Пад восень у рэўком прынеслі заклеены хлебным мякішам канверт. Хімічным алоўкам на ім было напісана: «Рудабелка, Бабруйскага павета, Раману Салаўю».
З вясны Рамана не было на свеце. Ганна з'ехала да свае радні ў Залессе, як у ваду канула i Марыля. Адны казалі, што i яе разам з бацькам застрэліў Сымон Гавароўскі, другія — што забілі каля Бярозаўкі. A пэўна ніхто нічога не ведаў. Аддаваць пісьмо не было каму. Пакруціў яго ў руках новы старшыня Ігнат Жынко.
— Каму ж аддаць? — запытаў у сакратара Карпа Жулегі.
— Каму ты аддасі? Разарві, ды пачытаем,— прапанаваў Драпеза,— можа, што пра Аляксандра дазнаемся. Каторая пара — ні слуху ні духу... Як у пельку боўтнуў, i знаку няма.
Ігнат разарваў канверт. На цупкай жоўтай паперы бойкім почыркам з пісарскімі кудзеркамі было напісана:
«Паважаны дзядзька Раман Салавей!
Пісьмо пушчана 29. VIII. 1920 года. Піша Вам таварыш Вашага сына, камандзір роты 472-га палка, Сцяпан Герасімовіч.
Мы з Аляксандрам Раманавічам служылі ў бабруйскім каравульным батальёне, былі разам у Смаленску, білі белыя банды каля Асвеі i Рэжыцы, з корпусам таварыша Гая наступалі на Варшаву. Які адважны камандзір быў Аляксандр Раманавіч, ведае ўвесь наш корпус.
Раніцою 15 жніўня таварыш Салавей А. Р. i яшчэ шэсць коннікаў прыкрывалі абоз з раненымі байцамі. На ix наляцеў цэлы ўзвод уланаў, i пачаўся няроўны бой. Доўга біліся чырвонаармейцы. Дзевяць уланаў паклалі яны, але з усімі справіцца не хапіла сілы. Калі загінулі таварышы, Аляксандр Раманавіч адбіваўся адзін. Але ўланы наляцелі з усіх бакоў i пасеклі камандзіра. Нават каня яго парубалі шаблямі.
Аляксандра Раманавіча мы пахавалі ў маладым хвойніку каля мястэчка Кольна. Гэта аж на той бок Немана. На магіле ўкапалі бярозавы слупок i на ім напісалі імя i прозвішча.
Вельмі не плачце, дарагі дзядзька Раман. За смерць таварыша Салаўя мы адплоцім сусветнаму капіталу.
Нізкі паклон ад усіх баявых сяброў Вашага сына.
Камроты С. Герасімовіч».
Пісьмо выпала з Ігнатавых рук. Ён моўчкі апусціў галаву. Нехта цяжка ўздыхнуў:
— I такіх смерць не мінае!
— Не смерць, a ворагі нашы.
Каля парогa Гэля трымала на руках чарнавокага хлопчыка ў палатняным каптурыку. Па прыгожым твары маладзіцы цяклі слёзы. Параска загаласіла i выскачыла з воласці.
Над ганкам трапятаў трошкі палінялы за лета той самы чырвоны сцяг, які некалі Аляксандр прынёс у салдацкім мяшэчку.
Нізка над пыльным полем павісла барвовае сонца. Блішчалі барозны тлустай, перавернутай плугамі раллі. Не ведаючы, куды кінуцца, Параска вузкай мяжою пабегла за сяло. Цупкае сухое бадыллё хвастала ногі, слёзы i сонца сляпілі вочы.
Нa мяккай раллі роўным ланцугом ішло чалавек дваццаць сейбітаў, без шапак, у чыстых палатняных кашулях. Яны спорна махалі рукамі, i зярняты, нібы кроплі залатога даждліу, падалі на зямлю. Здавалася, сейбіты ідуць у зіхатлівым коле вялікага сонца. Следам у ружаватым пыле калываліся постаці баранавальшчыкаў. Параска падбегла да свайго Васілыса. Маленькі запылены мужычок у зрэбных штоніках ледзь паспяваў за канём. Параска хацела выцерці слёзы, але толькі размазала ix па шчоках.
— Ты чаго, мама?
— Прыбегла паглядзець, як ты тут упраўляешся.
— Не, плакала чаго?
— Ад радасці, сынок. Бач, зямлі цяпер колькі ў нас. Слабоду заваявалі, i ты ўжо работнікам стаў.
— А болей яе ніхто не адбярэ? — паганяючы каня, запытаў Васілёк.
— Хіба ж ты аддасі каму? — ідучы побач з сынам, запытала Параска. Васілёк памаўчаў.
— Хто гэта аддасць?
Параска ўсміхнулася, узяла з сынавых рук лейцы.
Калі зайшло сонца, камунары дасеялі жыта.
1966-1967 гг.
Сяргей Грахоўскі нарадзіўся 24 верасня 191З года ў в. Нобель былога Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Ровенская вобл., УССР).
У 1914 годзе разам з маці пераехаў у м. Глуск. Там скончыў сямігодку. У 1930-1931 гадах працаваў рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце.
Друкавацца пачаў у 1926 годзе ў дзіцячым часопісе «Беларускі піянер», а затым у бабруйскіх i рэспубліканскіх выданнях.
У 1935 годзе скончыў літаратурны факультэт Мінскага Вышэйшага пецінстытута імя Горкага. Працаваў на Беларускім радыё, настаўнічаў у школах на Случчыне i ў Новасібірскай вобласці.
С. Грахоўскі — аўтар зборнікаў верша ў «Дзень нараджэння» (1959 г.), «Чаканне» (1960), «Табе зайздросціць сонца» (1963), «Памяць» (1965), «Тры вымярэнні» (1967), «Зазімак» (1976), «Зачараванасць» (1978). С. Грахоўскаму належаць кнігі прозы: зборнік апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), аповесці «Рудабельская рэспубліка» (1968), «Гарачае лета» (1974), «Ранні снег» (1975), «Суровая дабрата» (1977). Многія кнігі паэзіі і прозы С. Грахоўскага выходзілі ў выдавецтвах Масквы i ў перакладзе на мовы братніх народаў. Некалькі кніг паэзіі i прозы адрасавана самым маленькім i юным чытачам.
Читать дальше