Мяне апанаваў нейкі неспакой... «Нават кольт украла ў бацькі. Узняла з-за мяне ліцэй супроць Залескага. Прызналася сама ў каханні. На якія толькі не ішла ахвяры!.. А я? Адно цалаваў».
Раптам я ўспомніў цёплы пах яе цела. Дануся выразна паўстала перад вачамі і выклікала тужлівы боль. Чамусьці я быў упэўнены, што яна цяпер у Вільні. Мне, мужчыне, як цяжка ў вайну, а ёй?.. Захаце-лася яе, слабую, абараніць, заступіцца, дапамагчы.
— А-у-у-у! — апрытомніла мяне далёкае выццё ваўкоў.
Я прыслухаўся.
Адзін драпежнік выў нізка, гнусава, да жудасці паныла і тужліва. Потым да яго далучылася скавытанне, поўнае пакут і болю. Азваліся і іншыя. Лясное рэха падхапіла гэтыя гукі, памножыла іх, і праз хвіліну не стала чуваць асобных галасоў, гучала толькі адна жудасная сімфонія. У партызанскіх буданах з перапуду захраплі коні і жаласліва, у смяротнай і бездапаможнай трывозе забляяла авечка.
Я зусім апамятаўся і паглядзеў наўкола.
Стаяла месячная ноч без ветру. Перад маім носам пралунала алмазная сняжынка, збітая рэхам з галіны, і згубілася сярод мільярдаў іншых на іскрыстым снезе. Я быў ля вялізнага будана — партызан-скай кухні. Скрозь дубцы яго працэджвалася ніклае святло ад вогнішча.
Ваўкоў, мабыць, патрывожыў наш патруль, бо выццё раптоўна сціхла. На кухні нехта моцна дзьмуў, а заіклівы дзіцячы галасок пытаўся:
— Т-т-татка, а ч-ч-чаму, каб агонь гарэў, на яго дзьмухаюць, і к-к-каб загасіць запалку, т-т-таксама т-трэба дзьмухаць?
Гэта наш кухар Васіль са сваім сынам. Васіль яшчэ толькі браўся за вячэру. Жонку яго гітлераўцы расстралялі. Фашыст, які забіў жанчыну, загадаў пяцігадоваму Лёніку пашукаць сякеру, каб раска-лоць палена. Хлопчык падумаў, што фашыст хоча яго засекчы, і з той пары стаў заікам. Ужо некалькі месяцаў кухар быў у лесе з Лёнікам, і сын не адыходзіў ад бацькі ні на крок.
Расклаўшы пад катлом агонь, яны грэлі рукі. Скрозь шчыліны будана я іх бачыў нібы праз рэшата. Бацька сядзеў на калодцы, між каленяў трымаў малога і быў заняты сваімі думамі. Вушаначка хлопчыка вісела на грудзях, зачапіўшыся матузкамі за гузік паліто.
Кухар пачухаў запэцканы ў сажу нос аб хлопчыкаў вожык, чыхнуў і смачна пацмокаў ротам. Не адказаўшы сыну, надзеў малому вушаначку, засадзіў за халяву нож, узяў Лёніка за руку:
— Няхай сабе вада грэецца, а мы хадзем:
— К-куды?
— Завяду цябе ў зямлянку да дзядзькі Мікодыма.
— А т-ты што б-будзеш рабіць?
— Пайду рэзаць авечачку хлопцам на вячэру!
— I я з табой!
— Не трэба, сынок, каб ты на гэта глядзеў!
— Ч-чаму?
— Так...
Я схаваўся за густую елку.
— Т-т-татка, а ч-чаму мы ідзём і м-месяц ідзе? I ч-чаму ён такі парэзаны?
Падгледжаная сцэнка мяне растрывожыла. Я адчуў пякучую зайздрасць да Васіля і цягу да малых, захацелася патрымацца за дзіцячыя рукі, падыхаць іхнім пахам...
7
Калі я вярнуўся ў зямлянку, адзін наш хлопец апавядаў, як летам трапіў у лапы немцам і як яго ўратавала невядомая дзяўчына. Расказ гэты я чуў мо дзесяць разоў, але не звяртаў на яго ўвагі. А цяпер з'явілася надзея і нават упэўненасць: Дануся недзе гэтаксама ратуе людзей, і мне трэба абавязкова ёй дапамагчы.
Я ўпаў на нары, лёг на спіну, падклаў рукі пад галаву і сціснуў губамі саломінку.
У Трухана засвярбела раненая спіна. Ён прачнуўся, падлажыў пад сябе аўтамат, паспрабаваў пацерціся аб дыск, ды было нязручна. Хлопец вылаяўся, устаў, падышоў да слупа, які падпіраў столь, і пачаў церціся аб сучок.
— Здурэў?! — выбухнуў я.
— А табе што? — агрызнуўся ён сонны.— Ляжы, калі ляжыш!
— Пясок у вочы сыплецца, дубіна!
— Ад яловага пня чую! — Ён спакойна працягваў занятак.
Гэта мяне яшчэ больш раззлавала.
— Што вы, хлопцы! — мірылі нас партызаны.— Пеця, не чапай слупа, і праўда, сыплецца!..
— Халерная рана зажывае, ведаеш, як свярбіць? Каб табе гэтак, ты на сцяну палез бы!
— Ідзі на двор, патрыся аб сасну!
— Паны, маць вашу... пяску збаяліся, чорт вас бяры!..
Трухан упаў на салому і адразу захроп.
— Што з табой, Ваня? Чаму ты такі стаў раздражнёны, змрочны? — звярнулі ўсе ўвагу на мяне.
— Хіба няпраўда?!. Чухаецца як слон, а яшчэ агрызаецца! Во, нават на зубах трашчыць!..
— Я ведаю, чаму ён такі,— у яго баліць сэрца! — пажартаваў нехта, нават і не падазраючы, як блізка да праўды.
— Гэта іх усіх радыстка параніла, пакуль прывялі з возера!
— А нічога не скажаш, спрытная полечка! -- Адна фігурка чаго варта!
— Штосьці нездаровіцца...— прамовіў я.
— Хлопцы, даць любоўных капель Барташэвічу!
Читать дальше