Вось чаму Міжнародная канферэнцыя на тэму "Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў" уяўляецца нам вельмі і вельмі своечасовай. Няма сумнення, што так маштабна арганізаваная, яна дасць добрыя вынікі. Яна выявіць розныя погляды на шматлікія пытанні нашай нацыянальнай гісторыі і нацыянальнага адраджэння. Яна падыме да ўжытку, да карыстання грамадскасцю новыя багатыя навуковыя матэрыялы па азначанай тэме. Яна будзе моцным імпульсам для далейшай працы ў гэтым накірунку. Тым больш, што канферэнцыя такая прадстаўнічая, сабрала такіх выдатных навукоўцаў і асветнікаў.
Шаноўнае спадарства! Вельмі паважаныя замежныя госці, калегі-навукоўцы, сябры! Ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі і ад імя шматлікай арміі ТБМ, ад сябе асабіста дазвольце шчыра вітаць вас з гэтай важнай падзеяй у культурным, у духоўным жыцці беларускага народа і пажадаць вялікага плену у працы на працягу гэтых двух дзён. Дазвольце выказаць упэўненасць, што справа, якая паклікала і сабрала нас, будзе і надалей нашым найпершым, нашым найвысокім, нашым святым перад Бацькаўшчынай абавязкам.
Жыве Беларусь!
РЫЦАР СВАБОДЫ І БРАТЭРСТВА
Слова на адкрыцці помніка Адаму Міцкевічу ў Наваградку 12 верасня 1992 года
Паважаныя землякі паэта і шаноўныя госці, нашы браты і суседзі!
Дарагія людзі!
Нас сабрала тут сёння надзея зусім нерадавая ў духоўным жыцці як беларускага, так і польскага народаў. Падзея значная і радасная, якая сведчыць, што і ў складаных, нават цяжкіх умовах сучаснай рэальнасці мы здольныя не паступіцца сваёй чалавечай і нацыянальнай годнасцю і красамоўна пацвердзіць нашу непахісную вернасць ідэалам свабоды і справядлівасці, міру і дружбы паміж людзьмі і народамі. Мы адкрываем помнік вялікаму рыцару гэтых ідэалаў, іх таленавітаму песняру і палымянаму абаронцу паэту Адаму Міцкевічу. Паэту сусветнай вядомасці і славы, асабл іва прызнанаму ў вялікім славянскім свеце, а найболей любімаму, вядома ж, у Польшчы і Беларусі.
“О Літва! Ойчызна моя!” — пачынае ён свой найслынны спеў-гімн у гонар Бацькаўшчыны — паэму “Пан Тадэвуш”. Думаю, што сення нікога не павінна бянтэжыць гістарычная тэрміналогія: імем Літва ў часы Міцкевіча традыцыйна называлася наша Радзіма, вось гэта беларуская зямля, гэты край, дзе мы з вамі знаходзімся. Зрэшты, не гэта галоўнае. Галоўнае, што ёсць паэт і — які паэт! А паэт ён такі, што належыць усім — і палякам, і беларусам, і рускім, і літоўцамі ўсяму чалавецтву. I калі мы ўсё ж гаворым пра гэту тэрміналагічную блытаніну, то толькі таму, што надта ж доўга чытачоў свету ўводзілі ў зман, нібыта Міцкевічава Літва — гэта не Наваградчына, не Гародзеншчына, а край, які недзе далёка. Прыйшоў час, калі давядзецца развітацца з многімі недарэчнымі міфамі. Абразай для памяці і справы вялікага паэта было б хітраванне палітыкаў, якія ў першую чаргу адказваюць за добрасуседскія адносіны паміж народамі.
У многіх і многіх самых выдатных творах Адама Міцкевіча — у яго паэмах, баладах, вершах — мы бачым Беларусь, яго і нашу Радзіму. I гэта зразумела. Усякі сапраўдны паэт, нават самых смелых фантазій, не можа абысціся без жыццёвых рэалій, без апоры ў сваёй творчай працы на канкрэтныя ўражанні сваіх дзіцячых, юнацкіх і пазнейшых гадоў. Адам Міцкевіч і сваім нараджэннем і творчым станаўленнем абавязаны Беларусі, вось гэтаму краю. Паэтам ён стаў тут, на гэтай чароўна прыгожай старажытнай зямлі. Адсюль усе яго першыя і самыя моцныя ўражанні, ад гэтых цудоўных краявідаў, ад беларускіх легенд і паданняў, казак і песень, сярод якіх ён рос, і канешне ж — ад мовы гэтай зямлі, у стыхіі якой ён з маленства знаходзіўся.
Дазвольце, дарэчы, нагадаць, што гаварыў Адам Міцкевіч пранашу беларускую мову.' 'Набеларускай мове... гавораць каля дзесяці мільёнаў чалавек, гэта самая багатая, самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і выдатнараспрацавана". Гэтасказаў 150гадоўназадвялікіпаэт. Ёнведаў яедасканала. I каго ж сёння, калі беларуская мова абвешчана дзяржаўнай, мы будзем слухаць і каму будзем верыць: вялікаму паэту ці дробнаму абывацелю? Паэту, які з пачуццём захаплення гаварыў пра беларускую мову як пра самую багатую і самую чыстую, ці абывацелю, які з апантанай нянавісцю гатоў таптаць і плюндрыць мову свайго народа? Канешне ж, паэту паверым мы!
Я прамовіў гэта родавае і роднае нам імя Міцкевіч, і ў каторы раз — зноў і зноў — з пачуццём першароднага здзіўлення падумаў пра адну з самых дзівосных загадак у гісторыі сусветнай літаратуры. Я падумаў пра яшчэ аднаго вялікага паэта, які нарадзіўся на нашай беларускай зямлі, дый не дзе-небудзь далёка адсюль, а зусім блізка, па суседству, і які таксама быў з роду Міцкевічаў і насіў гэтае ж, ужо стаўшае славутым да яго нараджэння, імя. Я кажу праКанстанціна Міцкевіча, вядомага ў свеце пад псеўданімам Якуб Колас. Ён нарадзіўся на 84 гады пазней за Адама і мог бы свабодна даводзіцца яму ўнукам ці ў крайнім выпадку — праўнукам. Але здзіўляе не толькі факт узрастання на адной і той жа зямлі двух сусветнага маштабу паэтаў. Неймаверна здзіўляе і роднасць іх талентаў, іх божага дару, выяўленага Міцкевічам Адамам у "Пане Тадэвушы", а Міцкевічам Канстанцінам — Якубам Коласам — у "Новай зямлі" — гэтай найвялікшай кнізе ў паэзіі беларускай і адной з самых унікальных кніг у паэзіі сусветнай. Праўда, гэты наш паэтычны эпас пачатку XX стагоддзя недастаткова вядомы сусветнаму чытачу, як і само імя яго аўтара, але гэта ўжо рэч іншая, гэта ўжо хада гісторыі так прадвызначыла, гэта ўжо — трагічная асаблівасць гістарычнага лёсу нашага народа. Эпохі гісторыі не паўтараюцца, мінаюць беспаваротна. Эпоха найвышэйшага ўзлёту эпічнага — не калектыўна-фальклорнага, а індывідуальнага эпічнага мыслення дала су светнай культуры такія праявы нацыянальнага паэтычнага генію, як “Фауст” Гётэ, як "Яўгеній Анегін" Пушкіна, як "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча, а на зыходзе гэтай эпохі, як бы замыкаючы гэты рад зіхоткіх паэтычных вяршынь і ўпоравень з імі паўстала "Новая зямля" Якуба Коласа.
Читать дальше