраваных" пастаянна зьмяншалася, становіцца зразумелым, што гэты закон канстытуцыйна замацоўвае за Ольстэрам статус калоніі, таму што большасьць гіпатэтычна адназначна арыентуецца на Ангельшчыну. Пасьля такіх "рэверансаў" афіцыйнага Лёндану ў бок пратэстанцкай большасьці яшчэ больш "развязваліся" рукі. Ідуць ужо ня толькі пагромы ў каталіцкіх кварталах, але нават узброеныя паўвайсковыя арганізацыі пратэстантаў пераймаюць выкананьне паліцэйскіх функцый. На ўсіх перакрыжаваньнях яны крычаць, што іх тэрор ёсьць толькі адказам на дзеяньні IRA. Але тое, што яны робяць нават не падобна на тэрор, ідзе проста татальнае зьнішчэньне, тактыка "вызваленьня тэрыторый". Гэта прымушае ў канцы 1974 г. кіраўніцтва IRA абвясьціць прыпыненьне агню ў Ольстэры. Лідэры IRA заявілі, што перамір'е будзе сталым толькі тады, калі ангельскія войскі ды пратэстанцкая большасьць спыняць рэпрэсіі ў адносінах да мірнага каталіцкага насельніцтва. Але да ініцыятывы IRA на прыслухваюцца, таму што ня хочуць мець гутаркі з "тэрарыстамі". Эскалацыя напружанасьці працягваецца. У адказ на пагромы ды забойствы 21 ліпеня 1976 г. IRA арганізавала забойства новапрызначанага пасла Ангельшчыны ў Ірляндыі. А ў жніўні 1976 г. IRA забівае сваяка ангельскай каралевы лорда Маўнтбэтэна. Цяпер, пасьля ўсяго гэтага ініцыятыўна пачынае дзейнічаць Ангельшчына. У Ольстэр сьцягваюцца новыя вайсковыя аддзелы, няспынна працягваюцца арышты. на 1 сакавіка 1976 г. у турмах Ольстэру налічвалася каля 1500 вязьняў са статусам "спецыяльная катэгорыя". Калі ў 1969 г., пад-час бурных ольстэрскіх падзей у турмах знаходзілася каля 600 чалавек, то да сярэдзіны 1981 г. іх колькасьць дасягнула 2500 чалавек. Брытанскі рэпрэсіўны апарат на тэрыторыі Ольстэру разгарнуў тытанічную дзейнасьць. Вядома, што ў распараджэньні брытанскіх спецслужб знаходзіцца нават кампутарная картатэка на больш чым 40% дарослага насельніцтва Ольстэру. Гэтая картатэка даволі складанай сыстэмы знаходзіцца ў кампутарным цэнтры Лісберна. Стварэньне яе абышлося ў 500 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Афіцэры ангельскіх спецслужб бяруць актыўны ўдзел ня толькі ў стварэньні паўвайсковых тэрарыстычных пратэстанцкіх арганізацый, але і непасрэдна імі кіруюць. У прыватнасьці, вядомы факт пра ўдзел у рабоце кіроўнай рады т.зв. "Асацыяцыі аховы Ольстэру" на працягу некалькіх гадоў афіцэра брытанскай вайсковай выведкі Эм-Ай-Бі, які ня толькі ўдзельнічаў ў кіраваньні арганізацыяй, але й даваў пратэстантам неабходную інфармацыю, аператыўныя дадзеныя.
Читать дальше