5-00. Яшчэ ноч і першы залп – недзе з глыбокага тылу. За ім – другі, трэці, чацвёрты, пяты, ды ўсё мацнейшыя і мацнейшыя.
Спачатку забіваюся на самае дно ячэйкі. Але ж надта цікава. Асцярожна выглядаю з-за бруствера.
Перада мной – велічнае відовішча і дэманстрацыя магутнасці нашай зброі. Навокал, як у казцы, – усплёскі размаітых агнёў. Іх – сотні, тысячы, і кожны выбух выглядае па-свойму. Асобных выбухаў не разабраць, пануе суцэльны гуд, бытта прарваўся вадаспад цяжкіх і агністых камянёў. Толькі па ўдарах снарадаў у зямлю ды па тым, як прасядае грунт, можна адрозніць цяжкі калібр ад лёгкага.
Агонь! Агонь! Агонь!..
А ўжо цалкам аглух. Здаецца, гэтаму віску, стогнам, свісту, выбухам, грукату і ліха ведае якім яшчэ гукам не будзе і канца-краю.
Бачу: стрэлілі промнямі пражэктары ў напрамку праціўніка. Ага, зенітчыкі асвятляюць шлях нашым танкам. Танкі адзін за адным, па два, па тры, па пяць... валяць і валяць, як ахапіць вокам. Агортвае мяне такі шалёны ўздым радасці, што ўстаю ва ўвесь рост.
Ад праціўніка на гэты раз – аніякай рэакцыі. Мабыць, там і жывой душы не засталося – бытта ўсе адразу вымерлі.
Святлее, а танкі ідуць.
Развіднела ўжо цалкам, танкі ўсё ідуць! ідуць! ідуць і ідуць!
Пяхота рушыла ўперад без супраціўлення (праціўніка). Аднак у нас Іваніцкага, Ільянкова, Плюхіна і Кіртычнага параніла, а, здаецца, ад немцаў ніхто і не страляў. Сваімі недалётамі іх паразіла?.. Хлопцы накіраваліся за Одэр. Скрозь парахавы дым выглядае сонца. Устае бадзёра вясенні дзень, бытта нічога і не здарылася. Яшчэ збіваючыся, але ўжо спрабуе свой голас жаўрук...
Бой ужо далёка. Камбат пасылае мяне наводчыкам да Разбекава. Тупаю і надта дзіўлюся: а пад Флатау камандзірам маёй гарматы быў Разбек.
Даганяю нейкую санчасць. Заблукаўся, але і медыкі нічога не ведаюць. Цікавы малюнак: па цэнтральнай дарозе валіць вялізная маса нашых войск. Злева і справа на рухомыя нашыя калоны выганяюць адзіночных кулямётчыкаў – нямецкіх салдат. Яны адурэлі зусім. Кідаюцца туды, сюды, а іншыя з паднятымі рукамі кіруюць да нас, але мала хто на іх звяртае ўвагу.
Ноч спалі ў сасонніку спакойна.
18.ІV.45г.
З раніцы перайшлі ў першы эшалон. Наперадзе, паралельна Одэру, рака (Альдотэр). Перад ракой – хутар. Там немцы. Б’ю фугаснымі. Немцы з хутара бягуць. Б’ю па іх асколачнымі.
Цікава[ 4 4 З-за ляноты не апісаў важнае здарэнне. Нават цяпер памятаю, як перад гарматай выскачыла вялікая група немцаў. Удалося яе лёгка разграміць. Біў прамой наводкай. Выбухамі снарадаў гітлераўцаў высока падкідвала.
].
Едзем да рэчкі. Чатыры гадзіны ляжым на шашы – страляем па танках. Некалькі машын гараць – хто з нас іх падбіў, паспрабуй разбярыся.
Пад’язджаем да рэчкі Пераправа.
Па той бок рэчкі Агнявая.
Наступленне. Пяхота пайшла...
Ага, унь дзе “прамушка” іхняя, якая па нас лупіла! Пасылаю шэсць снарадаў.
Накры-ыў-ў!!!
Маёнтак. Агнявыя перад палянай. Агнявыя – нямецкія, фрыцы пакінулі паляну гадзіну таму. Унь валяецца акрываўлены папяровы бінт, панікеліраваныя нажнічкі, пярэстая плашч-палатка, некалькі «панцырфаустаў». Нажнічкі піхаю сабе ў сумку, бяру лапатку, выкідваю бінты, падганяю ровікі пад свой густ. Устанаўліваем гармату.
Паляну раптам перасякае зноў рота фрыцаў у стракатых плашч-палатках. З усяе батарэі толькі я паспяваю паставіць гармату на агнявую. Пакуль круціў рычагі ствала, паспеў заўважыць: параніла ў жывот малодшага лейтэнанта, камандзіра нашага ўзвода. Шкада хлапца. Культурны быў чалавек, справядлівы, добры – ленінградзец. Не паспеў запомніць яго прозвішча...
Ствол наведзены. Немцы ўсё бягуць, быццам спецыяльна высыпалі перад маёй гарматай. Бяру прыцэл – пералёт! Другі снарад – міма! Трэці – у самую гушчу. На вачах батальёнаў пяхоты выбух (асколачнага снарада) зноў падымае немцаў у паветра...
Усе рагочуць. Радасна на душы – герой, куды там!
Рухаемся далей. Танкі выходзяць на аператыўную прастору. Абарона на гары перад чыгункай, дзе нас, напэўна, зменяць ды адвядуць у другі эшалон.
20.ІV. 45г.
Мы ў тыле.
Голімся, мыемся, чысцім вопратку і абутак. Драім гармату. Апавядаем, выхваляемся, жартуем, пішам пісьмы, спім. Нечаканасць: немцы наляцелі!
Аднекуль вырваліся два іхнія знішчальнікі (чорныя, вёрткія!). Носяцца надта высока, а ўсе дзівяцца: з таго свету яны, ці што? За адным і другім неўзабаве вырастаюць чорныя шлейфы (здаецца, і зеніткі мала стралялі!), самалёцікі апісваюць на глыбокім і сінім небе вялізную дугу і на гарызонце ўразаюцца ў лес. Во, гэта вам за сорак першы, атрымлівайце!..
Читать дальше