I ўсё ж такі, калі паправілася, адчула ў сабе яшчэ хоць і слабую, але якуюсьці надзею — у яе ж быў Стэфан! Толькі злыбяда ніколі адной не бывае — ходзяць злыбяды касякамі.
Наступную навяла гарэлка. Вядома, усе шляхціцы яе любі-лі,— у Рудніцкага ж ад розных вінаў, мёдаў і гарэлак галава заўсёды была ў чадзе.
Праз нейкі час на сейміку ў Гародні яе Стэфан у карчме «Роскаш» спаткаў п'янаватага Яна. Выпадкова, вядома.
Ян адразу ўзрадаваўся:
— А-а, я вацьпана даўно выглядваю!
— Та-ак? Чым магу быць пану карысным? — неахвотна спыніўся Валковіч.
— Гэта я вацьпану хачу зрабіць паслугу!
— О-го?!
— Так ест!
— Ахвотна яе прыму, калі не шмат будзе кашта ваць.
— Вацьпан, сам ацэніш!
— Ну, ну, слухаю?
— Ці ведае, шаноўны рыцар, што яго белагалова распусні-ца і ганьбіць імя вацьпана?
— Вунь як?!
— Так ест!
Рыцар ані хвіліны не вагаўся. Перад тым як адысці, Стэфан грэбліва кінуў:
— Вольно курце і на Божэ мэнкі шчэкаць!
Рудніцкі яго не адпускаў:
— Але ж — так, шаноўны пане! Зачакай, пан, і паслухай! Пан, напэўна, яшчэ і не ведае, што яна хавае дарослага сына перад вацьпанам!
Стэфан вярнуўся, ударыў яго па твары ды кінуў:
— Не мялі, вацьпан, языком пра тое, чаго не пытаюць! I не ўводзь мяне ў гнеў, бо горай будзе!
Удар быў такі, што Рудніцкі паляцеў на зямлю. Толькі ўзняўся, Стэфан пляснуў ў шчаку другі раз:
— А гэта на тое, каб вацьпан ведаў, як блюзніць шляхотных кабет!
I пайшоў.
Але ж гэты мяснік з мяснікоў, Рудніцкі, выхапіў сваю славутую шаблю з дамаскай сталі ды кінуўся ўздагон. Дагнаў Стэфана і з тылу рассек яму галаву.
Рыцар адразу зваліўся мёртвым.
Атрымаўшы вестку пра выпадак, Кацярына адчула, як бы штосьці ў ёй абарвалася. Але не заплакала і не загаласіла. Сама сабе цвяроза ды надта спакойна сказала:
— Што ж, мілая, супроць лёсу свайго, што табе на Небе запісана ў святыя кнігі самім панам Богам, не папрэш, а на свеце чамусьці часта так здараецца, калі ў змаганні галаву кладзе найперш чалавек прыстойны, а быдлякі, як не прыкра. амаль заўсёды застаюцца.
Падумала так Кацярына ды ўзялася за пахаванне.
Провады рыцара на вечны спачын
Адразу разаслала пасыльных з жалобнай весткай — рыцар адышоў у смяротную цень.
Труну заказала дубовую, а зверху цынкавую — усе высланыя аксамітам, упрыгожаныя залатымі грыфамі, ільвамі ды лілеямі.
Значную суму адваліла для ўпрыгожання касцёла ў Віграх, куды вырашыла везці для адпявання цела.
На пахаванне з'явілася восем біскупаў і архірэяў, трыццаць канонікаў, дзвесце пяцьдзесят ксяндзоў і бацюшак — лёгка сабе ўявіць, колькі каштаваў адзін іхні прыезд. Затое было на што паглядзець і запомніць.
Калі працэсія крочыла да касцёла, сонца гарэла на пазалочаным адзенні духоўных.
Пяцьдзесят спіжовых гармат і стольеі ж гакаўнік палілі ўгару — хоць затыкай вушы.
Енчылі і пясок на галовы сыпалі ды размазвалі яго па заплаканых тварах, ірвалі на сабе кофты восемдзесят плакальшчыц, прывезеных з Гародні, Беластока і Аўгустова.
За труной з духавенствам, за плакальшчыцамі і сваякамі вялі Сцяпанавых скакуноў, захутаных крэпам, з-пад якога тырчэлі толькі вушы, храпы ды хвасты.
Чэлядзь уздоўж усяе працэсіі трымала сотні чорных штандартаў, абшытых бахрамой.
У касцёле Стэфана чакала таксама расшытая золатам і ўся ў жывых кветках ды знамёнах — з «Пагоняй» ды бела-чырвона-белымі палоскамі, з арлом на чырвоным фоне — палатка. Вакол тоўпіліся сотні мужыкоў ды баб, якім эканом паабяцаў пад канец службы раздаваць грошы і па кварце гарэлкі. Бо каб не гэта, мала хто з іх у храм заглянуў бы,— хлопы ўсе ваўком глядзелі, пашаны да сваіх дабрадзеяў выказ-ваць так і не маглі навучыцца.
Але Бог з імі — з хлопамі, будзем аб пахаванні.
Калі над труной скончылі гаварыць пра слаўныя чыны нябожчыка ды пералічваць яго заслугі, у касцёл уварваўся на кані Хведар Грэсь ва ўсім баявым рыштунку.
Рыцар ролю сваю споўніў як належыць. У натоўп Хведар уварваўся на кані, звер дзіка хроп ды бліскаў шалёнымі вачыма. Перад каменным парогам рыцар скакуна раптам узняў на дыбы. Тады з трэскам паламаў аб луку піку ды з усяе вышыні, звонячы бліскучым панцырам ды похвай шаблі, грохнуўся на каменную падлогу, тады зароў — і так страшна, што ў кожнага, хто чуў гэта і бачыў, валасы сталі дыбам, па скуры прайшоў мароз.
Ах, як харунжы ўсіх уразіў!
У той момант, калі Хведар падаў, астатнія рыцары адначасна ўдарылі далонямі па дзяржальнях, са звонам выхапілі шаблі ды салютавалі вою бляскам баявой сталі.
Читать дальше