Панавала хвіліна цяжкага маўчання. На прыступках царквы Чарнецкі са Станкевічам гулялі ў шахматы. Пачуўся дыялог:
— От жа напалохаў, ух, я ж і баюсо! — кпіў з сябра Фэ-люсь.— А гэто што? — пахадзіў ён выразаным з дзерава канём.
— Гэ, важнасць мне вялікая!— у тон яму адказаў Бана-дык.— Усяго кавалачак палена! І хоць ты стораж царкоўны — шышка важная, а мы твайму коніку зробім сякір-башку, глядзі!..
Занятыя ўсяленскай праблемай багамолы дыялога на прыступках не чулі.
— Ілья, ты ж некалі ўратаваў нас ад Паўтарака,— раптам прыстала да прарока Хрысціна.— Прызнавайса, было гэто? Было!. Так і цяпер — ад светапрадстаўлення, ад жоўтай чумы ўратаваць можаш нас толькі ты! Пакажы нам знаменне!..
— Пара, айцец Ілья, паказаць табе яго! — падтрымаў Хрысціну бельчанін.— Во, і відзенне ўжэ меў!.. Думаеш, бог зра табе намякаў бы?
— Альяш, дальбо, настаў час, каб ты зноў праявіў сваю сілу і цудатворную моц! — ужо патрабавала Руселіха.— Пра цябе ж во нават Біблія пішацца і звязда на небе паказвала калісь у Петраградзе!.. Усе пакланяюццо табе, моляцца на твае іконы!.. Ну і што, калі не ідуць сюды?! Тваё імя так славяць па вёсках усюды!..
— I божае наіце, і сваю неразгаданую моц гасподзь толькі на цябе спускае!
— Даўно чакаем ад цябе святы знак! — ужо настойліва патрабаваў ад галавара сінедрыён. Праз нейкі час дзядзька цяжка ўздыхнуў:
— Сам чую гэто...
I Альяш загаварыў, як бы пад прымусам, як бы ад таго, што надта ж стаміўся народу супярэчыць і вымушаны ўрэшце падпарадкавацца.
— Намякало даўно... I не раз намякало ноччу... А цяпер, калі стало людзей тут мало бываць, пачало мне намякаць ужэ вельмі часто...
— То чаго чакаеш?! Покуль д'ябальская сіла пачне вамі правіць?! I не думай больш цягнуць! Толькі страшнае знаменне, Ілья, пакажы!..
2.
Вярнуўшыся дамоў, Альяш узяў пяро, абмакнуў у чарніліцу з дохлымі мухамі і старэчым, крывым почыркам пачаў выводзіць загагуліны. Прарок пісаў «зварот да народа», які потым выклікаў новыя страсці і столькі прынёс людзям бяды ды расчаравання:
Возвещаем Вам Народы
Второе пришествие Господа Нашего Иисуса Хрыста на Землю.
Объявляю я всему Миру Весть най дрожайшую то/сть Найдрошую Весть. Дрощай Вести за сию весть нет вовсем Мире.
I далей гэткімі ж перламі граматыкі і арфаграфіі ён апавясціў, што кончылася нарэшце боскае цярпенне. Пасля таго як на зямлю другі раз зайдзе сын божы, наступіць канец свету. Такога чысла, такога месяца затрасецца зямная цвярдыня, памеркне сонца, пасыплюцца, як гарох, спадуць звёзды, пахіснуцца небасхілы, само неба саўецца ў вялізны рулон, а ўсе гарады і вёскі, перапоўненыя гэтак грэшным народам, абрынуцца ў геену вогненную, а там растануць, як воск, і згараць.
Альяш яшчэ аб'явіў, што ва ўсім свеце застанецца толькі адзіная жывая мясціна — горад Вершалін, які бог яму даручае пабудаваць для сваіх аднадумцаў.
Пасля канца свету грыбоўшчынскаму Вершаліну богам назначана пераўтварыцца ў рай, дзе будуць жыць вечна тыя, хто прызнаў Альяша і яго «новае вучэнне».
«Благими намерениями вымощенная дорога в ад». Валасы дыбам становяцца на галаве, як падумаеш, да чаго прыводзіць цемрашальства, калі адно даць яму волю! Увайшоўшы ў сілу, яно адразу спрабуе ашчаслівіць чалавецтва. Звычайна за такую справу бярэцца той, хто ніколі не любіў ні аднаго бліжняга: абстрактная любоў да людзей — мацёры эгаізм і блеф.
Увесь свой аграмадны капітал, які Альяш паспеў накапіць к таму часу, прарок вырашыў пусціць на пабудаванне славутага Вершаліна, і за справу ўзяўся дзед з размахам.
У бліжэйшай вёсачцы, у Лешчыной, Альяш закупіў сорак гектараў зямлі.
На гэтым абшары дзядзька пачаў разбіваць садок. З Супрасльскай «школы ральнічай» ён стаў завозіць сотні сажанцаў, разбіваць загоны трускавак. Зараз такім абшарам садавіны ці агародніны не здзівіш ні адзін калгас, але ў тыя часы — саракагектарны садок мог сабе завесці не кожны і абшарнік, таму слава аб ім адразу ўскружыла галовы сялянам-багамолам.
Было куплена ім шэсцьсот кубаметраў лесу, дзвесце тысяч цаглін, жалеза і шкла.
Яшчэ Альяш загадаў запрудзіць крыніцы, выкапаць сажалкі.
Ветраку, які пачаў будаваць ля Грыбоўшчыны, адвёў месца за лагчынай на ўзгорку.
Затым у глухую вёсачку, якую цяпер знойдзеш хіба толькі на вайсковай карце-кіламетроўцы, сярод пясчаных і камяністых узгоркаў ды хмызнякоў, пацягнуліся сотні фурманак з лесам, цэглай, кафляй, валунамі, шклом ды вапнай.
Читать дальше