Цьфу! Як агідна!...
Перад сном пачаліся ўспаміны – дакладна, бы ў партазанскім лагеры Гута-Міхаліны. Тут нават зямлянкі такія ж вялізныя – кожная на чалавек пятнаццаць.
Выяўляецца, батарэйцы-ветэраны перажылі за нас куды больш. У партызанах мэты мы сабе выбіралі паводле сваіх магчымасцей, немцам шкодзілі з-за вугла ці – ноччу, а набліжалася небяспека – манеўравалі... А на фронце – ты ўвесь час на віду і не можаш праявіць такой самадзейнасці – выконвай загад, ды годзе.
17.1.45г. Фронт рушыў праз Варшаву. Мы тупаем у другім эшалоне. На Вісле, каля ўзарванага моста Кербедзя, – пераправа. У мяне такое ўражанне, што сапёры ў канфедэратках (польская частка!), стоячы па грудзі ў ледзяной плыні, насціл пераправы трымаюць для нас на плячах. Каб палякам не было так цяжка, мы імкнемся нават крочыць асцярожна, стрымліваем і коней...
Узабраўся на кручу берага і толькі цяпер спахопліваюся – разблыталася абмотка! На хаду, заразу, не паправіш, трэба да нечага прыткнуцца. Размініравалі нам толькі вузкую дарожку, не надта збочыш з яе – страшна. Наперадзе лысее даўзёрны цагляны парог, абмыты дажджамі. Кірую туды.
Лысы парог аказваецца агромністым фундаментам. Покуль на ім прыводжу да парадку сваю нагу, аднекуль з’яўляецца паручнік Войска Польскага з фотаапаратам і шчоўкае мяне так і гэтак. Я надта разгубіўся, але паляк тлумачыць, што справа не ўва мне. Сяджу на гістарычным муры. Усяго столькі засталося ад славутага Каралеўскага замка, пра які шмат ведаю са школы. Немцы спалілі ды разабралі яго сцены яшчэ ў 19З9-м...
Варшава – адны абгарэлыя шкілеты будынкаў. Падобнае ўжо бачыў летам у Мінску, калі прабіраўся праз яго ў Лошыцу здаваць справаздачу аб дзейнасці атрада. Толькі абгарэлыя шкілеты будынкаў тут іншыя па архітэктуры, а вуліцы месцамі выкладзеныя гранітнымі кубікамі – як у Вільні ці Гародні.
Нідзе – ні душы. Сёння на світанні ды яшчэ ўчора нашыя прарвалі нямецкія пазіцыі на поўнач і поўдзень ад польскай сталіцы. Гітлераўцы перад намі так драпанулі, што не чуваць нават ужо і артылерыі. Самалёты сёння не лятаюць: суцэльныя нізкія хмары. Рухаемся без ніякіх перашкод. Але няма за што зачапіць і вокам: усё панылыя куксы мураванак, руіны і пустэча.
Толькі к вечару, калі пачалі выбірацца з горада, паказаліся крыху цалейшыя дамы і домікі. З’явіліся першыя цывільныя варшавяне з клункамі, а на абочыне – нямецкія трупы.
15.11.45г. Заходняя Польшча.
Больш за тыдзень наш полк валачэцца ў трэцім эшалоне па мокрым асфальце. З шэрага нізкага неба ўвесь час лепіць снег з дажджом – «польская зіма», як ахрысцілі хлопцы. Зрэдку наперадзе чуваць глухія стрэлы першага эшалона. Злева і справа ад шашы – сумныя і аднастайныя будынкі з чырвонай цэглы, пакрытыя маркоўнага колеру дахоўкай. Прасмярдзелыя, каторы дзень не прасушаныя шынялі. Прамоклы на рагожу брызент з жывымі азерцамі вады на гарматах. Вазы з мінамётамі. Усё заляпанае граззю. Пясок скрыпіць на восях фурманак, адчуваецца за шыяй, скрыпіць на зубах...
Гармата мая сунецца першай. Наперадзе перастаўляе крывыя ногі Разбек - маўклівы татарын у туга заціснутым рэменем кажусе. Ён – камандзір маёй гарматы, у батарэі з першых дзён. За Разбекам абыякава шлэпаюць тупымі падковамі па мокрым асфальце дзве пары шыракагрудых біцюгоў. Кіруе першай парай пажылы вусаты дзядзька-беларус па прозвішчы Гайдук. Калі дзядзька крочыць па зямлі, здаецца апранутым у жаночую сукенку, аж гэтак яго шынель кароткі (хлопцы смяюцца, што шынель у дзядзькі Гайдука – якраз, задоўгі ён сам!).
Другая пара коней ідзе сама. Ездавы чуваш – худзенькі салдацік з ямачкамі воспы на твары – тупае са мной і дэманструе фокус: ідучы з левага боку, ухітраецца падскочыць ды левай нагой здзяліць мяне ў плечы так, што ледзь не валюся. Чуваш – другі ветэран у маім разліку.
Ззаду нас – маладзенькі і пуцалаваты, зусім яшчэ хлопчык, нават з пульхнымі ружовымі вуснамі і шчочкамі, Хілько. З ім амаль такі ж юны, з доўгай і несфармаванай шыяй, толькі на цэлую галаву вышэйшы за сябра, Ісаеў. Гэты стараецца паўтарыць прыём чуваша, але як ні скача, фокус у яго не выходзіць. Нарэшце, Ісаеў выцягваецца на ўсю даўжыню на мокрым, поўным конскага памёту асфальце, ад чаго ўсміхнуўся нават мой зараджальшчык Дубаў (той увесь час з ваўкаватай паныласцю трымаўся ззаду).
Высокі артылерыст, ратуючыся ад ног наступнай запрэжкі, паспеў толькі ўзняцца на ногі, як нас агарнула адчуванне: нешта здарылася. Я паўзіраўся наперад.
Галава калоны якраз уваходзіла ў сасновы лес. Справа і злева – якіясьці плакаты.
Читать дальше