— Бо заўсёды прадаюць там, дзе фэст! — адрэзала ёй нейкая бабка.
Толькі Жэнька прыдумала, што ёй адказаць, ды натоўп закатлаваў і раздаўся ў бакі. Да царквы крочыў сам Альяш. Бліжэйшыя бабкі ўжо хапалі за полы яго шэрага зіпуна, падалі на калені ды вішчалі, як вар'яткі.
Нахмураны стары з усяе сілы адбіваўся і шпарка сунуў у бок гаркавічанак.
Калі прарок падышоў бліжэй, Люба з жахам убачыла, што ў яго расхрыстана шырынка.
— Геня, Геня, унь, глядзі! — тузанула дзяўчына сястру за рукаў.
Убачыла непарадак ужо і Зінка.
— Ой, нават зрэбныя кальсоны відаць, хі-хі-хі-хі!..— пырснула і яна.
На дзяўчат варожа глянулі бабкі. Малодшых сясцёр, як на тое, агарнуў ужо такі прыступ весялосці, што яны мусілі выбірацца з натоўпу.
— Бабы: «Спасі нас, Альяшку, блаславі, грошы прымі ў мяне ў ахвяру, Ілья!..» — ікаючы, скрозь спазму, выдаўлівала з сябе ўжо Люба, павісшы на штыкеціне.
Зіна падтаквала:
— А ён: «Богаві маліса, а не мне!.. Кухана лепш дзецям купі ў Крынках за гэтыя грошы!..» — а ў самого... як у п'янаго чысто!.. Прарок, пхі-хі-хі-хі!
Толькі Жэня супакоіла сясцёр, толькі паралізаваная Цярэніха намерылася накрыць цвяцістай хусткай наступную кліентку, як нечакана джыганула, асляпіла ўсіх белая пры дзённым святле маланка ды серабрыстай заблытанай зігзагай асвятліла набрынялы вадой фіялетавы абвал хмары і касую сцяну шкляных нітак дажджу.
— А-ей, змокнем!..
Не паспелі адзвінець яшчэ ўстрывожаныя жаночыя галасы, а на зямлю ўжо, як выбух, пругка сыпанулі буйныя ды іскрыстыя на сонцы кроплі.
Чарга да знахаркі ўмэнт разляцелася. Дзяўчаты з перабольшанай панікай кінуліся хлопцам пад пінжакі.
Не саромеючыся цяпер людзей, хлопцы ціскалі дзевак і ў абдымку з імі бытта беглі хавацца ад цёплага, як чай, і шчодрага дажджу. Дзяўчаты прыпаднімалі падолы, бліскалі мокрымі каленямі, а іхнія звонкія галасы вёску напоўнілі віскам, дзікай маладой радасцю і захапленнем. Над усім гэтым кірмашом зіхацелі на ўсё неба падвойныя дугі вясёлак.
— Мам, мам, глянь туды, залатыя стужкі выпалі з неба! — казаў пад ліпай нейкі малы, дзе прымасціліся сёстры Несцяровіч.
У той дзень з моладзі Альяша і бачылі толькі мо гаркавічскія дзяўчаты, але сваім паходам былі задаволены ўсе. Адных прымавак і смешных гісторый маладыя мелі цяпер на ўсё жыццё.
...Калі падсумаваць, то выходзіць — і старыя і маладыя трапілі ў арбіту вялізнай легенды і не маглі супрацівіцца магутнай сіле, што цягнула іх да Грыбоўшчыны.
Выклікаў гэты вялізны рэфлекс, запусціў у рух, прымусіў цёмную масу дзейнічаць ураз заданым кірунку, адпаведна яе інтэлектуальнаму ўзроўню — дзядзька Альяш. Хацеў ён ці не, а ўжо стварыў цэлую сістэму, самастойную веру са сваім механізмам уздзеяння на людскія душы.
2.
З-за Грыбоўшчыны, у нерабочы дзень — на Ілью, у нашу хату сабраліся мужчыны.
На з'езд ТБШ збіралі дэлегацыю. У сувязі з гэтым у Грыбава паслалі на разведку мамінага брата — Мікалая Кахановіча. Чакаючы яго, мужчыны доўга гутарылі і накурылі нам поўную хату.
Нарэшце прыкаціў на ровары пасланец і яшчэ спатнелы пачаў дакладваць:
— Усё гэтаксамо!.. Наз'ягджаласо люду, што ў гры-боўшчынскіх калодзежах не стало нават вады! Вакол святого ўзгорка — непраходны абоз! Толькі ўздыбленыя ў неба аглоблі тырчаць, бы гарматы, выстаўленыя на нямецкія цыпіліны!.. Равераў, людзей — што тых мурашак! Вішчаць, грызуцца коні, а рух, гармідар, мітусня — бы ў пятнаццатым, калі выягджалі ўсе ў бежанство!..
Я ў гэты час прытаіўся ля парога ды стараўся ўсё запомніць. Менавіта ў дзяцінстве запамінаеш нават тое, чаго і не разумееш. Як ні парадаксальна, але незразумелае ўразаецца тады ў тваю псіхіку нават лепш.
— Бачыўсо са сваімі хлопцамі. З плянтаўскімі Пракопчыкамі, Яўгенам Курзай з Новаго Вострава... Перад пагалоўным вар'яцтвам і яны толькі моўчкі паціскаюць плячыма! Калі і закажам у цэнтры афішкі, ніхто не стане іх чытаць, адно ў турму сябе паддамо!.. От каб палкі войска кінуць супроць іх, тады і затрымаў бы мо гэтае шэсце!
Покуль пасланец прагна піў ваду, бацька заўважыў:
— Дзіво што наз'ягджаласо. З аднаго Страшава паехало фурманак колькі, а палічы ўсе вёскі!.. Знайшоўсо адзін абармот і водзіць усіх нас за нос, халера!— аж скрыгітнуў ён ад злосці зубамі.— Пабраць бы добрыя бізуны ды пачаць свянціць па парадку — дурнота з іх умэнт вылецела б!
— Не дапаможа, Нічыпар! — запярэчыў яму Сахарышын сын, Ёзік.— Наадварот. Тады шчэ больш будуць ехаць — ужэ як да святого велікамучаніка! Разумнікі знайшліса ў Канюках. Багамолаў білі. У пляных ямах мачылі. Калючыя драты папярок дарогі працягвалі... Бачаць — нічога. Калі багамолы сабраліса на маленне ў «каўчэг» перад партрэтам Альяша, хлопцы падпалілі будынак. Што ты думаеш? Не ўцякалі з агню нават — палічылі, што гэта воля боская. Хлопцы потым сілай іх вывалакалі! А чаго дабіліса? Пагарэлі каровы, свінні, а багамолы пасталі яшчэ больш заядлыя.
Читать дальше