— Уладзімір Міхайлавіч, даражэнькі, не мучце мяне, не цягніце, дайце адрас!
I рэжысёр назваў вядомы на ўвесь Саюз тэатр у горадзе над Волгай, дзе цяпер працуе мая даўняя знаёмая.
Вярнуўшыся дамоў, я адразу адправіў па новым адрасе пісьмо.
2.
Неўзабаве мяне чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. I прыйшоў ён не ад Белай. Артыстка чамусьці ўпарта маўчала.
Аднойчы вечарам да мяне заглянуў швагер і паміж іншым кінуў:
— Слухай, у вайну ты быў у Гута-Міхаліне, так? Прачытаў якраз я кніжку пра разведчыкаў, якія там базіраваліся. Здорава, бадзягі, дзейнічалі!.. Ага, у ёй апісаны і нейкі Буднік з нашых краёў, меў падпольную клічку «Зубёр». Ведаў такога?
—- ?!
— Кніжку праглынуў за адзін вечар — можаш яе ўзяць.
Праз паўгадзіны я ўжо з хваляваннем трымаў у руках невялічкую кніжачку ў бардовай вокладцы. «Радзіруе «Зубёр» — стаяў на ёй надпіс. Напісаў яе перад самай смерцю былы камандзір дэсантнай групы чэкістаў-разведчыкаў, палкоўнік Леанід Іванавіч Ліхайван. Той самы, пра якога гаварыў Косця ў час узнагароды ветэранаў польскімі ордэнамі. Толькі Косця называў сапраўднае прозвішча чэкіста, і я яму не прыдаў значэння. У кніжцы ж — над загалоўкам тытульнага ліста стая-ла і яго падпольная клічка, якую, выяўляецца, я добра ведаў.
Для нас, партызан, палкоўнік у Гута-Міхалінскім лесе называўся Марцірасянам. Менавіта ён камандаваў той групай дэсантнікаў, дзе частавалі мяне смачным абедам, калі я хадзіў па сядло польскага ўлана для Громава.
I Буднік там бываў? Мажліва, ён якраз, пераапрануты ў вайсковае, і сядзеў тады сярод тых хлопцаў за сталом?
Не, я б яго пазнаў адразу па росце. Затое нашыя шляхі на сцежках Гута-Міхалінскай пушчы абавязкова зыходзіліся ды перасякаліся, напэўна, напэўна, не адзін раз. I даведваюся пра гэта аж так позна!
Як пераблытана жыццё!
У кніжцы пералічваліся ўсе васемнаццаць разведчыкаў-чэкістаў групы Ліхайвана. Яшчэ там гаварылася, што, за выключэннем камандзіра, астатнія і цяпер жывы-здаровы. Нават месца працы іх значылася па гарадах Саюза — ад Таліна да Уладзівастока.
I тут я адчуў, што мне суджана распытаць усіх хлопцаў Ліхайвана аб Мікалаі. Я перапісаў адрасы сабе ў блакнот — перапісваў дакладна, з прагнасцю, адчуваючы ўздым.
На жаль, з запісанымі прозвішчамі ў кішэні я прахадзіў яшчэ цэлы год, покуль не падвярнулася магчымасць адправіцца ў дарогу па матэрыял.
3.
I вось я ў маскоўскім аэрапорце. Сяджу ў кабінеце начальніка аддзела перавозак аэрапорта Быкава — у Антона Васільевіча Агурцова. Дзесьці побач васьмімільённы горад з тэатрамі, метро, помнікамі ды святымі для кожнага з нас мясцінамі, а за акном равуць стрэлавідныя сігары лайнераў, бурляць патокі пасажыраў, але мне не да іх.
Перада мной — сам гаспадар кабінета. Хутчэй за ўсё менавіта яго я бачыў чвэрць стагоддзя таму, калі Агурцоў у той дзень не стаяў на варце ці не быў на заданні, напрыклад,— каля Гарадка. Толькі як я ні прыглядваўся, як ні напружваў памяць і фантазію, Агурцоў мне не напамінаў ні аднаго з тых жывых, белазубых і цікаўных хлапцоў, якія тады з апетытам апляталі партызанскія катлеты, ладавалі зброю ды з няўтоенай перавагай пазіралі на пасланца Громава — збедненага, у аблезлым кажусе не са свайго пляча, у дзедаўскай капузе з бандыцкім абрэзам на вяровачцы цераз плячо.
Супроць мяне сядзеў зараз мажны, сіваваты, інтэлігентны мужчына, якому так і хацелася параіць, каб ён выязджаў на лыжах часцей за горад зімой, а летам не разлучаўся з веласіпедам, а галоўнае — менш еў.
Мужчына мяне ўважліва выслухаў.
— Ці ведаю я Будніка з Зеляневіч?! Яшчэ як! — адразу забыўшыся аб сваёй самавітасці, чалавек маладжава ўскочыў з крэсла.— Паміж членамі нашай групы абавязкі былі падзелены. З Зубром працаваў наш Лукашык Віктар Міхайлавіч, а я трымаў сувязь з віцэ-прэзідэнтам горада Варшавы. Але не адзін раз давялося і мне сустракацца з зеляневіцкімі братамі. У кніжцы «Радзіруе «Зубёр» гаворыцца пра Буднікаў мала — кніжка рыхтавалася да друку яшчэ тады, калі гэтая тэма лічылася надта далікатнай. Час памяняўся. Пра Буднікаў, асабліва пра Мікалая, было б варта цэлы раман напісаць.
— Хачу ўзяцца...
Слова за слова, і Агурцоў расказаў аб сустрэчы, якая яму добра запомнілася.
Выяўляецца, нашы шляхі ў лесе перасякацца не маглі. З-за канспірацыі браты Буднікі ў Гута-Міхалінскую пушчу паказвацца не мелі права. Больш за ўсіх падпарадкаваны забаронам быў Мікалай. Ен нават і ў свае Зеляневічы мог прыязджаць толькі ў выключных выпадках, ды і то днём, бо яго вёска, як і астатнія сёлы навокал, ноччу станавіліся партызанскай зонай, таму першая сустрэчная група лясных хлопцаў магла Мікалая застрэліць як звычайнага здрадніка.
Читать дальше