На заканчэнне хачу яшчэ раз падкрэсліць: мы павінны не проста цаніць і шанаваць свой фальклор, але і актыўна карыстацца ім як сродкам станаўлення нашай нацыянальнай самасвядомасці — у мэтах Адраджэння Беларусі. Карыстацца так, як патрабуе час і пачуццё прафесіянальнай годнасці.
Да пятай гадавіны ТБМ
Дарагія сябры, патрыёты і абаронцы роднага слова! У святочны для ўсіх нас дзень угодкаў Таварыства, разам з вітаннем і віншаваннем, прыміце мой паклон удзячнасці за ўсё, што вы зрабілі і робіце, каб наша слова мацнела, ду жэла і шырылася там, дзе яно яшчэ гучыць нясмела і рэдка, каб яно, у поўнай адпаведнасці з Законам аб мовах і Канстытуцыяй Беларусі, хутчэй уздымалася на дзяржаўны ўзровень і набывала дзяржаўны гарт, каб яно ўсё болын апаноўвала тымі душамі, да якіх раней дайсці не паспела, як і тымі, дзе калісьці жыло, ды было вытраўлена гвалтоўна. Я хачу выказаць пачуццё радасці і гордасці за вас, сапраўдных сыноў і дачок Бацькаўшчыны,каму роднае слова ў сённяшнім смутным часе свеціць як сонца ў тумане, каго не здолелі збіць з дарогі хлуснёй і паклёпамі на нашу мову адкрытыя і замаскаваныя ворагі беларушчыны, хто высока ў душы нясе пачуццё чалавечай і нацыянальнай годнасці, сваю выпакутаваную веру ў шчаслівую будучыню свабоднай і незалежнай Беларусі.
Грамадзянам краіны, якім у свой час не дапамаглі або перашкодзілі стаць патрыётамі мовы нашай зямлі, я хачу ў гэты дзень сказць: зрабіце тое, што вы, не па сваёй віне, не змаглі зрабіць раней: адкрыйце для сябе чароўную красу і сілу беларускага слова, унікніце розумам у невымерныя глыбіні яго сэнсу, услухайцеся душой і сэрцам у дзівосную музыку ягоных гукаў, заслужыце права ўвайсці ў яго высозны векавечны храм, адчуйце радасць далучэння да яго чараў, спазнайце шчасце стаць яго падданым, яго вечным і верным слугою! Зрабіце гэта — і Бог палюбіць Вас!
Ну, а тым, хто зласліва і цынічна здзекуецца з гэтае нашай найсвятое святыні, хто свядома і ваяўніча адмаўляе нашаму Слову ў праве на свабоднае жыццё, хто ўзяў на сябе ганебную ролю яго турэмшчыка, забойцы і далакопа, — ім у гэты дзень нашага свята я не скажу нічога. Я моўчкі прайду міма, прайду з пачуццём пагарды, але і са спачуваннем, што Бог так пакрыўдзіў іх — так бязлітасна абышоў сваёй любоўю.
Жыве беларуская мова — жыве Беларусь! 27.06.94 г.
За векам век плыве-цячэ,
А мы ідзем, ідзем... I што ж?
О, як далёка нам яшчэ
Да Беларусі!!..
Ужо няўсцерп нам крыж пакут,
I мы крычым, крычым, але —
Не дакрычаліся пакуль
Да Беларусі.
А можа быць, яна — міраж,
I ўсё мы трызнім?.. Бо чаму ж
Не далятае голас наш
Да Беларусі?..
Відаць, пракляцця знак ляжыць
На нас адроду, і таму
Так цяжка шлях нам церабіць
Да Беларусі.
Равуць вятры, грымяць грамы,
Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж,
I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы
Да Беларусі!..