Потым я вылічыла — у тую пару Табе ішоў чатырнаццаты. У такім узросце пасля шматгадовай вучобы гармоніі, кантрапунктаў, кампазіцыі, тэорыі гукаў якраз і набіраюць тых хлопчыкаў у капэлы. Але ж не падумала і не гадала, што сярод харыстаў з салодкімі, цёплымі, анёльскімі галасамі тымі быць магла і найдаражэйшая для мяне істота.
Аднак прызнаюся Табе, як перад канфесіяналам[ 24 24 Спецыяльная будка ў кляштарах, касцёлах, з якой ксёндз прымае споведзь.
] на споведзі, якісьці чарвяк мяне грызе, свідруе, трывожыць да сённяшняга дня і нікуды ад яго не магу падзецца. Хачу, угаворваю сябе так і гэтак, але нічога не атрымліваецца. А таму, бо сэрца маё адчувае штосьці няладнае.
Толькі пасля стала мне вядома, што не ўсе «вечна маладыя» робяцца здольнымі да спеву — не ў кожнага праразаецца адпаведны голас. Найчасцей пройдзе хлопчык усе тыя мітрэнгі і — дарма.
У гэтым — як Бог дасць. Чысты голас выяўляецца толькі, кажуць, у аднаго на дзесяцярых, а мо нават на сотню, праўда, сынок? Бо ў гэтым Ты цяпер разбіраешся лепей. Астатніх бытта бы чакала ганьба, забыццё і гібель у нэндзы, сярод насмешак ды здзекаў.
Падумаўшы такое, адразу ўспамінаю мудрага добрага грэка Андропаліса са Львова ды пачынаю сябе пераконваць — менавіта па гэткай дарозе астролаг прарочыў будучыню майму адзінаму дзіцятку. Чалавек узяў жа пярсцёнак, не адмовіўся ад падарунка, бо не адчуваў граху. Нябеснай Сілай закалдаваная ў пярсцёнку істота, напэўна, змухляваць яму не дазволіць. Дый яго цёмныя вочы — бы пераспелыя дзве масліны — былі гэтак прыязныя, твар пачцівы, а сам чалавек упэўнены ды спакойны.
Такія людзі, сынок, Бога баяцца, праўду адно гавораць, як Багалюб Златавусны, дабро толькі робяць і трымаюцца строга Дзесяці Запаветаў.
Прыляцеўшы ноччу ва Львоў, Рудніцкі прынёс мне мяшочак біжутэрыі. Калі яшчэ са Збаража нашыя воі рабілі вылазку, закалоў казацкага вытажку, і мяшочак чаляднік з Жалудка знайшоў яму ў трафейных падсумках.
Я не жадная. Я аж дзесятую долю таго дабра адразу раздала жабракам ля цэркваў і касцёлаў, і каб Ты, сынок, бачыў, якую зайздрасць выклікала ўчынкам у знаёмых, хоць нікога бедным не назавеш. Што ж, кінь костку галоднаму сабаку, то і сыты абавязкова заскуліць.
А жабракам раздала, каб за Цябе маліліся, бо людзі бедныя — бліжэй да Бога, гэта даўно заўважана. Ён лепш іх слухае. Дый сама маліла Усемагутную Царыцу Нябесную ды ўсіх святых. Маліла — калі толькі магла, дзе ні бываючы.
Няўжо ўсе тыя старанні недарэчныя?!
Як перабяру ўсенько ў памяці сваёй, як разважу гэтак, прыходзіць на дум, што Усемагутны Гасподзь Бог у сваёй бязмернай дабрыні ды справядлівасці за адно тое, што пры жывых бацьках Ты столькі рос сіратою, зараз Цябе, напэўна, так узнагародзіў — іначай, сынку, і не можа быць,— сабе такога не ўяўляю.
Цяпер Ты сваім салодкім сярэбраным голасам цешыш, я ведаю, знатных дамаў, князёў у прыдворных пакоях, выкладзе-ных паркетам, а вяльможы — самыя славутыя ды важныя — даюць майму дзіцяці кайстру дукатаў, сольдаў, баратынак і злотых, ад чаго маё Дзіця бязмерна багатае, слаўнае ды шчаслівае.
А каб сэрцам перажыць усё, што давялося Табе спазнаць, я ў такога ж самага харыста з езуіцкай капэлы паспрабавала выпытаць, як і калі тое з хлопчыкамі робяць. Падштурхнуў мяне на гэта пачцівы Яўхім, наш панамар, каб Гасподзь Бог і Дзева Марыя далі яму многа здароўя за дабро, што чалавек гэты чыніць людзям.
Пачцівец аднойчы на мяне накрычаў:
— Чаму ты, сястра, якога-небудзь харыста не пашукаеш?! Такога самага, якім можа быць цяпер твой сын?
Нават спачатку не скеміла, пра што гаворыць, але панамар не адставаў:
— Абавязкова знайдзі, бабо, адпаведнага харыста! Даведайся ад яго пра ўсё — не будзеш так мэнчыцца і адразу супакоішся! Сама пераканаешся, яшчэ і дзякуй мне скажаш!
Фрасанюкова і пра тое, як пазнаюць вядзьмарку
Харыста я падвартавала, але нічога не стаў мне выдаваць. Маўчаў, як закляты. Тады пашукала яго бацькоў.
Ой, гора мела з імі. Спачатку прыкідваліся дурнямі. Затым пачула ад іх байку, бытта не асцераглі малога і, маўляў, дзікі кабан сына ў лесе гэтак пагрыз.
Потым спрабавалі мяне зноў пераканаць, бытта ў каралеўскім парку каля Гараднічанкі хлопчыка пакалечыў так ашалелы лебедзь.
Пра ўсё гаварылі ўпэўнена, з падрабязнасцямі.
Адно, калі сунула бацькам залаты дукат, языкі ў іх развязаліся. Расказалі пра ўсё, што ведалі.
Бедныя, мусілі карміць купу дзяцей — душ з адзінаццаць. Для ратавання малых вырашылі вывесці такім чынам у людзі старэйшага ды мець самім забяспечаны быт у старасці.
Читать дальше