Што за ліха, тут усё стварала ўражанне, бытта ў доме жыла і харчавалася немалая сям'я. Я ж ведаў, што яе адзіная дачка, Маня, пасля вайны скончыла педінстытут і працавала зараз недзе далёка настаўніцай.
— А, Люба! — даволі спакойна кінула ад кафельнай пліты незнаёмая жанчына, нібы сяброўку бачыла яшчэ сёння раніцой.
Гэта была не зламаная жыццём старая, а — надзіва моцная і рухавая кабета.
— Дзень добры, Марыся! — не пакрыўдзілася Люба на халодным прыём.— А мы з таварышам вырашылі наведаць цябе!
— То сядайце вунь на лаве. Кабета на мяне нават не глянула.
Што ж, яе сыны — прыкладна майго ўзросту. Глядзець жанчыне на мяне — што вярэдзіць аголеную рану. Я не мог адвесці ад яе вінаватых вачэй.
У Барэйкаў мы засталіся на ноч. Жанчыны ляглі ў бакоўцы, а мне паслалі каля сябе, на лаве, хоць побач было пустое памяшканне. Сяброўкі доўга ўглядаліся праз адчыненыя дзверы ў вялікую хату, маўчалі.
— Лес перастаў гаманіць,— першай азвалася Барэйчы-ха.— Мо мая Марынка з'явіцца, калі надвор'е палепшае?!
— Павінна ўстанавіцца! — падхапіла Люба, узрадаваная, што знайшлася тэма, каб адцягнуць увагу сяброўкі. Пастаралася не выпускаць ініцыятывы з рук: — А той хлопец, пра якога мне казалі ў Крыніцах, ездзіць яшчэ да яе?
Маці прамовіла пасля паўзы:
— Раз ці два прыязджаў на ровары...
— Ой, будзе так перабіраць, то дзеўкай застанецца!...
— Дык ён якісьці хвалько і надта пагана гаворыць.— Хвіліну памаўчала і скончыла: — Нічога, знойдзе свайго чалавека, калі перацярпела столькі ды выжыла!..
Не адрываючы вачэй ад вялікага пакоя, маці цяжка ўздыхнула. Туды не пераставала глядзець і Люба. Паступова, як магнітам, суседняе памяшканне прыкавала і маю ўвагу. Я нават прыўзняўся ды паглядзеў.
Вялікі пакой праз вокны з чыстымі шыбамі залівала святло месяца. У пакоі было відна. На сцяне сярод партрэтаў вісела рамка з фатаграфіяй, да якой прыглядзеўся я яшчэ днём. Барэйкавы хлопцы да вайны вучыліся ў Гродзенскім настаўніцкім інстытуце і былі знятыя з цэлым курсам. Сярод студэнтаў я пазнаў і Мікалая Будніка, але, дурань, не прыдаў гэтаму значэння, бо справу яго лічыў раз і назаўсёды высветленай — здрайца ён і паслугач фашыстаў... Маю ўвагу цяпер прыцягвала што іншае.
Ля кафельнай грубкі стаялі тры жалезныя ложкі, а над кожным вісела мужчынская вопратка. Здавалася, мужчыны толькі што распрануліся, пайшлі да рэчкі памыцца і зараз уваляцца сюды — дужыя, рухавыя, каб пакласціся спаць. Стала не па сабе: «Ці не наслядзіў я там, разглядваючы фота?»
— I там кафельную печ топіш, Марыя? — пачуўся голас Любы.
— Толькі зімой.
— А падлога як чыста вымыта...
— Кожны дзень праціраю...
—?!.
— I кожны дзень ложкі перасцілаю, вопратку чышчу, абутак...
— I так трынаццаць гадоў?!
— А я іх, мілая, не лічу! — пакрыўдзілася Барэйчыха.
4.
Адным словам, быў я поўны рвення дапасці да Вількаў-шчыны і вызваліць людзей ад агіднага павука, які пасля немаведама якіх цярпенняў, гора ды крыві зараз спрабуе аблытаць сялян сваім павуціннем.
Сустрэлі мы ўчастковага. Машына спынілася.
— Сяржант, вы ведаеце, дзе жыве Хіцук Сонька? — спытаўся ў яго маёр.
— Ведаю.
— Кажуць, яна жане самагонку?
Малады міліцыянер здзіўлена паціснуў плячыма:
— А хто яе цяпер не жане, таварыш маёр?
—?!.
— Чаму да Сонькі, таварыш маёр? Можам заехаць і да каго іншага, бо там у яе хаце — не ўвайсці!
Відаць, маёр хлапцу міргнуў, бо сяржант раптам прыкусіў язык.
— Падавайце сюды свой самакат, паедзем забіраць апарат! — маёр пацягнуўся па сяржантаў веласіпед.— Самі ў кабіну сядайце!
— У кабі-іну? — хлапец замяўся на секунду, вырашыў загадку, чаму там пуставала месца.
— Залазь, залазь туды! — выйшаў з цярпення начальнік.— Пакажаш, дзе жыве, бо я даўно ў яе быў!
Нарэшце сяржант убачыў мяне і зрабіўся сур'ёзны. Хвіліну ён ламаў галаву, як быць.
— Я і адгэтуль шафёру пакажу! — участковы са сваім двухкалёсным транспартам ураз апынуўся наверсе.— I веласіпед буду трымаць!
— Паехалі! — не стаў больш спрачацца маёр.
Машына зноў узняла за сабой воблака пылу.
Я глядзеў па ходу трохтонкі. З левага боку ў зялёнай даліне віднелася Зяльвянка. Перада мной — выбоістая шаша. Ці хоць паспела зайсці маладзіца? Кіламетраў за тры на дарозе не было ні душы. З правага боку — узгорак з камяністым полем. На палетках ледзьве можна было разабраць замораныя кусцікі бульбы. Маёр паважна і салідна маўчаў, затое яго сяржанта аж разрывала — так хацелася пагаварыць, беднаму.
Читать дальше