— У родным краю, Пятровіч, як у раю! — услых сказаў, усміхнуўся Гаптар.— Чым за морам віно піць, лепш з Нёмана вадзіцу...
Вось цяпер і Сцепановіч нібы ўсміхнуўся, нібы зларадна зірнуў на Самсонава.
— Чуеце? — яшчэ і з націскам у голасе перапытаў.— Я не казаў вам пра гэта? Ды вы зірніце на яго... Загадзя ўсё ведае... Чорцікі ў вачах скачуць...
— Здароваму ўсё здорава, Іванавіч,— адказаў Гаптар.— Хваробу не трэба клікаць, сама прыйдзе...
— Дык во пра здароўе і хваробу...— сур'ёзна, звёўшы на пераноссі бровы, прамовіў Самсонаў,— Добра, што аптыміст такі, збіраешся яшчэ доўга жыць. Але скажы ты мне, стары мудрэц, як ты думаеш жыць далей?
— Як? — усміхнуўся Гаптар.— Як жывецца!
— Я сур'ёзна,— сказаў Самсонаў, дастаў хустачку і выцер лысіну,— «Правда» пераслала нам копію вашага пісьма, просіць разабрацца і даць адказ...— Зірнуў. Доўга. Пільна.— Думаем пагаварыць пра гэта на бюро, дык вось я раз быў тут, то і заехаў да цябе...
— Лаяць мяне прыехалі? Бо няпраўду напісалі ці спачатку з вамі, з Іванавічам не пагаварылі?
— Чаму — лаяць? Гаварылі — давай і яшчэ пагаворым...
— Дык тады і пытайце так: не «як» думаеш жыць, а «дзе»? — сказаў Гаптар, гэтаксама пільна зірнуў,— Бо мы іменна пра гэта ў «Правду» пісалі. А пісалі, каб нам памаглі... У чым — самі ведаеце... «Правда» пісала пра такія вёсачкі, як наш Бабчын Скон, і па-разумнаму вучыла, як з імі паводзіцца...
— Вот, вот...— зноў з націскам у голасе прамовіў Сцепановіч.— Чуеце? Не разумее ж вялікай стратэгіі. Пазірае не ў вялікае люстэрка, а ў малое...
— А я вам ізноў скажу, Іванавіч: зашпаркі вы...— спакойна адказаў Гаптар.— Стратэгію разумееце, а тактыку не зусім... Так высока паднялі галаву, так далёка пазіраеце, што каля сябе мала бачыце...
— Не сварыцеся, хлопцы! — як папрасіў Самсонаў.— Давайце спакойна пагаворым. Як сталыя ўжо людзі. Без крыку, без папрокаў. Усе мы адно добра бачым: цяпер у эканамічнай палітыцы — надта ў вёсцы — заяўляецца новая вялікая лінія. Вёска павінна змяніцца, стаць іншаю, сучаснаю. І, можа, ужо не вёскаю... Гэта не нечы капрыз, а патрэба часу...
— А я думаю, Пятровіч,— улучыўшы хвіліну, калі Самсонаў замаўчаў, сказаў Сцепановіч,— што гадоў дваццаць таму, як сцягвалі маленькія хутаркі, дык трэба было заадно знесці і маленькія вёсачкі [ 4 4 Некалькі слоў пра характар беларускай вёскі: «...наша вёска з прычыны гістарычных умоў у большасці сваёй застаецца пакуль што дробнай. Цяпер 4,3 мільёна сельскіх жыхароў пражывае ў 26 тысячах населеных пунктаў. Пры гэтым у 17,6 працэнта вёсак ёсць усяго да 10 двароў, а ў 46,7 працэнта — ад 11 да 50. 70 працэнтаў усіх вёсак налічваюць не больш чым па 200 жыхароў. На адзін калгас, саўгас прыпадае ў сярэднім 8 вёсак, а ў асобных выпадках — у 3-4 разы больш...» (З газеты «Звязда», 18 лютага 1979 года).
]. Вось і яго Бабчын Скон. Каб у вёсцы было не меней ста двароў. А то каб было і па дзвесце — трыста.
— А ці маглі, Іванавіч? — уставіў сваё слова Гаптар,— Адразу, лічы, пасля вайны! Ды калі цаліну падымалі, спутнікі рабілі!
— Затое цяпер можам,— абарваў яго Сцепановіч.— І калі трэба змяніць вёску, дык трэба! Рашуча! Смела! — гаварыў страсна, як заўсёды.— Калі трэба з 26 тысяч вёсачак зрабіць 3 ці 4 тысячы вялікіх добраўпарадкаваных пасёлкаў, дык трэба! Будучыня апраўдае гэтую рашучасць... Як апраўдала і калектывізацыю...
— Гэта ўсё, можа, і не меншае за калектывізацыю...— задумліва прамовіў Самсонаў.— Ты вось сам падумай, ці ўяўляеш ты добра: як гэта можа вёска знікнуць як вёска, стаць горадам? Як мы зможам жыць без той вёскі, без тых завядзёнак, што ведалі вякамі? Ды яшчэ той, хто ўвесь свой век жыве ў гэтай старой вёсцы?
— А што ён у сваім Бабчыным Сконе, гэты вясковы чалавек, бачыць? За што ён чапляецца? — запытаў Сцепановіч.— Без святла! Без магазіна! Без клуба! Без школы! Ды... Але не перабіраецца ў Налібакі. І чаму? Бо ў яго такі характар, такая псіхалогія: мілы той куток, дзе рэзалі пупок! — аж усміхнуўся.— Прырос, як мох да таго каменя, і...
— А хіба, Іванавіч, не мілы свой куток? І хіба гэта так блага: любіць свой лес, сваю рэчку, сваё поле, свае завядзёнкі, гутарку?
— Не перабівай, я яшчэ не ўсё сказаў,— махнуў худою рукой Сцепановіч.— Я не ганю вашай вёскі, як і другой якой, але вёска век нейкая не перадавая, век з лішняю асцярогаю ідзе да новага, да горада, да незнаёмага і чужога. Вось, калі ласка, вашы, Гаптаровы і Блінавы, «мудросці»: «Нідзе не шукай лепшае спраткі ад свае хаткі», «Хоць еш крапіву ды салому, але пры дому». І яшчэ шмат такога ведаю. У крыві вашай усё гэта сядзіць...
Читать дальше