Мы хвіліну памаўчалі. З такой пароды вясковыя людзі ніколі не пакажуцца табе адразу. Трэба было неяк асвоіць яго з сабой. Але як гэта зрабіць за некалькі хвілін?
— Фабрычная? — выцягнуў я ў старога сякеру і паспрабаваў вастрыё.
— Кавальская!.. Фабрычную нават у рукі не вазьму. Гэта — агонь, а не сякера!
Цярплівасць мая скончылася. I я адкрыта спытаўся пра дарогу да вёскі, ад якой недалёка Вільня.
— Вёрст трыццаць з гакам,— паказаў дзядзька рукой.— Туды, на Сыраежкі, Гліняны...
Даведаўся...
Вярста ў кожнай вёсцы розная, а «гак» — паняцце шырокае. Ад старога больш, відаць, нічога не вывуджу. Дзе па дарозе стаяць немцы, наўрад ці скажа. Прызнацца, што я партызан, не паверыць. Паліцаі пераапранаюцца пад нас, правакуюць людзей, а потым на месцы іх і расстрэльваюць. Ды невядома — «чырвоны» ты, дзеду, ці «белы»...
Я развітаўся з ім і пайшоў да хаты, ля якой на плоце круціўся ветрачок.
Бедна жылі ў той хаце. Гнілая падлога. Нізкая столь. Паўзмрок. Сырасць. Холад. У куце на саломе — цяля з засохлым кончыкам пупавіны. Ля печы насцярожаная кабеціна.
— Дзень добры, цётка! — пераступіў я парог, нагінаючы галаву.
— О, зноў нанесла! — буркнула кабета.
Дзяўчына, якая падмятала хату, аж села ад страху на табурэтку.
Вось дык прыём.
Я закінуў рамень аўтамата на шыю, сеў ля стала на лаве, дастаў хлеб і каўбасу, пачаў есці: не бурчы, цётка, мне нічога ад цябе не трэба! Супакоішся — пагаворым.
Раззлаваная жанчына мітусілася ўжо па хаце. З-за печы пака-залася ўскудлачаная галоўка з цікаўнымі вачаняткамі, пачуўся шэпт:
— Мам, гэта партызан?
— А ну іх!.. Немец бацьку твайго забіў праз іх і нас яшчэ падушыць, што рудых мышэй! — Цётка ўдарыла цяля апоркам.— Выцягнулася сярод хаты, каб ты акалела!.. Данута, чаго расселася як пані! Бяры вядро, ідзі конскага калу назбірай свінням!
— Паспею яшчэ...
Мне адразу расхацелася есці.
Але злавацца на жанчыну не было прычыны. Забітая і цёмная кабеціна была далёка ад таго, што адбывалася вакол, і па-свойму мела рацыю. Ды і мужык мог злажыць галаву за нашага брата выпадкова... Дарэмна сюды ішоў. Кепска, калі трапіш у вёску, дзе няма ні адной знаёмай душы.
Я паглядзеў на дзяўчынку на табурэтцы. Світэр на ёй вісеў нібы на пудзіле. Бледна-сіні твар. Гнойныя павекі і тлустыя валасы, быццам абсыпаныя попелам, а называецца, як у насмешку... Дану-тай. Бедная, нават ад роднай маці не чуе ветлівага слова. У хаце, мабыць, ад пачатку вайны не было і кавалка мыла, ва ўсім адчувалася запусценне і адзічэнне, якое прынесла вайна. Няёмка — гаротную і няшчасную сям'ю стаўлю пад небяспеку.
Побач на лаве ляжаў брусок. Я схаваў ежу, паклаў брусок на падаконнік і пачаў вастрыць фінку. Па замураваных марозам шыбах мільганулі цені — за акном прайшлі людзі. Відаць, нашы хлопцы...
Раптам знадворку нехта рвануў дзверы, і ў хату бухнуў клуб пары. На парозе вырас паліцай!
— Ці я не казала?!. — з варожым і роспачлівым абурэннем віскнула цётка.
Па яго паставе я зразумеў, што паліцаяў тут многа, і адчуў, як ад страху агортвае і мяне хваля холаду і здранцвення. Спачатку паралізавала ногі, потым зайшлося сэрца, запякло ў скронях і зрабілася млосна.
Але ў такім стане быў я з секунду.
«Спакойна, толькі без панікі!» — цвярдзіў я, беручы сябе ў рукі, і заставаўся сядзець спіной да дзвярэй.
— А-а, папалася птушачка, рукі ўверх! — пераможна і зларадна закрычаў паліцай, убачыўшы мяне ў паўзмроку.
— Мама! — кінулася дзяўчына да маці.
— Магіла нам, дзеці!..
— Гм, навошта ўверх? Папаўся — бяры, нічога не зробіш, здаюся,— знарок расцягваў я словы.
— О-о, хоць адзін разумны трапіў, хо-оле-ера! — паліцай прыспусціў аўтамат і ступіў да мяне.
Я ўстаў.
Паліцай не чакаў, што я такі высокі. Толькі цяпер ён убачыў маю фінку і на долю секунды сумеўся. Я маланкава садануў яму правым хукам у сківіцу, і ён асунуўся ў накдаўне, моцна стукнуўшыся галавой аб падлогу. Для ўпэўненасці я яшчэ прашыў яго чаргой з аўтамата і кінуўся на вуліцу.
— А каб ты свету не бачыў, каб ты сканаў на месцы, як ты маіх дзяцей загубіў, мала з вас было іхняга бацькі?! — бегучы за мной, кляла няшчасная жанчына.
Але было не да яе.
Вёска аж кішэла жоўтымі шынялямі жандараў і чорнай вопраткай паліцаяў. Траскацелі аўтаматы, нібы хто сыпаў на патэльню гарох, ірваліся гранаты.
— Дзе была наша варта? — прыстаў да мяне ўзбуджаны партызан, быццам гэта яшчэ мела нейкае значэнне.
Я кінуўся выручаць хлопцаў.
Сабралася нас у лесе менш. Трое назаўсёды засталіся ў вёсцы. Стаялі мы і маўчалі. Вецер даносіў пах гарэлай саломы. Месцамі снег аж пачарнеў ад сажы. На ноч бралася завіруха. Праз завейку пажар быў відзён ледзь-ледзь.
Читать дальше