Ахайная зялёная куртка з замком! А галава! Звычайна лысіны бываюць у людзей поўных і дадаюць ім саліднасці. Гаспадар жа меў худзенькі тварык, сам быў шчуплы, таму чэрап яго разіў галізной — чалавек выглядаў на коміка.
Мужчына ўсё быў насцярожаны, і я адвёў вочы. Яшчэ раз палюбаваўся чысцінёй і парадкам у памяшканні, шустрымі, коратка стрыжанымі лобікамі малых.
Пра што гаварыць?
— У мяне да вас справа,— пачаў я няўпэўнена.— Але няхай мо спачатку дзеці пад'ядуць, каб без іх...
Маці так і не садзілася болей, яна падхапіла:
— Паелі ўжо!
— Ай, ма-ам, шчэ не-е! — занылі хлопчыкі — ім яўна захацелася паслухаць дарослых.
— Хлопцы, а ну, марш на двор! — крыкнула маці.
Дружна загрукаталі табурэткі. Стукнулі дзверы. Мы засталіся ўтраіх.
Муж усё гэтаксама спадылба насцярожана глядзеў. Яму было каля трыццаці пяці. Зялёная спартыўная куртка на замку рабіла чалавека спрытным і маладжавым.
Што ты за фрукт і чаго мяне гэтак баішся?
— Скардзяцца на вас, што людзям жыць перашкаджаеце.
— Хто? — са шчырым здзіўленнем узняла цёмныя бровы маладзіца, а муж трывожна заёрзаў на табурэтцы.
— Софія Хіцук.
— Хіцу-ук? — як артыстка разыграла кабета.
— А хто вы такі? — непрыязна буркнуў муж.
— З рэдакцыі. Правяраю факты для фельетона.
— Я ў Соньчын бок нават не гляджу! — лёгка падхапіла маю выдумку маладзіца ды з імпэтам напала на мужа: — Гэта ты ад яе не вылазіш! Столькі грошай распутніцы перанасіў, а яна, бачыш, шчэ брэша на цябе! Во, так табе, яловаму дурню, і трэба! Толькі як ты глянеш у вочы дзецям, калі кожны малы стане тыкаць ім шчэ і газетай?!
— Змоўкні! — не надта ўпэўнена буркнуў ён ды бліснуў на мяне вачыма, поўнымі затоенай злосці.
— А оты не буду маўчаць! Не буду! Намаўчалася, досыць! — яна адвярнулася да печы ды с сілай бразнула бляшанай міскай па пліце. Але і гэтага здалося ёй мала: — Што, думаеш, на цябе і ўправы няма? Як ты дужы, то табе ўсё дазволена?
— Мне сказалі на вёсцы, што ён б'е вас, гэта — праўда?
— Хай вам сам пра гэта раскажа! I пра ўчарашняе! Чаго вады ў рот набраў?
Я сабе тут пагавару ды пайду, а ім трэба жыць разам, дзяцей гадаваць. Ліха на яго, складаная сітуацыя, не азлобіць бы адно на другое. Угаворваць? Звычайна мы слухаем парады старэйшых, а я ім — амаль равеснік. Дзе ў яго слабінка, каб зачапіцца? Лысы баязлівец, а з такім можна і не цырымоніцца.
— Дак вы, значыць, учора нічога другога не прыдумалі, як пабіць жонку? — схітраваў я зноў.
— А чаго яна есці не наварыла? Я гэтым займацца буду?! — падскочыў муж на табурэтцы.
Нездарма з-за такога загінула Палагея. Дзе былі вочы ў таго Лукашыка, каб такому даручаць сур'ёзную справу? I ездзіў па свеце, а толку — ніякага. Яшчэ і францужанка ласілася на такога...
Маладзічка расплакалася:
— Бо толькі ўбачыла, што зноў... У мяне ўжо е тры хлопцы! I так расстроілася, што злягла-а-а... А табе адразу біцца? У хаце не было чаго есці і ты з голаду ўмёр бы? Сына прымусіў назносіць каменняў і давай пуляць у дзверы!..
— Мы прыйшлі з агарода, а вячэры — няма! — усміхнуўся ён дурнавата.
Жыццё гэтай прыгажуні працякае таксама не ў ружах. Аднак энергічная, ахайная і поўная здароўя маладзічка зможа і без мяне надзець вуздэчку на свайго мужанька.
Я не даў ім больш сварыцца, паспрабаваў як мог памі-рыць. Пакінуў на стале рэдакцыйны бланк са сваім адрасам ды накіраваўся да дзвярэй. Гаспадыня праводзіла.
— Не лёгка вам, спачуваю! — шапнуў ёй у сенях.— Але паправіць усё можаце толькі вы. Знайдзіце сілы.
— Сама ведаю! — уздыхнула.
Выйшлі мы на падворак, і я расказаў пра тое, што даведаўся ў Крыніцах:
— Валяйце проста ў бальніцу, і праз тры дні вас выпусцяць. Даведак ніякіх не трэба.
Жанчына ўдзячна кіўнула.
— I не прыставайце да той гаротніцы, да Сонькі!
— Не буду,— з хітрай какетлівасцю бліснула яна цёмнымі вачыма.
— Ёй яшчэ цяжэй. Яна і партызанам здорава дапамагала, і муж ад ран памёр...
— Што праўда, то праўда. А праз майго і Сібірака злавілі і Палагею забралі... Вырастуць сыны, стануць пытацца, што ім бацька скажа — не ведаю. Трэба нам покуль што хоць у Падароск пераехаць,— шчэ малыя, нічога не разумеюць цяпер...
Вядома, сказанае ёю пра Сібірака тады прайшло міма маіх вушэй.
8.
З дзедавай хаты ўбачыў мяне маёр, высунуў праз акно галаву:
— Ля Сонькі недзе салдат, калі ласка, паклічце! Павярнуў я назад.
Перад хацінай удавы — ні душы. Я накіраваўся падворкам у памяшканне.
За сталом рассядала ўся сям'я і з ажыўленым вяселлем распівала бутэльку самагонкі. Задам да мяне тырчэў мужчына ў сіняй фуфайцы ды гумовых ботах, а побач — салдат. Дзеці мяне заўважылі першыя, паказалі маці.
Читать дальше