У іншай хаце я амаль закахаўся. У баптыстку.
Адчыніў дзверы на кухню — чысціня, цяплынь, парадак, а на сценах ільняныя палотнішчы з вышытымі фразамі. Што гэта баптысцкія лозунгі, я здагадаўся потым. Покуль што маёй увагай авалодала дзяўчына ля печы. Яна была далёка не прыгажуня. Таўставатая. Залішне скуластая. Але зусім не такая, з якімі я кожны дзень сустракаўся. Надта хатняя. З разапрэлым тварам. У свежым зялёным світэры і новай сукенцы. З цёмнымі ад вады, мокрымі, толькі што ўкладзенымі ў моцны вузел косамі...
«Яна!» — як бы хтосьці крыкнуў мне на вуха, бытта ўразіла токам.
Хлопцы перабольшана жартавалі з яе бацькам, тактоўна абмінаючы веру гаспадароў, не заўважаючы лозунгаў, без прычыны спрачаючыся, а я сачыў. Дзяўчына трымалася асобна і нібы казала — на, глядзі, узірайся сабе на мяне, калі так хочаш!..
Я тады нават не пачуў яе голасу, а пасля цэлымі тыднямі, месяцамі марыў, каб мяне паслалі на заданне зноў праз гэтую вёску. Дом яе стаяў уздоўж вуліцы, памятаю добра. Цяпер чамусьці ўсе дамы стаяць шчытамі да яе...
А мо мне толькі так здаецца, і мы былі ў іншай тады вёсцы — усе яны так падобны адна на адну!
Гм, дзесьці менавіта тут знаходзіцца і той млын, каля якога я бачыў Вальку Кананчучку з прорвай гусей ды мурзатых дзяцей. Мо дзядзька ўкраў муку якраз у яе мужыка? I не зойдзеш у госці, бо толькі перапалохаеш Вальку...
— Прыйшлі, відаць! — абудзіў мяне з думак маёр.
Былі мы ўжо за вёскай.
Дарога ішла праз касагор. З левага, сонечнага, боку касагор спадаў лагодна ў рэчачку, а да яго правага боку прыляпілася хаціна з маленькімі шыбкамі, са счарнелай страхой ды крывым комінам з чатырох абсмоленых дошчачак. Адзін канец хаціны, напаўразбураны, наскрозь свяціўся.
Паміж дарогай і хаткай — лужа з астаткамі мыльнай пены і памыяў. На гэткім падворку, залітым сонцам, пад дзічкай ста-яла нізкарослая маладзіца ў паркалёвай сукенцы, прышчастая дзеўка з грудным дзіцем ды кешкалася з паўтузіна абарванцаў. Пад кустом валяўся мардаты салдат і касіў вочы на голыя ногі дзеўкі.
— Добры дзень, Сонька! — павітаўся маёр. Маладзіца насцярожана адказала.
— Госці ў цябе? — маёр кіўнуў на вайсковага. Салдат ужо прыкінуўся, што дрэмле. Адно цяпер я ўбачыў яго чорныя пагоны з дзвюма жоўтымі літарамі, якія паказвалі, што хлапец з вайсковага марфлоту. Няйначай — з берагавой абароны, але на вёсцы, вядома, лічыцца мараком.
Ага, мабыць, старыя Казлоўскія менавіта на яго скардзіліся.
— Змарыўся хлапец, таварыш начальнік, няхай адпачне сабе, хіба падворка шкада? — гулліва, зычна і маладжава, нават бы з какецтвам выпаліла кабеціна. У яе былі моцныя і ладныя зубы, скуласты твар, кірпаты нос ды кароткія выга-ралыя валасы. Паркалёвую сукенку адтапырвалі малыя грудзі.
— Чаму ж ты нас у госці не запрашаеш?
Па шэрых вачах кабеты і па яе твары прабег цень неспакою ды трывогі. Секунду яна вырашала — што ўсё гэта мае значыць.
— То заходзьце, калі не ганьбуеце маім палацам, прашу! — прамовіла яна ўжо няўпэўнена.
— Вядзі! — маёр накіраваўся да парога.
— Толькі галаву не пабіце, асцярожна! Увайшлі мы ў сені. Гэта была нежылая палова хаты. Яе, відаць, паступова разбіралі на дровы. Маёр адчыніў дзверы направа, і мы апынуліся ў памяшканні.
Я ўпёрся галавой ў засмоленую столь. Злева — печ. За ёю, уздоўж сцяны — прыкрытыя трантамі нары. Анучы на нарах — перамяшаныя з пацёртай саломай. Уздоўж другой сцяны перад намі — лава, стол. Каля правай сценкі — пуста. Ззаду нас — вядро і некалькі саганоў. Падлога гліняная, непадмеценая. Сцены абдзёртыя.
Такую беднасць я бачыў толькі ў вайну. Страшна падумаць, што тут жывуць людзі.
— Колькі вас тут памяшчаецца? — здзівіўся маёр.
— Многа, таварыш начальнік! — Сонька кінулася выціраць нам счарнелую лаву са шрамамі парэзаў.— Сюды во сядайце, калі не паганьбуеце!
— Як жа вы на гэты ложак улазіце?
— Папярок кладземся!
Толькі цяпер я заўважыў адзіную прызваітую рэч у хаціне. Ля печы стаяла новая дзяжа. У ёй, відаць, было рашчыненае цеста, бо дзяжу гаспадыня накрыла цёплай хусткай.
— Сядайце, таварышы начальнікі, на лаву, сядайце! — кабета адчула спачуванне і адразу аджыла: голас яе стаў гасцінны, шчыры, ажыўлены.
Мы селі. На вёсках дзяжа лічыцца свяшчэннай. На маё здзіўленне Сонька апусцілася менавіта на яе, павярнула да нас твар.
— Ну, як жывеш? — пацікавіўся маёр.
— Самі бачыце — так і жыву! — ахвотна загава-рыла жанчына.
— А дзе ж твой муж?
— Пахавала шчэ ў мінулым годзе!
Читать дальше