Нарэшце ля варот спыніўся чорны «мерседэс», які аж ззяў храміраваным нікелем. Машына пасігналіла, і Амільяновіч устрапянуўся. Бравага оберштурмбанфюрэра СС з акуратным праборам бліскучых ад брыльянціну валасоў ён ведаў даскана-ла з соцень здымкаў ды кадраў кінахронікі. Таму ў сухашчавым і пачцівым інтэлігенце, што сядзеў за рулём, Олек пазнаў яго адразу.
— Ха, я нават пазнаў бы шкуру Цымермана ў гарбарні, калі б напаткаў яе там! — запэўніў мяне потым польскі сябар.
Ад цэментавага фундамента, які трымаў прэнты агароджы, адыходзілі дзве чацвярцінкі круга ліставой медзі з жалабкамі. На роліках па жалабках ездзілі створкі варот. З вілы зноў выйшаў хлапец у джынсах, лёгка адчыніў вароты. Цымерман прывітаў хлапца рукой праз акенца, і «мерседэс» без ніякага гуку ўкаціўся ў двор. Але тут з'явілася маладжавая фрау ды ўстрывожана паказала мужу на Амільяновіча.
Заўважылі, пся крэў! Мажліва, ужо пазванілі і ў паліцыю!
Нельга было траціць ні секунды, ды хіба ж мог я ўпусціць такія кадры? — зноў перажываючы сцэну, прадаўжаў апавя-данне польскі сябар. Я ўжо адкінуў усялякую асцярожнасць — у любым выпадку ў мяне на плёнцы сёе-тое ўжо было! На ўстрывожаную сямейку нацэліў аб'ектыў ды з азартам пачаў шчоўкаць — яшчэ! яшчэ! яшчэ!.. Шлюс, нех вас крэв залее! — загадаў я сам сабе, сунуў апарат пад плашч ды — бягом за вугал!
Олека яшчэ не пакінула шанцаванне маладосці. Ды, відаць, і Цымерман не вельмі спяшаўся званіць у паліцыю — яшчэ адзін скандал, яшчэ раз пра яго напісалі б газеты...
Неўзабаве Амільяновіч злавіў таксі зноў. Цяпер яго хвалявала адно — ці жывы там аболтус з паліцыі? А калі яму парашкоў у шклянку насыпаў зашмат?
— Калі ласка, паспяшыце, мне неабходна на поезд, а яшчэ чамаданы трэ забраць з гасцініцы! — не клапоцячыся ўжо пра акцэнт, падганяў ён таксіста.
— Нельга! — коратка адказаў яму на гэты раз малагаваркі вадзіцель ды паказаў на спідометр.— Сто пяцьдзесят, хутчэй не маю права, гэр,— закон.
Узбуджаны да дрыжыкаў у каленях, Олек праз гадзіну, якая здалася яму імгненнем, прыляцеў у Гановер. Уся «акцыя» заняла ў яго каля шасці гадзін.
Олек ускочыў у гасцініцу. Ключ прадбачліва забраў з сабой і цяпер застыў ля дзвярэй, паслухаў. У пакоі стаяла мёртвая цішыня. Не памятаючы сябе ад напружання, Олек уставіў ключ, павярнуў яго і памалу стаў адчыняць дзверы.
Таму, што ён убачыў, спачатку не хацеў верыць. Вартаўнік яго бяздумна спаў. Паміж ложкам ды персідскім дываном цямнела лужына.
— Нех цень шляг трафі! [ 7 7 Каб на цябе ліха! (Польск.)
] — з палёгкай вылаяўся Олек і вымушаны быў прысесці, бо раптам у яго падкасіліся ногі, а ўсё цела абяссілела, бытта яго ўдарыла токам.
Крыху ачуняўшы, Олек пачаў сышчыка штурхаць.
— Уставай, ну!..
— О-оу, гімэль, о-оу, копфшмэрц! — трымаючыся за галаву, малады немец сеў на ложак.
— Ты, сукін сын, што навычаўпляў! — з перабольшаным абурэннем наляцеў на яго падапечны.— Не ўмееш піць — не бярыся! А калі б памёр — мне несці адказнасць, так? Я ж табе гаварыў — агонь, а не гарэлка, дзевяноста пяць градусаў!
— Оў, оў, усё нутро гарыць!..
— I няхай сабе гарыць, мне цябе не шкада, калі ты такі дурны!
— Падай, Алекс, вады! Сколькі праспаў? — паўзіраўся ён на гадзіннік.— Не можа быць!.. Я ж зусім не памятаю, калі заснуў!
— Як не памятаеш?! Яшчэ клікаў нейкую Гертруду, біўся са мной!
— Нічога не прыпамінаю, фэрфлюхтэ!.. А дзе мой пісталет?.. Ага, тут!.. Пачакай, а ты нікуды не выходзіў?
Олек не паспеў адказаць. Наглытаўшыся лакома вады, Курт брыкнуў на падушку ды захроп зноў.
10.
Атрымаўшы з Беластока такія весткі, я сабе ўсвядоміў, што ехаць у ФРГ няма сэнсу — ад Цымермана даб'юся не больш за Амільяновіча. Зрэшты, беластоцкага ката хутка не стала.
Вярнуўшыся дамоў, частку фатаграфій з Бэльфільда Олек памясціў у газетах ды часопісах. Неўзабаве тысячы людзей пачалі завальваць рэдакцыі абуранымі пісьмамі. Пісалі былыя вязні лагераў смерці, турмаў. Пісалі тыя, хто ўцёк з-пад расстрэлу. Пісалі сваякі ахвяр, сведкі...
— О сакрамэнцкі бандыто, о драно сабачы, пачакай жа! — радаваўся мой сябар.
Матэрыялы на Цымермана ўрад ФРГ атрымаў з указаннем адраса былога ката, з фатаграфіямі яго вілы, рабочага месца — суда ў Бэльфільдзе. Усё гэта з Польшчы паслалі ў Германію з пузатымі мяшкамі свежых пісем, у якіх былі тысячы сведкаў злачынстваў «доктара». Уладзе ФРГ нічога не заставалася рабіць, як узяць ваеннага злачынцу пад стражу.
Олек прысутнічаў на Нюрнбергскім працэсе.
Читать дальше