Копысаў успомніў нечым падобны выпадак з-пад Старой Русы.
Тады лютаваў мароз і завіруха. У зямлянку ўвялі гітлераўца. Ён адбіўся ад сваіх, заблудзіўся ды трапіў у нашыя акопы. Захутаны ў жаночую хустку, увесь заінелы, з ледзяшом пад носам, ну – дакладна копія фігуры таго фрыца, што малююць на карыкатурных плакатах.
Збегліся салдаты, разглядаюць жывога ворага, рагочуць. У гітлераўца таксама, мабыць, сумленне нячыстае, і ён выдатна разумее, што шчыры смех ворагаў – яго адзіны покуль што ратунак, таму ўсё цвердзіць: «Гітлер капут! Гітлер шансэ! Алес – капут!.. Шталін гу-ут! Москаў гу-ут!..»
I яшчэ больш стараецца паказаць, як замёрз. Крэкча, не хавае твару, ахвотна пазіруе фотакарэспандэнтам, якія папрыбягалі са штабоў.
Ад цеплыні ў зямлянцы лядзяш раптам адрываецца ды падае. Гітлеравец з роспаччу падымае яго з зямлі і… стараецца прыклеіць на ранейшае месца, а ён, як на тое, не прыліпае.
15.IV.45г.
Батарэя доўга практыкавалася на возеры (у раёне Мантэля) у фарсіраванні воднай перашкоды. Я прыбыў у яе, калі наш полк займеў ужо гатовы плацдарм за Одэрам. Плацдарм зусім маленькі – кіламетры два на тры. Рыхтуецца нашае наступленне. У цеснаце сабралася велізарная маса войск ды закапалася ў зямлю.
«Уся Расія за Одэрам!» – кажа Ісаеў. (З лячэння вярнуліся мы разам.)
Нашая гаспадарка акапалася за дамбай ракі, гарматы – у ляску. Днём артабстрэл з боку немцаў. Ноччу плацдарм прашываюць са свістам кулі з нямецкіх акопаў, а гарматы чамусьці маўчаць.
Усё гатова. Агнявыя выкапаныя і замаскіраваныя. Капаем ровікі. Я покуль што знаходжуся ў рэзерве за дамбай – у Яроменкі (другі старшына ў нашай батарэі), толькі дапамагаю артылерыстам капаць. Але ж як у гістарычныя дні быць у абозе? Ніколі. Прашуся ў Кучэрына на перадавую. Камбат ахвотна пускае.
Я зноў наводчык, цяпер – у сяржанта Марозава.
Падвалаклі снарады. Закацілі гарматы на агнявыя. Вось-вось пачнецца.
16. IV.45г. [ 3 3 Відаць, на нашым участку 1-га Беларускага фронту шырокавядомыя падзеі разгарнуліся на суткі пазней, чым на іншых. А мажліва, я збіўся ў датах – усё ж такі быў толькі салдатам і значэння для мяне яны вялікага не мелі.
]
Усё даўно гатова. Днее. 5 гадзін 00. Чакаем...
Нічога. Мяне разбірае хваляванне – не магу знайсці сабе месца.
6-00. Нічога.
7-00. Нічога.
8-00. Невыразны загад страляць.
З тылу грымнулі цяжкія. Мне здалося: надта рэдка для генеральнай артпадрыхтоўкі, якую так усе чакалі. Пачынаю біць і я са сваёй «палкавушкі». Восем снарадаў і каманда – адставіць.
Выяўляецца, гэта – пяцімінутны артналёт. Усяго – разведка боем.
Пяхота пайшла. Пякельны кулямётна-ружэйны агонь сячэ па пехацінцах. Падаюць забітыя.
Ліха ведае што за вайна!
Правае крыло траншэй – нашае. Выразна відаць, як пехацінцы валакуцца ўжо ў другую лінію праціўніка. З агнявой першай лініі злева б’е па нас снайпер. Гад, не дае падняць і галавы. Самаходка там ва ўпор расстрэльвае першую лінію нямецкіх траншэй. Пацешна глядзець, як яна б’е – снарад за снарадам, снарад за снарадам, апусціўшы хобат гарматы, бытта ў калодзеж...
Панцэрфаустамі запалілі некалькі нашых самаходак. Дзіва, гараць, як факелы, затым – выбух! І ўжо высока-высока над машынамі – толькі камякі чорна-смалістага дыму з усечанымі конусамі. А ў ёй жа былі жывыя хлопцы – дакладна такі самы разлік, як і ў маёй гармаце, – шэсць-восем чалавек, і каля машыны зараз ніхто нават не варушыцца. Усё гэта называецца – толькі разведка боем.
Унь – брыдуць абгарэлыя...
Раптам нямецкая міна 120 м/м смаліць у мой лафет. Гармата імгненна выведзена са строю: асколкамі разбураны рулі павароту, разбітая панарама. Патапенка (ён – замест Хілько) паранены – якраз выглядваў з ровіка. Маё шчасце, што я ў тую хвіліну выйшаў за агнявую (бытта мяне хто адагнаў), інакш – трапіў бы дакладна ў эпіцэнтр выбуху, а стодваццаціміліметровая, ведаю, як ірве!..
Вось табе і на – другая гармата!
Потым пакорна і смірна сяджу ў ровіку ды цешуся, што жывы. Асколак каля галавы (над галавой) ударыў у дошку – толькі абдало трэскамі. Асколак шырокі – як далонь, на ляту вуркацеў, бытта выбіраючы месца, куды ўлупіць.
Вечарам пераязджаем у другія траншэі немцаў. Я з Марозавым дапамагаем хлопцам ладаваць снарады. На цэлую ноч работы. ІІрацуем усе, як апантаныя, але адчуваем надзвычайную асалоду: немцам неўзабаве канец, і гэта ўжо напэўна!
І7.ІV.45г.
Камбат папёр нас закопвацца глыбей у зямлю. Пару мінут – і загад выкананы. Цяпер толькі мая гармата сіратліва тырчыць на віду – карысці з яе зараз ніякай. Вось-вось генеральная артпадрыхтоўка. Паесці не паспелі.
Читать дальше