Размову вяла Г. Уліцёнак
КЛОПАТ НАДЗВЫЧАЙНАЙ ДЗЯРЖАЎНАЙ ВАЖНАСЦІ
Слова на адкрыцці першай нацыянальнай канферэнцыі "Праблемы беларускай навуковай тэрміналогіі" 4 траўня 1994 г.
Паважаныя калегі, паплечнікі, сябры! Мы задумалі і арганізавалі гэту канферэнцыю ў такі незвычайны, можна сказаць, лёсавызначальны для нашай краіны час, калі разгляд праблем беларускай тэрміналогіі не можа ўспрымацца толькі як праца навуковая, мовазнаўчая, мы выдатна разумеем, што сёння яна мае і вельмі актуальнае палітычнае значэнне. Станаўленне суверэннай беларускай дзяржавы абавязкова вымагае клопату грамадскасці пра стан сваёй дзяржаўнай мовы, пра яе пашырэнне і замацаванне ў ва ўсіх без вынятку сферах грамадскага жыцця — калі мы хочам, каб наша грамадскае жыццё было нацыянальным, працякала ў сваіх уласных формах. Паколькі жыццядзейнасць любой паасобнай сферы і ўсяго дзяржаўнага цэлага забяспечваецца ў вельмі вялікай меры функцыянаваннем навуковых і спецыяльных тэрмінаў, без якіх гэтая жыццядзейнасць была б проста паралізавана, то зусім зразумела, чаму клопат пра навуковую тэрміналогію ёсць клопатам надзвычайнай дзяржаўнай важнасці. Увесь механізм дзяржавы павінен працаваць спраўна — і менавіта як механізм дзяржавы беларускай, г. зн. — сканструяваны на асобы, непаўторны і не падлеглы перайначанню лад.
Тэрміналагічнае забеспячэнне работы гэтага механізму кладзецца, вядома, на ўсё грамадства, але ў першую чаргу, па зразумелых прычынах — на навукоўцаў і на практыкаў-спецыялістаў.
Вялікая праца па стварэнню беларускай навуковай тэрміналогіі пачалася, як мы ведаем, не ўчора і нават не пазаўчора; многае, асабліва ў сферах эканомікі, заканадаўства, пэўных прыродазнаўчых і гуманітарных навук, прарастала і фарміравалася яшчэ ў той нашай мове, якую мы называем старабеларускай і якая была афіцыйнай у нашай магутнай тагачаснай дзяржаве — у Вялікім Княстве Літоўскім. Шмат гаворыцца ў апошні час пра неспрыяльныя для развіцця нашай мовы дзесяцігоддзі паслякастрычніцкага перыяду. Вядома, агулам кажучы, спрыяльнымі іх не назавеш. Аднак жа і ў гэты перыяд, па-першае, былі 20-я гады — час, калі нашы навукоўцы, зацікаўленыя ў нацыянальным абліччы беларускай культуры і самой Беларусі, мелі пэўную, на жаль, зусім нядоўгую аддушыну і вельмі плённа пакарысталіся ёю; здаецца мне, што плён іх працы належным чынам мы яшчэ не ацанілі; па-другое, і пазней, калі беларушчыне дыхалася цяжка, і надта цяжка, насуперак усяму нашы навукоўцы працавалі і напрацавалі досыць багата таго, што несумненна на карысць развіццю беларускай літаратурнай мовы, і было б проста неразумна і не па-гаспадарску ўсё напрацаванае імі адкінуць і закрэсліць за непрыгоднасцю. Зразумела, дыктат часу, дыктат пэўнага палітычнага курсу краіны не мог не адбіцца на рабоце па фарміраванні бел ару скай навуковай тэрміналогіі, і адмоўныя вынікі гэтага дыктату, гэтай русіфікатарскай палітыкі недаацэньваць нельга, — дум аць іначай — значыць спрашчаць задачу, якая сёння стаіць перад людзьмі беларускай навукі, перад усёй грамадскасцю Беларусі і ўсведамленне якой сабрала ў гэтай вялікай зале нас.
Што нам усім для паспяховай працы ў гэтым кірунку трэба? Па-першае, відочна, трэба грунтоўна і ўсебакова прааналізаваць саму тэрміналагічную сітуацыю ці, калі хочаце, гаспадарку. Уважліва паглядзець, у якім яна стане. У якой меры запушчана? Як моцна яе скоўваюць нялепшыя, мякка кажучы, традыцыі? Наколькі ў нас тэрміналогія свая і наколькі запазычаная? Зрэшты, як многа ў нас грамадзян, для якіх неабходнасць актыўна авалодаць беларускай навуковай тэрміналогіяй ёсць адной з прычын іх пратэсту супроць таго, што ў нас не ўзаконена афіцыйнае двухмоўе, што статус дзяржаўнай мовы нададзены толькі беларускай?
Па-другое, нам трэба прадумаць, як я разумею, усе аспекты работы над стварэннем уласнай беларускай тэрміналогіі. Перш за ўсё, вядома, нас цікавіць навукова-тэарэтычны аспект праблемы. Але не толькі. Вельмі важнай уяўляецца і работа арганізацыйнага, вытворча-тэхнічнага і метадычнага парадку; будзем помніць, што мы жывем у век камп'ютараў і што слоўнікі навуковых тэрмінаў самі сабой не складуцца і на свет не паявяцца.
Самае складанае, безумоўна, гэта — пошук прынцыповых падыходаў да праблемы стварэння бел арускай тэрміналогіі, — падыходаў, якія б абапіраліся на належны навукова-тэарэтычны грунт. Што прымем з таго, чым карысталіся, узгадніўшы з законамі нашай мовы? У якой меры будзем адшукваць і вяртаць сваё забытае? У якой меры і якімі спосабамі будзем выпрацоўваць новыя, свае ўласныя тэрміны? Як быць з наяўнымі дублетнымі формамі? Пытанняў. шмат. Выпрацоўка ці адшукванне ў лексічных запасніках уласных беларускіх тэрмінаў — не самамэта, вядома. Так пытанне не павінна ставіцца — любой цаной, але каб было сваё, каб не супадала з іншамоўнымі. Аднак жа калі карыстацца толькі чужымі, толькі запазычанымі тэрмінамі — гэта будзе зусім не на карысць і не на здароўе нашай мове як жывому арганізму, будзе занадта шмат таго чужароднага, што яна не ператравіць, не засвоіць, а ў выніку — і не падужэе, а наадварот — аслабне ў сваёй прыроднай моцы.
Читать дальше