— А ты сам хоць адзін дзень парабіў у калгасе? Ты ведаеш, што гэта такое? Летась цэлае лета жала са сваёй сям'ёй, а брыгадзір мне і грама не выдаў! Каб з яго, п'яніцы, на тым свеце ў пекле гэтак збыткавалі, як ён з маіх дзяцей назбыткаваў!
— Іхні калгас амаль нічога не выдае на працадні! — асцярожна ўставіў маёр.
— Даведку дачцэ вырабіць для бальніцы — нясі сакратару сельсавета літар! Завезці да доктара дзіця — каня не дадуць без літра! Купіць што дзецям на ногі трэба, а ўзяць грошай адкуль? Хто мне іх заробіць, хто дасць, як не за паўлітра? Хату трэ паставіць, лесу дамовілася купіць, адкуль мне ўзяць на той лес тысячы? За гарэлку — калі ласка!..
— Ну, перабольшваеш, не зусім так! — абарваў яе маёр.— Сонька, ты добра ведаеш, што самагонку гнаць забаронена. Дзе твой апарат?
Жанчына апусцілася на лаву, паклала на калені рукі. Жылы на іх набухлі. Сонька паплявала на іх ды пачала пальцамі расціраць.
— У хляве, бярыце! — кінула яна, стомленая, пасля доўгай паўзы. Потым цяжка ўздыхнула ды загаварыла спакайней: — Не забірайце яго, таварыш маёр! Ён не мо-ой, мне добрыя лю-удзі пазычылі...
— Нічога, нічога, скажаш ім, няхай дзякуюць, што шчэ танна абышлося і так.
Выйшлі мы на двор. За хатай быў хлеўчык. У агародзе па калені ў гнаі стаяла карова. Побач — змайстраваная печ з сістэмай жалезных бочак, катлоў і медных трубачак. Самагонны апарат я бачыў упершыню. Даволі прымітыўная канструкцыя. Дзве ржавыя бочкі з адціснутым нямецкім словам «petroleum». Счарнелая медзь трубачак. Нядбайна склееныя глінай цагліны. Вышчарблены і брудны гаршчок, куды сцякала разагрэтая вадкасць. У печы спакойна сабе гарэлі трэсачкі...
Маёр перакуліў нагой гаршчок, разбурыў печ, затаптаў агонь. Выкаціў бочкі на двор, папрабіваў сякерай. Рабіў усё гэта ён не спяшаючыся, з веданнем справы.
6.
Вярнуліся мы ў хату. Начальнік міліцыі паклаў на лаву медныя спіралі, палез у планшэт за блакнотам.
— Дзядзя-а, не забірайце мамку-у! — абкружылі яго дзеці.
— Не садзіце ў турму-у!
— Нічога, дзеткі. Забяруць мяне, забяруць і вас, вам будзе не горай!
— Ма-ам, мы не хо-очам нікуды, не хадзі-і!
— Не дава-айся!
— Дзядзя-а, не бяры-ыце яе! Малыя павіслі ў маёра на кіцелі.
— Ладна, дзеці, мы яе не возьмем,— запэўніў ён.— Толькі марш адгэтуль на двор! Марш, марш, марш! — начальнік павыпіхваў усіх у сені, зачыніў дзверы.— Сонька, падыдзі бліжэй, пратакол будзем пісаць.
Жанчына не кранулася з месца. Рушыўся парадак яе жыцця, і перад сабой цяпер яна не бачыла выйсця.
— Пішыце, што сабе хочаце! — заявіла яна апатычна.— Пішыце і мяне забірайце. Заадно бярыце і малых, горай нам не будзем там, абы былі разам!
Пратакол — гэта суд. Трэба быць апошнім шэльмай, каб садзіць кабеціну ў турму. Маёр з пытаннем глянуў на мяне — ці не стану потым скардзіцца, што ён парушыў закон?
— Ты, кажуць, у партызанах была? — спытаўся ён так, нібы мне аб'яўляў.
— Бытта не ведаеце! — падхапіла яна намёк.— Дзіця грудное мела, таму ў лес не бралі. З мужыком былі ўсяго толькі сувязныя. З Беластока, а нават з самой Варшавы ці з Мінска ўвесь час да нас прывозілі пасылкі. Тады брала малую — тую, што туберкулёзам цяпер хварэе — на рукі, пакет загарну ў пялюшкі і сцежачкамі ля гарнізона — у лес, а там мяне ўжо чакаюць.— У жанчыны вочы бліснулі гневам: — За гэта потым усе яны сабе паатрымлівалі чыны, ордэны, а нам з мужам выдалі — фігу!
Маёр пабачыў, якое ўражанне на мяне зрабілі яе словы, і ўжо ўпэўнена аб'явіў:
— Ладна, пісаць нічога не будзем. Толькі больш не гані гэтай дрэні, не ганьбі сябе! — ён схаваў блакнот і накіраваўся да пліты.— А брагу, Сонька, пасалю. Дзе ў цябе соль?
— Пакі-іньце, таварыш начальнік! Апошні раз выганю! Столькі мукі, столькі дражджэй змарнавала!.. Дзецям што-небудзь прыкуплю, ім жа ў школу хутка, не псуйце дабро-о!..
— Сама ведаеш, што не магу так пакінуць — закон.
— Вы ўсё мо-ожаце!..
— Нічога — карове яе аддасі.
Сонька напружана сачыла за яго рукамі. Маёр з вышчарбленай глінянай міскі зачарпнуў жменю солі, кінуў яе ў бардовае месіва. Брага ціха сыкнула — нібы надзьмутая камера спусціла дух. Удава адразу асунулася — бытта ў яе на вачах толькі што памёр родны чалавек.
— Трубкі пакіньце,— папрасіла глухім голасам.— Добрыя людзі пазычылі мне...
— I іх забяру, нават не прасі. Гэй, матрос! — стукнуў ён у шыбу.— Ану, занясі мне змеявік у машыну — у канцы вёскі яна!
— Слухаю, таварыш маёр! — даляцела з двара. Салдат ляніва ўвайшоў у хату, узяў трубкі ды паплёўся.
Читать дальше