— Ты. глядзі! А я, дурань, столькі жыў побач, у войску чатыры гады праслужыў разам і ўсё лічыў, што Трафім памёр ад сухоты! — пакпіў з суседа бацька.
— Але! Толькі чаму яна да цябе не прывязаласа ці да мяне?! Е-е такая сіла на небе, якую не ашукаеш! Што ж, павінен там сядзець хтось галоўны ды кіраваць усім, камандаваць!.. Вядомо, аднаму не справіцца з клопатамі на зямле, то ён вымушаны заводзіць сабе памагатараў тут — архангелаў розных ці такіх, бы Альяш!.. Таму да яго і народ прэцца з усяго круга свету!.. Грэх яму не пакланіцца! З Альяшом мы некалі і лес пад Студзянкай спускалі, і сажні ставілі, пні карчавалі!.. З'езджу!.. Калісь тату на дарозе з'явіўсо сам Ісус Хрыстос, не ўгнявіць бы ненарокам і яго!..
Сумленны, працавіты і практычны дзядзька Сцяпан вынес такую ісціну з усяго нялёгкага жыцця, ёй даверыўся, праз яе — не да канца зразумелую, поўную містычных загадак — і нішто ўжо яго не магло пераканаць у іншым.
Малы Рыгарулька ўскінуў на руку хамут, пайшоў запрагаць каня з голай ружовай плямкай на храпе. Перад бацькам ён разважаў крыху іначай.
— Ты, Нічыпар, я ведаю, смяешса, што еду ў Грыбоўшчы-ну. Святы Альяш ці не — хто яго ведае. Калі і на самай справе недзе бог е, то што тады?.. Унь яўрэі ў Гарадку не тое што мы з табой, невукі,— усе школы паканчалі, а ў бога вераць, шчэ і як вераць! Заўсёды сінагогі ў іх поўныя — сам ведаеш!.. То вазьмі ты ў мяне Біблію, пачытай! Там напісано: перад канцом свету з'явіцца на землю прарок Ілья. Я табе нават пакажу старонку!.. Думаеш, зра паперу марнавалі б на няпраўду і зра час трацілі б на пісаніну? Біблію пісалі людзі ву-учаныя, будзь пэўны, яны ўсё ведалі напярод!
— Да ну-у?..
— Не нукай, не запрог! — разышоўся Рыгарулька.— Еслі людзі не лгуць ды Альяш — той самы прарок?.. Што ён — просты мужык? Так і святы Восіп быў звычайным столярам, а ў яго сам Хрыстос нарадзіўсо!.. А калі ўсё ашуканство — толькі і страты той, што праедусо ў Грыбоўшчыну, халера яго бяры, плаціць за гэто нікому не трэ!.. Ну яго!.. Шчэ выявіцца, што Альяш усё ж такі ад неба, то мне будзё лепш, як таму, хто туды не ездзіў ні разу!
— Тады мо і мяне возьмеш пад абарону, слаўцо якое перад госпадам закінеш? — ухмыльнуўся бацька.
Толькі цяпер сусед убачыў, што яго разыгрываюць, і ад абурэння аж пабялеў.
— Зноў з мяне смяешса?
Дзядзька перайшоў у наступленне:
— Ты нібы ўсё ве-едаеш, разу-умны такі надто, збытку-уеш з кожнаго, смяе-ешса!.. А от ты мне скажы — на чым Зямля павешана?
І Рыгарулька зірнуў на бацьку гэтак, нібы пайшоў з казырнога туза.
— Як гэто — павешана? — сумеўся бацька.
— А от — так! На чым вісіць яна на небе — на вяроўках ці пачэплена на які гак жалезны?.. Ну, кажы, кажы, хутчэй!..
Бацька ледзь стрымліваў сябе ад весялосці.
— Гавары!..
— Вяроўка гэтакі цяжар не вытрымае, Рыгор, нават — канапляная.
— Не вытрымае, прызнаеш сам? — Разляціцца ўшчэнт!
— Тады на чым жа?
— Дальбо, не ведаю.
— А хто яе павесіў?
Дзядзька пераможнымі вачыма абвёў хлопчыкаў, якія прыслухоўваліся к дыспуту на астранамічную тэму.
— Ага, маўчыш, бо не хочаш прызнацца, што і гэтаго не ведаеш, гонар цябе заядае, так?
— Ха-ха-ха-ха!.. — пакаціўся бацька ад смеху. Сур'ёзны Рыгарулька нават не азірнуўся. Ён упёрся каленам у канцы бярозавых дужак хамута, зацягнуў супонь і пачаў заматваць кончык.
Парэмскага Ёзіка, з якім Альяш некалі снопікам затыкаў удовам каміны, жонка датуль пілавала, покуль мужык не здаваўся. Кожную нядзелю пасля снядання дзядзька таксама здымаў з коліка ў сенцах збрую, браў абабітую бліскучымі бляшкамі дугу з кальцом для звончыка, крочыў на падворак рыхтаваць падводу ды кілзаў каня. Праз хвіліну ён садзіў сваю тоўстую Нінку ў палукашак, валок кошык з курамі ў падарунак Альяшу, і яго фурманка ўжо плялася разам з другімі да святога месца, хоць сам Парэмскі быў бязбожнікам і глядзеў на ўсё, бы на нейкі цырк.
Многа сталых людзей ехала туды толькі з-за таго, што не было куды падзецца. Газет на вёсках амаль не выпісвалі, радыёпрыёмнікі мелі толькі багачы, а прырода чалавека такая, што яго нястрымана цягне да цікавага.
Некаторыя разважалі так:
«Збажыну ўсю пасеяў, бульву пасадзіў і нават ужэ абсажкаваў. Да сенакосу яшчэ пару тыдняў, а што маю рабіць?.. У Журовіцах і Пачаеве — быў. У Звярках пад Заблудавам, адкуль той младзенец Гаўрыіл, быў таксамо. У Падворкі, дзе ікона абнавіласа, ездзіў. У сваім прыходзе — тыя самыя анекдоты пра ксяндза і бацюшку. Сходку паны, заразы, рабіць не дазваляюць. Народ усё прэцца ў якоясь Грыбаво,— ай, была не была, махну, дай, ліхо на яго, туды і я, пагляджу!..»
Читать дальше