Былі яны дзеўкай спраўнай, і бацькі ім цвярдзілі заўсёды адное — высцерагайся, дачушка, ой, высцерагайся. А мама таксама не паслухаліся.
Непаслушэнства мама выказалі раз, другі — да пэўнага моманту.
Ехаў аднойчы праз Путрышкі паніч у карэце — малады, кучаравы, белы, высокі. Карэта нямецкая, біч у яго цыганскі, конь гладкі, вушкі стрыгуць. Паніч нават у капелюшы ды пальчатках. А мама і не ведалі, што нячысцікі ў горадзе прызвычаіліся так рогі ды кіпцюры хаваць.
I пачаў ён ласкавыя словы казаць. Мама з ім і паехалі.
Ужо мама з ім сабе едуць, едуць, але іх пачынае разбіраць якісьці страх. Прыглядваюцца яны панічу збоку лепш, а ў таго — ні броваў, ні веяў!
Мама хацелі кідацца з карэты, ды — позна.
Паніч той прывозіць іх у лес, плясь у далоні — і тры нячысцікі з ядлоўчыкаў адразу і выскачылі. Вакол воза лётаюць, але — от дзіва! — ні адзін ценю на траве не пакідае!
Паніч тады ўжо зусім іншым голасам пытае маму — прадасі сваю душу?
Ах, не?!
Нячысцікі адразу кінулі маму на пень спіной уверх, загалілі ім спадніцу ды пачалі біць, сячы белае цела бізунамі. А паніч той стаіць над імі з усмешкай ды пытае, ці не адумаліся.
Мама аніяк не хацелі адмовіцца ад сваёй веры і бацькоўскіх наказаў — колькі іх ні секлі.
Тады нячысцікі завязалі ім спадніцу над галавой, каленам стукнулі — ідзі куды хочаш, калі такая гордая, пабачым, як будзеш корчыцца і вішчаць, калі мурашкі цябе аблепяць ды змеі з ног да галавы абкруцяць.
На шчасце, бортнікі маму спаткалі на дарожцы ды выбавілі ад бяды. Яшчэ перапынілі каля пераправы карэту і накінулі мяшок на паніча, каб прывалачы ў вёску на расправу, але раптам бліснула ды пярун смальнуў. Бортнікі прыйшлі ў сябе, а на дарожцы на месцы карэты — толькі сіні дым клу-біцца!
За гаго часу, каб невядома што мне давалі, незнаёмага я нават і блізка да сябе не падпусціла б і з ім не размаўляла б нават. Ды вось знайшліся, сынок, такія, што падабралі спосаб, каб да мяне падступіцца. Спрытна ўсё ўладзілі. Нават тату ашукалі, маму, брата. Яшчэ ўсё падстроілі гэтак нявінна. Ты толькі паслухай, як усё падладзілі».
Аднакашнікі брата і зноў вядзьмаркі
«Адразу пасля каляд завітала да нас пара гасцей з чэляддзю. Прыбыў Нічыпараў сябар па езуіцкім калегіуме — Ян Рудніцкі з Жалудка, а з ім — Рыгор Скамароха. Але ўсё мушу выкласці Табе адразу і пра другога госця, бо далей, сынок, не будзе Табе зразумелым, што да чаго.
Яшчэ ў мінулым годзе цяжарная жонка гэтага самага Яна Рудніцкага, Надзея, зайшла да сваёй суседкі Марыі, жонкі Рыгора Скамарохі — сябра Рудніцкага, з каторым Ян і завітаў да нас. Зайшла Надзея да суседкі, дала «дзень добры» і абмянялася з ёю пытаннямі аб здароўі. Надзея бабай была ўладалюбівай, уздумала адразу ў чужым доме наводзіць парадкі. Скамарочыха цярпела, цярпела, а тады клікнула ці-вуноў, загадала скандалістку паваліць на лаву ды па голым месцы ёй — кіем! кіем! кіем!
У той адразу — выкідыш.
Калі неўзабаве ў Надзеі яшчэ паваліла з рота кроў ды і сама маладзіца сканала, усім стала ясна — Марыя нячыстая, уракла яе тая самая Бусліха, што столькі людзям шкоды навычаўпляла, а народ так папаплакаў.
Вядома, потым Марыю ўсе шкадавалі: у Рыгора бабы — маленькая дачка падрастала, малады і працавіты муж, ацалелы ад вайны, але нічога ўжо нельга было перайначыць.
На першым катаванні Марыя прызналася, што бабе Рудніцкага давала толькі піць зелле.
Скамарох мужчына быў адважны. Стаяў за дзвярыма ў падвале і стараўся Марыю выгарадзіць, хоць яго за такую дзёрзкасць схапіць маглі таксама.
Другія тартуры ёй былі свечкамі. Цяпер прызналася, што апранала мужчынскае адзенне, хадзіла на задах Рудніцкага ды кідала загавор, каб яго Надзея высахла на трэску, а дзіця радзілася нежывое. Але ліцвін быў надта ўпарты, і на гэты раз яе выгараджваў — адважна крычаў праз дзверы да яе, што жонка пляце на сябе глупства.
I зноў суддзі не звярнулі на яго ўвагі.
На трэцім катаванні — гарачай смалой, Марыя ні да чога. не прызнавалася, таму і не ведалі, што з ёю рабіць: не прамовіла ні слоўца, як яе ні мэнчылі.
Невядома, чым бы ўсё тое скончылася, калі б не выпадак з мужыком.
Кажуць, Рыгор назаўтра ўстаў з-за стала, падышоў да парога, каб у покуці вады напіцца, а зверху кроплі яму на рукаў — кап! кап! кап!..
Мужык, здзіўлены, расцёр тое малако ў пальцах ды па драбінцы — на гару!
Залазіць, а там вялізныя, як кныры, і валасатыя, бы мядзведзі, павукі ўмываюцца, скаляць іклы, бліскаюць рысінымі вочкамі, яшчэ і здаволена мурлыкаюць.
Читать дальше