Даўно, даўно таму на землях спадара Солтана Аляксандра пастухі знайшлі на грушы маленькую іконку з Мацер Божай і Святым Дзіцяткам[ 39 39 У 1480 годзе.
]. Салтан забраў яе ў двор, а іконка назаўтра — зноў на той самай грушы вісіць!
Калі дзіва такое паўтарылася тры разы, спадар Солтан паверыў, што ікона святая. Загадаў на тым месцы паставіць храм, а святое адлюстраванне павесіць у ім на пачэснае месца.
Храм потым згарэў, але іконка са Святой Сямейкай бытта і не была ў агні — стаяла сабе на валуне сярод папяліска. Людзей гэта ўразіла яшчэ больш. Цяпер яны пабудавалі для рэліквіі ладны, вялікі і мураваны сабор Успення Божай Маці. Вялікі князь Літоўскі Сапега сабору падарыў многа багацтва. Смаленскі кашталян, спадар Мялешка Ян, са сваёй спа-дарыняй Аннай Фурсаўнай прывязлі ў яго базіліян. I гэты уніяцкі ордэн зрабіў усё, каб слава пра абіцель разышлася па Літве і Кароне.
Святая іконка ў новым храме зараз была ў самым цэнтры. Людзі валілі да яе натоўпамі. Ехалі фурманкамі. Плылі Нёманам і Шчарай. Затое адтуль вярталіся здаровымі і шчаслівымі. У абіцелі пабывалі каралі Уладзіслаў IV, Ян Казімір ды маліліся, лежачы крыжам перад Дзевай Марыяй з Дзіцяткам за дабра-быт народа.
Разам з іншымі і Кацярына прыбыла ў Журовіцы, дакра-нулася вуснамі да рэліквіі ды папрасіла дапамогі пры родах.
Догляд яна мела добры, а плод усё ж такі яе даканаў. Кацярына распухла і счарнела, пакрылася рыжымі кропінкамі. Покуль насіла дзіця, выкрышыліся ў яе астатнія зубы — усе да аднаго.
Але не гэта яе хвалявала. Страх, што можа страціць Стэфана, па-ранейшаму ні днём ні ноччу не даваў спакою.
У тых кабет, хто перажыў ясыр альбо пабываў у гарэме, хто яшчэ адбыў такую дарогу, дзяцей, вядома, увогуле не бы-вае — цудоўнае таінства запладнення здарылася толькі з ёю.
Напэўна, і далей ішло б усё як належыць, калі б, на думку Кацярыны, яна, грэшная нягодніца, не парушыла клятвы шлюбу, хоць і даную пад прымусам у Жалудку, у касцёле, каб не разгневала пана Бога і Мацер Найсвяцейшую, не ўзрадавала Люцыпара з усімі яго нячысцікамі.
Апісвала ў дзённіку ўсё па парадку.
У цішыні і спакоі, які панаваў у іхнім двары над Чорнай Ганчай, яна часамі нібы забывалася. Калі пра нешта і думала, то — пра самае для яе галоўнае.
Як вядома, з родамі так: адная кабета свой плод выдасць на свет у вялікіх муках ды цярпенні, а другая — бы семку выплюне. Толькі ні адна загадзя не ведае, як яно будзе.
I Кацярына вырашыла — будзе няхай так, як быць мае.
Дзень і ноч толькі малілася Царыцы Нябеснай. Пасылала зноў у царкву, касцёлы і сінагогі міласціну жабракам. Раздавала ім з парога, а ўсю аж падмывала,— так хацелася ўзрадаваць Стэфана ды падарыць яму абавязкова сына. Гэта абаіх іх радніла. Адно без аднаго ўжо жыць не маглі.
Паказаў Стэфан сябе і на гэты раз сапраўдным рыцарам — стараўся дапамагчы, як адно мог. Толькі і клопату меў — як жонцы дапамагчы.
З'ездзіў у Вільню. Купіў там ды прывалок ёй спальню. Калі слугі мэблю расставілі, не магла надзівіцца.
Вялікі ложак з выразанымі фігуркамі з пазалочанага дрэва. Пакрытыя сінім шоўкам матрацы. Падушкі ды коўдры, абшытыя залатымі шнурочкамі. Над ложкам — балдахін з ружовага аксаміту і белага атласу абапіраўся на чатыры калонкі — тонкія ды здатныя.
Перад балдахінам Стэфан загадаў паставіць дыванчык, абшыты залатой карункай. Сцены яе пакояў абабіў зялёнай матэрыяй — 70 локцяў яе патраціў.
Калі ж надышоў галоўны момант, не давяраючы парабкам ды чаляднікам, муж сам паадвязваў ад слупоў кароў і коней.
Авечак і свіней выпер у поле.
Лахматых ваўкадаваў, якія ля будаў вішчэлі ад нецярпен-ня ды рваліся з ланцугоў, паадчапляў таксама, і яны паразбяга-ліся, як шалёныя.
Павымаў набоі са стрэльбаў ды пісталетаў.
Апаражніў калчаны са стрэлаў.
У доме паадчыняў вокны, дзверы ды пазакладваў іх кіёчкамі, каб вецер зноў не пазакрываў.
Боская кара
Дарэмныя былі Стэфанавы старанні. Усё выглядала на тое, што і на самай справе пан Бог сваім страшным, але святым і справядлівым гневе дасягнуў вялікую грэшніцу караючым мячом нябесным і ў лясной глушы над Чорнай Ганчай. Не дапамаглі ёй і Дзева Марыя з Ісусам Хрыстом, бо, выходзіла, малітвы з нячыстых вуснаў святой Багародзіцы і Сына Божага абсалютна не кранаюць.
Хлопчык нарадзіўся, але мёртвы — з вадзянкай у галоўцы.
На другія роды спадзявацца ўжо не магла. Цяпер лішнімі здаліся яе старанні ўпарадкаваць палац з акварыумамі, паркі з фантанамі і скульптурамі. Яна апынулася ў сітуацыі тае бабулі з разбітым карытам.
Читать дальше