Кацярына баялася, каб шляхта не перапілася ды не павялічыла ў бойках колькасць нябожчыкаў, таму памінкі спраўляла па мужу толькі чатыры дні. I то былі пасечаныя ды паколатыя, але яна не стала разбірацца, каго пасеклі, каму што прабілі — пакінула гэта павятовай уладзе.
На магілу Стэфану зафундавала гранітную пліту з баявым шаломам, жалезнымі рукавіцамі і мячом, а над ёй паставіла з мармуру плакальшчыцу, як жывую. Маладзіца аберуч трымала-ся за галаву ды так лямантавала, што кожны, хто б ні праходзіў, ні праязджаў каля могілак, мусіў спыніцца, паглядзець ды змахнуць слязу.
Усё для Стэфана Кацярына ўчыніла.
Сама ж, як патрабуе звычай, не распранаючыся, не здымаючы нават з галавы кантурыка, а з ног абутку, месяц правалялася ў ложку, сумуючы. Хоць і непрыстойна было непа-гамаванай жаласцю гэтак супраціўляцца Божай волі, але ж так у падобных выпадках паводзілі сябе багатыя русінскія дзяды ды бабулі, таму грэх на душу сваю вырашыла ўзяць і яна.
Гэтак прыгожа і ўчынна пахаваўшы мужа, адбыўшы пасля яго ў ложку пакуту, Кацярына ўспомніла пра сына. Толькі цяпер адправілася на роспыты, вынік якіх ужо вядомы.
На мужавай смерці абарваўся і шэраг яе жыццёвых поспехаў. Усё ў тым жа 1650 годзе дарогу зноў перайшоў Рудніцкі.
Разгульны мужанёк
Кацярына была ўпэўнена, каб даць старонняму паглядзець яе пісаніну, чалавек падумаў бы — баба да Рудніцкага прыдзіраецца. Але яна пераконвала ў запісках свайго Алеся, што апісвае ўсё па-чэснаму, піша не са злосці і не на шкоду яму, як і не на шкоду каму-кольвек іншаму. Піша, як было.
Амаль без гневу дзень і ноч апісвала кепскае і добрае, што давялося перажыць і перацярпець. Таму, на яе думку, усё павінна выходзіць справядлівым з-пад яе гусінага пяра, якія гэтак лоўка ўмеў вастрыць пачцівы спадар Яўхім,— няхай Прачыстая Дзева Марыя дасць яму яшчэ больш здароўя.
Кацярына клікала Мацер Божую ў сведкі, што апавядае сыну адно праўду. Апісвала ўсё, бы той чалавек, які на тую праўду меў права, расказаць яе мог і ўмеў, бо нават у Бібліі гаворыцца — вяршыня духа дастаецца толькі чалавеку адзіно-каму, які гады свае прайшоў цярністай дарогай, чыё быццё — смутак, віна ды пакута. А што часамі прабівалася ў яе злосць на Яна, Кацярына была ўпэўнена,— папракнуць яе ніхто не меў права.
Аднаго калецтва сына не даравала б яму ні адная маці. Перабіраючы ў памяці мінулае, яна з жахам сама сабе казала — Божа, ці ж толькі адзін быў той выпадак!
Сын яе гуляе на падворку. Вясёленькі. Распрамянёны. Жвавы і ап'янелы ад забавы. Яна займаецца вышываннем, але кожнай драбніцай свайго цела адчувае малога, ведае, дзе ён, што з ім, і радуецца.
З'явіцца аднекуль той звер ды кіне:
— Ну і зух расце — праз пару гадоў на вайну пачну з сабой яго браць!
А хлопчык вечарам і захварэе. Бо ў яго таткі былі надта шкодныя вочы. Ух і шкодныя — бы ў знахаркі Расоліхі! Каб такі позірк мела баба, яе даўно на кастрагу спалілі б.
Не раз і не два цвярдзіла — не хвалі малога. Не выклікай бяды, бо ліха не спіць. А той — сваё.
Стане сына карміць. Зноў свой паскудны язык усуне, і малое неўзабаве ўсё і вырыгае.
Бытта шкадаваў ды зайздросціў — не раз заўважала. Але ж шкадаваў і зайздросціў каму? Роднаму сыну.
Хіба ж гэта бацька?
Адным словам, яшчэ тады ўбачыла, які гэта чалавек, колькі бяды ад яго мела ды будзе яшчэ мець, але несла на сабе цяжкі крыж, бо выйсця іншага не бачыла.
Добра ведала, доля бабская — цярпець ды пільнаваць жаночай справы, у чым жанчыну ніхто не заменіць.
Вялікае яе шчасце, у маладыя гады жыла з Янам коратка. Але і за такі час яго раскусіла аж занадта.
Звычайныя людзі хвіліну ляніства мусяць добра зарабіць, а ён?.. Апінію магла выдаць дакладную: мог толькі піць, жэрці, транжырыць грошы ды выкідваць конікі — калі не быў на вайне.
Бы той сляпой курыцы часам трапіць зярнятка, так і гэта-му чалавеку лёс падараваў збаражскі выпадак. Болей дзесяці гадоў яму лесцілі, захапляліся яго бравадай і спрытам, кемлі-васцю і адвагай, вернасцю каралю ды шляхоцкаму гонару, а дзецям і ўнукам размалёўвалі неверагодныя ўчынкі на Падолі, якія зрабіў бясстрашны рыцар Ян Рудніцкі на хвалу сваёй Айчыне, на славу Кароне ды на карысць каталіцкай веры.
У адным месцы, маўляў, прыкідваўся жанчынай і гэтак пераадольваў варожыя парадкі.
Ляцеў па Небе, раздабыўшы сакаліныя крыллі.
То зноў, бы які крот, прабіваўся пад зямлёй.
А шаблі свае бытта вастрыць так умеў, што адным махам пяцярым янычарам галовы сцінаў, бы качаны капусты, таму ворагаў налаташыў цэлыя горы, крыві іхняй праліў — рэкі.
Читать дальше