У многіх і многіх інфармацыйных даведках, якія паступілі з гарадскіх і раённых выканкомаў, знаходзім шчырае самакрытычнае прызнанне, накшталт: "Беларуская мова не знайшла яшчэ належнага прымянення ў паўсядзённай рабоце і справаводстве", "Не забяспечаны адзінамоўны рэжым у школах і пазашкольных установах", "Амаль не вядзецца работа па пераафармленню на беларускую мову назваў вуліц, прадпрыемстваў і арганізацый", "Не праведзена замена на беларускую мову на пячатках, штампах, штэмпелях, фармулярах, афіцыйных бланках", "Не заменены на беларускую мову назвы прыпынкаў, правілы карыстання пасажырскім транспартам", "Справаводства, нават у адцзелах культуры і адукацыі, далёка не ўсюды пераведзена на дзяржаўную мову, або пераведзена не поўнасцю", і г.д., і г.д.
Вядома ж, у гэтых інфармацыях гучаць і трывожна-горкія ноты са спасылкамі на нашу новую эканамічную сітуацыю — на рынак. "Ствараюцца камерцыйныя структуры, якія ажыццяўляюць стыхійнае супрацьдзеянне беларускаму Закону аб мовах. Амаль усе рэкламныя аб'явы друкуюцца імі ў беларускамоўных газетах па-руску, усе шыльды на гандлёвых кіёсках выконваюцца на рускай мове''.
Вельмі няпростым застаецца пытанне аб дзяржаўнай мове ў сродках масавай інфармацыі. Выданне масавых газет і часопісаў на беларускай мове на сённяшнім этапе дзяржаўнага станаўлення Беларусі набывае асаблівае значэнне. Але без падтрымкі з боку дзяржавы існаваць яны практычна не могуць — нават і рэкламныя публікацыі іх не ўратуюць. У 1993 годзе на фінансаванне беларускіх перыядычных выданняў Урад выдзеліў 400 млн. рублёў. У бягучым годзе гэтая падтрымка працягваецца.
На 1.IV.1994 г. у рэспубліцы зарэгістравана 659 перыядычных выданняў, з іх — толькі 147 на беларускай мове, г. зн. менш 1/4 ад усёй колькасці газет і часопісаў. Праўда, у даведцы Савета Міністраў пазначана, што 128 выданняў выпускаюцца на беларускай і рускай мовах, а 137 — на рускай і беларускай, але на паверку ўсё гэта не больш, чым хітры палітычны ход, у сапраўднасці ж — з гэтых 265 нібыта двухмоўных выданняў толькі некалькі з'яўляюцца такімі, астатнія ж — фактычна рускамоўныя, паколькі на іх старонках матэрыялы на беларускай мове памяшчаюцца рады ў гады. Найбольш яскравы прыклад — урадавая газета Рэспубліка'', якая, няйначай як на здзек, друкуе вялізнымі літарамі сваё імя па-беларуску, а далей — беларускага ні радка, ні слова.
У сярэдзіне 20-х гадоў у Беларусі выходзілі 234 газеты, з іх 194 — на беларускай, гэта — 83%, выходзіла ўсяго 30 часопісаў — але 27 з 30-і — на беларускай мове, гэта — 90%. I не было праблемы. Пісьменныя людзі, чытачы былі непараўнана менш падрыхтаваны ў беларускай мове, чым сёння, аднак жа выпісвалі беларускія газеты і часопісы, чыталі, ды яшчэ і ганарыліся гэтым.
Засмучае ўпартае нежаданне некаторых газет і часопісаў вярнуцца на мову гэтай зямлі, на мову, якая калісьці дала ім Жыццё — як, напрыклад, галоўнай вясковай газеце "Белорусская нива" (пасля вайны яна была "Сялянскай праўдай" і выходзіла па-беларуску). Яшчэ больш засмучае адкат назад ад даўно заваяванага — свайго роду здрада нацыянальным інтарэсам у нашы гістарычныя лёсавызначальныя дні, калі так патрэбна, каб як мага шырэй і галасней гучала роднае слова.
У пастанове прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 05.05.1991 г. "Аб мерах па захаванню і развіццю нацыянальнай культуры і мовы" запісана: "Рэдакцыям "Магілёўскай праўды", "Магілёўскія ведамасці", абласному радыё і тэлебачанню ў сваіх матэрыялах прапагандаваць беларускую мову..." I як жа ідзе прапаганда? У нашу Камісію прыслалі нумары "Магілёускай праўды", у якіх, апрача загалоўка, ніводнага слова па-беларуску! А гэта газета амаль 70 гадоў выходзіла на беларускай мове. Вось вам і прапаганда, вось і змаганне за ажыццяўленне Закона аб мовах, за духоўнае адраджэнне нацыі!..
Думаю, было памылкай рашэнне Вярхоўнага Савета зрабіць сваё выданне — "Народную газету" — беларуска-рускім, змешаным. Выбачайце, але газета Вярхоўнага Савета павінна паказваць прыклад павагі да дзяржаўнай мовы рэспублікі, да Закона аб мовах. Як, дарэчы, і сам Вярхоўны Савет Беларусі, і яго Прэзідыум. Як і Савет Міністраў рэспублікі і амаль усе яго аддзелы (пэўным выняткам суцяшацца пакуль не будзем).
Не задавальняе патрыётаў роднага слова беларускае тэлебачаннеі радыё — аб гэтым сведчаць іх лісты ў Вярхоўны Савет і допісы ў газетах. Прэтэнзій наконт месца беларускай мовы ў радыё- і тэлеперадачах, не кажучы аб якасці гэтай мовы, выказваецца вельмі шмат.
Читать дальше