Ведай, надзея гэтая не згасла ў маім сэрцы да сённяшняга дня. Яе і зараз пешчу, з ёю кладуся і ўстаю, з ёю і жыву.
I Ты рос добрым ды ласкавым, бы дзяўчынка.
Памятаю, як аднойчы шыла, а Ты каля мяне гуляў. Укалола палец, і выступіла маленькая чырвоная кропелька. Ты так за мяне перажываў, што перад вачыма і зараз стаіць Твой засмучоны тварык ды жаласлівыя вочкі.
Сваімі шчокамі і цяпер памятаю Твае пацалункі — нясмелыя, даверлівыя і далікатныя, бы матылёк кранае крыльцамі кветку ці ластаўка чыркае па вадзе.
Божа, аж расплакалася, пішучы пра гэта, аж аддалася благасці слёз умілення. Але — хопіць. Бяру сябе ў рукі, сыне, і прадаўжаю сваю быліцу.
Такім Ты быў. Бацьку Твайму не давала Цябе ткнуць нават пальцам, бо Саламон вучыў — дзіця лупцоўкай не выправіш, крывое дзерава бі ці не бі, а толку не будзе: лепш прыглядзіся да яго, ад чаго яго крывіць.
Не веру, каб надарэмнымі былі мае мітрэнгі.
Стары араб у Палестыне мне аднойчы сказаў: толькі ў дзецях абнаўляецца рака чалавецтва. Напэўна, казаў праўду, і боская ісціна ды нябесная сіла прымушалі мяне старацца, каб Ты быў варты сваіх дзядоў ды іхніх палеткаў.
Я ўбівала табе на кожным кроку ў галаву, каб любіў людзей, бо хто сагрэты любоўю к людзям, не астыне вечна. Бы Маці самаго Ісуса Хрыста, Табе цвярдзіла і цвярдзіла: стань добры для іх, будзь карысны, не насі за пазухай ні да кога зла і не палай да людзей чорнай зайздрасцю.
Вучыла яшчэ, каб не ленаваўся, бо калі ж гультаю, сам падумай, справамі займацца ды прыдбаць што-небудзь? Зімой яму сцюжна, восенню лужна, а летам і часу няма. Ляніства — ваўняная коўдра, прыкоўвае к ложку, нежыць чалавека ды робіць бездапаможным.
Ягамосць такі потым нікому не патрэбен — ні бацькам, ні сям'і, ні людзям, ні каралю, ні Богу.
Магчымасці, сыне, чалавечыя бязмежныя і бяздонныя, як неба. Я малілася, каб Ты вырас кімсьці.
З маленькага Цябе загартоўвала і зёлкамі паіла, каб не чапляліся да Цябе ніякія чары. Над Тваёй галоўкай, роднай і мілай так майму сэрцу, заўсёды бачыла залаты венчык.
Не, не магло здарыцца, каб усе тыя малітвы, старанні ды помыслы Уладарыня Усемагутная, Багародзіца Дзева Святая не пачула і не ўважыла».
Змаганне за сына і палон
«Рудніцкі аб'явіўся, як Ты скончыў якраз чатыры гады і з маленькага лука, што спецыяльна змайстраваў наш гайдук, метка пасылаў трысцёвыя стрэлы ў яблык на дрэве альбо ў вераб'я на плоце.
Не, скардзіцца на мужа не магу, што кінуў з дзіцём на чужбіне.
Навала казакаў з татарамі адагнала войскі Яго Высокасці князя Вішнявецкага на захад, і нават мы не заўважылі, калі засталіся ў глыбокім тыле. Ян быў якраз на каралеўскай службе ў Збаражы, а замак той перажываў лютую асаду. Пару месяцаў мы жылі ў вечным страху ды бядзе, не будучы ўпэўненымі ў бліжэйшым дні, гадзіне.
Ян з асады вышмыгнуў. Не добраахвотна, вядома. Уцекачоў там было многа, кат такім, каго злавілі, адразу абцінаў рукі і ногі. Яну ж у замку даручылі завезці ў Варшаву пісьмо. За валам ён злавіў татарына ды авалодаў яго скакуном са збруяй і вуздэчкай. З чырвоным аксамітным чапраком і з расшытым золатам сядлом — з дарагой насечкай, з каштоў-нымі каменьчыкамі. Конь спачатку чужому не даваўся, але Ян здагадаўся апрануць вопратку забітага ворага, і тады скакун прызнаў новага гаспадара, падпарадкаваўся.
За пару начэй з-пад Збаража муж прыскакаў употай да нас, каб перад дарогай на Варшаву набрацца сілы. У замку ад галадухі пералавілі даўно ўсіх катоў, сабак, пацукоў і пачалі пускаць на ежу пергамент ад царкоўных старых кніжак, гатаваць рамяні ад сёдлаў, узяліся есці нават свечкі. Дабіраліся да падліны і трупаў на шыбеніцах. У Яна ад усяго гэтага аж зу-бы павыпадалі — худзёрным зрабіўся ды аброс, бы якая малпа.
Зверам ён быў і да гэтага, а на вайне адзічэў цалкам.
Калі, паклаўшы сабе пад галаву сядло, адсыпаўся на га-рышчы, а праз акенца на даху вартавала я, Ты, сынок, падлез да таты, вывалак з жупана ліст палкоўніка Станіслава Лянц-каронскага, які кіраваў абаронай Збаража ды прасіў караля грошай на жолд воям, а таксама збройнай дапамогі. Паперку тую Ты вывалак, пачапіў на крокву ды пастраляў з лука.
Убачыў Твой татка падзіраўлены дакумент і хацеў адсячы Табе пальцы. Дзякуючы найсвяцейшай Дзеве Марыі, якая ў мо-мант той кінула на мяне сваім вокам ды зразумела, што робіц-ца, дадала мне спрыту і сілы, каб я выбіла з яго рук крывы татарскі цясак.
Тады раззлаваны мяснік аб калена паламаў Табе руку.
Во такі быў.
Читать дальше