Інсцэніроўка дазваляе задзейнічаць многа выканаўцаў, праявіць фантазію і гумар у падборы касцюмаў і рэквізіту. Яе можна выкарыстаць для любога літаратурнага вечара ці школьнага свята.
У казцы “Збан” адстойваюцца такія чалавечыя рысы, як справядлівасць, міласэрнасць. “Стары кажух” высмейвае боязь перад новым, перад зменамі жыцця.Усе гэтыя невялічкія творы – выразны доказ таго, што нацыянальная класіка заўсёды сучасная.
Аўтар
Вершаваная п’еса для дзяцей школьнага ўзросту
Дзейнічаюць:
САРОКА
ЛІСА
МЯДЗВЕДЗЬ
ВОЎК
ВАВЁРКА
ВОЖЫК
З’ява 1.
Лясная паляна. Ранняя вясна, цвіце кветка-сон. Дзве шыльды:
Бюро “Навіны лесу” і Атэлье “Лясное дзіва”, апошняя крыж-накрыж перакрэслена надпісам “Зачынена”.
С а р о к а размясцілася каля бюро. Непадалёку Л і с а ў доўгай спадніцы прымярае капялюшык перад люстэркам аўтамабіля, прымацаваным да дрэва.
ЛІСА.
Нішто сабе… Я проста краля!
І хто сказаў, што ў бабкі крала
Я куранят? Я іх пасла.
САРОКА.
Ды штось не стала іх пасля.
ЛІСА.
Не ўберагла ад каршуна.
САРОКА (ўбок).
Манюка добрая яна…
Тупае М я д з в е д з ь у дублёнцы і аблавушцы.
МЯДЗВЕДЗЬ.
Дзень добры, рыжая!
(Сороцы.) Прывет!
ЛІСА.
Дзень добры, сябра і сусед!
Табе не горача выпадкам?
Ты б зняў кажух.
МЯДЗВЕДЗЬ (знімае шапку).
Гарачавата… Вясна…
Ды вельмі ж угадзіла
Мне атэлье “Лясное дзіва”.
САРОКА (ўбок).
І летам будзе ён хварсіць…
ЛІСА (Мядзведзю).
Дасі у холад панасіць?
МЯДЗВЕДЗЬ.
Ты б заказала на зіму.
Што за прыколы? Не пайму.
Прыкульгваючы, ідзе пануры В о ў к у красоўках.
САРОКА.
Ой, невясёлы крок ваўчыны…
ВОЎК.
Бо ёсць сур’ёзная прычына.
ЛІСА.
Што, зноўку зайца не дагнаў?
ВОЎК. Ды не.
Я ледзь дакалыпаў
На паляну, вер – не вер.
Во, узяў не той памер!
(Паказвае на абутак.)
ЛІСА.
Чаго не зробіш дзеля моды!
Дзе, дарэчы, бегемоты?
МЯДЗВЕДЗЬ.
Ірванулі за бугор!
ЛІСА.
Нецікавы ім наш бор…
САРОКА.
А я да іх без інтарэсу.
Ёсць бюро “Навіны лесу”,
Працы – мора! Штогадзінна
Нам жыццё нясе навіны.
Абляцець не так і проста
Лес увесь… Каб паспяваць,
Мушу штаты пашыраць.
На апошніх словах прыскакала В а в ё р к а ў шапачцы з кутасом.
ВАВЁРКА (захоплена).
Згодна! Ў нас такія шаты!
САРОКА.
Я кажу цяпер пра шта-ты, Не дачула ты…
ВАВЁРКА.
Шкада…
МЯДЗВЕДЗЬ (дабрадушна).
Ой, малая дурата!
ВОЎК (Сароцы).
Можа, трэба вартаўнік?
Спаць я ўвогуле адвык,
Буду пільным…
ЛІСА.
Што там красці?!
САРОКА.
Красці можна ўсюды, здрас-сце.
Стос паперы – во такі,
Кнопкі, скрэпкі, тры цвікі…
ЛІСА.
А цвікі нашто?
САРОКА. Не знаю…
МЯДЗВЕДЗЬ.
Гаспадарка не малая…
САРОКА.
Да таго ж у нас ёсць планы
Ўзяць камп’ютэр патрыманы.
ЛІСА (іранічна).
Цуда тэхнікі, дый годзе!
ВАВЁРКА (хіхікае).
21-ае стагоддзе!
МЯДЗВЕДЗЬ.
Чымся гэтакі расход,
Лепей дзятла ўзяць на год –
Можа, справішся і так.
САРОКА.
Не скажу, што ён лайдак, Ды…
Я лепш вазьму саву.
Так закруціць галаву,
Што паўлесу аглядзіць.
ЛІСА.
Цэлы дзень, аднак жа, спіць!
САРОКА (не зважаючы).
Будзе ў нас навін – тузін!
Прыбягае задыханы З а я ц у камізэльцы.
ЗАЯЦ.
Разбягайцеся! Гарым!
ВАВЁРКА.
Што?! Гарым?
ЛІСА.
Не можа быць…
МЯДЗВЕДЗЬ.
Лес гарыць?
ЗАЯЦ.
Трава гарыць!
Запалілі два балбесы,
Што гулялі каля лесу.
ЛІСА.
Бегчы, бегчы – і хутчэй,
Покуль пяткі не пячэ.
(Вавёрцы.) Згодна?
ВАВЁРКА.
Думаю яшчэ.
САРОКА.
Гінуць мышы і жучкі,
Мурашыныя дамкі…
Што як дрэва запалае?
ЛІСА.
Хопіць каркаць, дарагая!
І ў мінулы год гарэла…
МЯДЗВЕДЗЬ.
Так, а лес застаўся цэлым.
САРОКА.
Мы аб’явім бой агню!
Трэба выбраць старшыню
Весці сход.
ВОЎК.
А дзе народ?
Ўсе па норах – ні гу-гу,
Я нічым не памагу.
ВАВЁРКА.
Чуць такое вельмі горка,
Вельмі крыўдна… Я, вавёрка…
ЛІСА.
Дробным слова не давалі.
ВОЎК.
Можа, скажа наша краля?
(Думае.)
Дзе ў нас вёдры і багры?
САРОКА.
Ўсё прысвоілі бабры,
А на шланзе сам ты спіш.
ВОЎК.
Гаваркая ты… Акыш!
Сплю, бо холадна ў бакі.
Доля злая. Лёс такі.
ВАВЁРКА.
Я хвастом! Нашто вада?
МЯДЗВЕДЗЬ.
Ой, малая дурата!
ЛІСА (прынюхалася).
Падбіраецца… О Божа!
Дыму проста не выношу.
Читать дальше