В о л ь к а
Не трэба, любы мой. Ты ж бачыш, я –
Уся здранцвелая... Як нежывая.
Мяне й дагэтуль браў за сэрца страх,
Ну а цяпер, пасля Ваньковай грозьбы...
М і р о н
Прасі вярнуцца брата. Як сястра -
Прасі. Тваёй ён не адхіліць просьбы.
В о л ь к а
Які няшчасны ён у нас! Які
Пракляты лёс вядзе яго праз церні!
Больш трох гадоў пачвары-павукі
З яго смакталі кроў неміласэрна.
Ну, а за што? Скажы, за што, Мірон?
За што яму навек жыццё зламалі?
Калі б ты толькі знаў, як любіць ён
Наш родны край! Калі б усе вы зналі!..
М і р о н
Сягоння мала, Волечка, любіць.
Сягоння трэба ратаваць Айчыну.
Браць зброю ў рукі і прышэльцаў біць,
А не шукаць якуюсьці прычыну,
Каб адсядзецца ціхенька ўбаку...
I я, прабач, не разумею ўсё-ткі,
Чаму не можа быць там і Якуб,
Дзе школьныя сябры і аднагодкі?
В о л ь к а
I ты не разумееш... Нават ты.
Ён павукоў баіцца. Лап іх цэпкіх.
Ён павучынай іхняй праваты
Павек не прыме. Хоць шчапай на шчэпкі.
М і р о н
Чым больш ты кажаш і тлумачыш мне,
Тым больш загадак... Нешта з намі стала.
Даруй мне, я - салдат, я - на вайне.
Мне, можа быць, і думаць часу мала,
Пазаўчарашняй ноччу наш атрад
Браць гарнізон хадзіў. I нас спасцігла
Няўдача. Не ўзялі. I ў лес назад
Не ўсе прыйшлі. I злосць яшчэ не сціхла.
Якіх мы слаўных страцілі сяброў!
У ліку іх - і камандзіра роты.
А ты - пра нейкіх страшных павукоў,
Пра нейкіх злыдняў чорт якой пароды...
В о л ь к а
Мірон! Чакай... I ты назад, у лес,
Мог... не прыйсці? I мы б цяпер з табою...
М і р о н
Не, я не мог, не! Покуль ты жывеш -
I я жывым вяртацца буду з бою.
Прабач, пара мне ўжо... Яшчэ ж хачу
Сваім старым пастукаць у аконца...
В о л ь к а
Мірон... Я так цябе не адпушчу...
Ты... пацалуй мяне... I моцна-моцна...
Пачатак лета. Сорак трэці год.
Грымаць расстрэлы. Вогняцца пажары.
Не змераць гора. Не злічыць нягод.
Вайна і ў тыле ворага ў разгары.
Мірон, бывалы ўжо лясны салдат,
Нярэдка ў прыклад ставіцца атраду.
Адно душу гняце, што з пэўных дат
На стрэчах з Волькаю не стала ладу.
Чагось замкнулася ў сабе яна —
Ды так, што цяжка выцягнуць і слова.
Маўчыць і плача. Мучае віна?
Ці душыць крыўда? Ці з суроку злога?
Мірон здагадваецца: зніклы брат –
Таму прычына. I нічога болей. Якуб...
Відаць, зламаўся небарак.
На волю выйшаў, а жыве няволяй.
Сказала ж Волька ў тую ноч яшчэ:
«Ён павукоў баіцца...» Страх у фібрах
Сядзіць... I ён нікуды не ўцячэ
Сам ад сябе, ад дум сваіх няхітрых.
Страх зараз кожнаму гразіць бядой.
Трымцяць вяскоўцы: не дай Бог аблава!..
I усё ж настрой ужо ў людзей не той,
Што год назад быў, і паўгода нават
Мацней адчуў і ўверыўся народ,
Што вызваленне ўжо не за гарамі.
А ў зоне партызанскі «агітпроп»
Ужо й канцэрты ладзіць вечарамі.
На сцэне з дошак - каб было відно –
«Артысты» і пяюць і дэкламуюць.
З дарослымі і дзеці заадно
Іх слухаюць; малыя не сумуюць.
I сёння вось такі канцэрт ідзе,
На адвячорку, у Пушчанскай Ліпе.
Дзяцюк з гармонікам і рэй вядзе,
I сам іскрыстыя куплеты сыпе.
А р т ы с т
Сербіяначка-цыгынычка,
Не стой на вуліцы:
Наша вуліца - паляначка,
Што ў лесе туліцца.
Ах, сербіянка-партызанка,
Ты сваім не здрадзіла.
Ах, раскажы нам, сербіянка,
Дзе мілога страціла?
У натоўп слухачоў урываецца, з перакошаным ад гневу тварам, Ванёк.
В а н ёк
Спыніць! Спыніць і разыйсціся ўсім!
Замры, музыка! Скончаны забавы!
Г а л а с ы
Ён што - напіўся? Што такое з ім?
В а н ё к
Мірон! Сюды бягом, ваяка бравы!
Да Ванька з натоўпу прабіваецца Мірон.
Што - весялішся тут, такую маць?!
А бацька з маткай дзе твае? Не знаеш?
Там, дзе й мае! На ямішчы ляжаць!
Забітыя ляжаць! Вось - сведку маеш!
М і р о н
Дзед Юлісь? Што... ты гэта бачыў сам?
Ю л і с ь
Так, дзеткі, бачыў... Сёння раніцою...
Іх завялі на ямішча і там —
Усіх... Яго й тваіх... Адной чаргою...
А нас сагналі каля школы ў гурт,
I старшы, рамянямі ўперазаны,
Сказаў, што будзе кожнаму капут,
Калі з сям'і хто пойдзе ў партызаны...
А мне ён загадаў, той старшы, каб
Я закапаў іх... У кар'еры гэным...
Читать дальше