Non solum bene laboramus,
sed etiam bene vivĭmus.
Мы не толькі добра працуем,
але і добра жывём. (лац.).
Хто ты? Адкуль ты? Навошта ты? Калі ты чуеш мяне, значыць цябе абралі. У цёмных скляпеннях тваёй падсвядомасці нараджаецца новы плён сапраўднай асобы, твайго ўласнага “Я”, тваёй сутнасці…
На віктарыянскіх могілках холадна. Холад пранізвае да самага мозгу…
Палічы да дзесяці…
Табе не хочацца прачнуцца…
Белыя, белыя слупы…
Бяжыш па доўгім калідоры, шукаеш выйсця, а ўсе дзверы зачыненыя. Ратуешся ад нябачнай небяспекі, але ў глыбіні душы разумееш, што трэба бегчы як мага хутчэй. Аднак ногі ватныя, зацягваюць у вязкую падлогу і ты тонеш, цябе засмоктвае бетон. Апошні ўздых…
Святло…
Лёгкае казытанне…
Ты чуеш мяне? Запомні, пакуль яшчэ б’ецца тваё сэрца, запомні на ўсё жыццё — ты мой…
Толькi мой!!!
— Прачынайся, — прашаптала Іра на вуха Дзянісу.
Ён ляжаў на спіне, скрыжаваўшы пад грудзьмі рукі, і, крыху прыадчыніўшы рот, нагадваючы ў такім стане егіпецкую мумію. Голас Іры прагучаў у яго сонным розуме скажоным воклічам, глухім рэхам з фамільнага склепа якога-небудзь старажытнага роду, невыразным гукам з гнілой пашчы зомбі, ці яшчэ ў выглядзе якогасьці бязглуздага трызнення.
— Ну прачынайся ўжо, — сказала яна і пацалавала Дзяніса ў няголеную шчаку.
Адчуўшы пяшчотны дотык, Дзяніс абудзіўся, імгненна пралупіў вочы і ўбачыў перад сабой, абвеянае сонечнымі прамянямі, светлае аблічча дзяўчыны.
— Хопіць спаць, ужо дванаццаць гадзін, — прагучаў знаёмы голас і Дзяніс усміхнуўся.
“Значыць мерцвякі, што вылазілі з могілак і ўся астатняя набрыдзь — усяго толькі страшны сон?” — падумаў ён і ўрэшце гугнява вымавіў:
— Іра, гэта ты?
— А хто яшчэ тут павінен быць? — здзіўлена спытала яна.
Замест адказу Дзяніс прыпадняўся, каб пацалаваць яе.
— О, толькі не ўздумай гэтага рабіць, у цябе з рота благі подых.
— А ў самой?
— Няпраўда, я даўно паднялася і пачысціла зубы.
— Як звычайна, няўдачнік сярод нас выключна адзін…
Яна млява засмяялася, паклала яму на грудзі галаву, і доўгія пасмы яе натуральных рыжых валасоў прыемна рассыпаліся па яго целе.
— Сняданак у мікрахвалеўцы. Мыйся, еш і вымятайся адсюль прэч.
— Ага, зноў пачынаецца? Добра.
Ён паспрабаваў падняцца, аднак Іра моцна ўчапілася за яго рукамі.
— Які нахабнік! Ты сапраўды разлічваў вось так проста ад мяне пазбавіцца? — гулліва сказала яна і спрытна асядлала Дзяніса.
— Ого! — пацёршыся аб яго, адзначыла Іра. — Так хутка?
— У мяне з раніцы заўжды гэтая грэбаная эрэкцыя.
— А што ж тады ноччу яе трэба ўручную выклікаць?
Дзяніс чмыхнуў носам.
— Я цэлы дзень працаваў на заводзе.
— Ну, вядома, — пачала крыўляцца Іра.
— Паспрабуй сама восем гадзін пастаяць на адным месцы, а потым…
— Дзесьці, я гэта ўжо чула.
— Што ты ад мяне хочаш? — сур’ёзна спытаў ён.
Іра закаціла вочы, нібы ўвайшла ў экстаз і, выдыхнуўшы, сказала:
— Давай яшчэ адзін разок.
— Так бы адразу.
…Праз некаторы час расчырванелая Іра лягла побач з Дзянісам, і ён моцна прыціснуў яе да сябе. У такія імгненні яму асабліва падабалася браць яе за грудзі і лашчыць узбуджаныя ружовыя саскі; Дзяніс цалаваў яе малочную скуру, шыю і плечы, густа абсыпаныя вяснушкамі. Іра салодка ўздыхала, а яго эрэкцыя ніяк не хацела праходзіць, знаходзячыся на піку сваёй актыўнасці, і тады Дзяніс па-сапраўднаму адчуваў сябе жарабцом.
— Зараз бы цыгарэтку, — першае, што сказаў ён пасля ранішняга сэксу — бадай, самага пазітыўнага занятку, які змог прыдумаць чалавек.
— Смешна чуць падобнае ад людзей, якія не паляць, — усміхнулася Іра.
— Ведаю, аднак у гэтым штосьці ёсць.
— Ты маеш рацыю…
Потым яны яшчэ хвілін пятнаццаць цалавалі адзін аднаго, уяўлялі вакол сябе бясконцы Сусвет, у якім былі толькі яна і ён, адчувалі метафізіку сваіх узаемаадносін і з галавы да ног купаліся ў гэтых цудоўных пачуццях. Але трэба было падымацца і Дзяніс нечалавечымі намаганнямі, у барацьбе з уласнай лянотай, урэшце зрабіў гэта. Падняўшыся і, пачухаўшы мяккае месца, ён, перш за ўсё, пільным поглядам акінуў невялікі пакой, у якім разгортваліся падзеі, з неадкладнай мэтай знайсці свае рэчы.
Читать дальше