У гаворку ўмяшаўся дзед — гаспадар хаты. Ён расказаў, як у 1863 годзе адзін польскі паўстанец уцякаў ад царскіх войск і залез у дупло. Там казакі яго і застрэлілі.
— ...Я быў яшчэ хлопцам,— правіў стары. — Спілавалі мы з бацькам дуб, а ў дупле — заржавелая стрэльба, чалавечыя косці, гузікі, спражка. Селі мы і думаем: што з гэтым рабіць? Закапалі ля трубы, на капец крыж паставілі...
Радыстка перад печчу пераабувала валёнак і строга па інструкцыі трымала аўтамат між каленяў. Цяпер можна было добра прыгледзецца да дзяўчыны: яна глыбока задумалася, не слухала ні хлопцаў, ні дзеда, не адчувала і майго позірку.
У яе і Данусі я знайшоў штосьці агульнае: аднолькавую манеру гаварыць намёкамі і трымаць сябе незалежна, з годнасцю... Стася нават прычоску і вопратку пры нашых умовах умела захаваць у такім парадку, на які, мабыць, здольны адно полькі.
Даўно я чакаў моманту для размовы. У мароз яшчэ не паспею прачнуцца, а падумаю, што з намі — Стася, устаю і з вечара да раніцы асцярожна і цярпліва вартую. Нарэшце хвіліна надышла... Трэба развеяць дзяўчыну.
Стася скончыла пераабувацца, устрасянула галавой, рассыпала цёмна-русыя кудзеркі і прыгаршчай правяла па валасах ад ілба да патыліцы з аднаго боку галавы, потым з другога — дакладна як некалі рабіла гэта Дануся над Віліяй. Яе аўтамат быў надта запацелы.
— Вытрыце яго, бо адразу заржавее! — падаў я анучку.— Праўда, праўда, заржавее! — I спахапіўся, што выражэнне «праўда-праўда» — Данусіна.
— Дзякуй,— узяла яна анучку і абыякава стала церці ёй аўтамат.
Я ўспомніў, што яе імя — Стася. Замест «малако» і «званіць» гаворыць «мооко» і «дзваніць». Дайшоў і да сэнсу дзедавага апавядання. Падумаў, што палякі ў часы небяспекі куды больш салідарныя, чым мы; яны майстры рабіць паўстанні, і наўрад ці хто лепш за іх умее канспіравацца. У падпольнай рабоце нам не хапае іхняй тонкасці. Нядаўна ў Варшаве фашысты знялі польскі надпіс з помніка Каперніку і замянілі яго нямецкім: «Дэм гросэн дойчэн астрономэн». Ноччу падпольшчыкі знялі шыльду і на цокалі зноў па-польску напісалі: «За тое, што вы хацелі мяне зрабіць фольксдойчам, я прадоўжваю зіму на шэсць тыдняў. Мікалай Капернік».
Палякі гордыя. Люблю гордых людзей. А яшчэ яны маюць цікавы звычай: жанчын называюць паняй, незамужніх дзяўчат — паненкамі, а мужчын усіх — і міністра, і столяра — пан; у ветлівай форме да чалавека звяртаюцца ў трэцяй асобе...
Кажуць, што з усіх жанчын полькі вылучаюцца вытанчанымі густамі, пачуццём прыгажосці, як немкі — акуратнасцю.
Калісьці мы, беларусы, непрыязна адносіліся да іх. Каб часамі павучыцца ў палякаў, колькі мы сказалі ў іх адрас абразлівых слоў? Я нават на Данусю глядзеў спачатку варожа з-за яе нацыянальнасці!
— Вы полька? — спытаўся я з пашанай.
Але час для знаёмства выбраў няўдалы. Чацвёра сутак пераходу на такім холадзе для яе было занадта, і яна зрабілася запальчывай:
— А вы ведаеце, што два генералы Парыжскай камуны і Фелікс Дзяржынскі былі таксама палякі?! Мой тата — член ЦК Польскай кампартыі і загінуў у Інтэрнацыянальнай брыгадзе ў Іспаніі. Гэта вас таксама здзівіць?
I Стася ад стомы і ад таго, відаць, што партызанскае жыццё не такое, якім сабе ўяўляла, расплакалася. Плакала, не хаваючы твару, з крыўдай, нібы я ўсяму віной.
5
У хату ўваліліся разведчыкі:
— Камандзір, крыніцы не замерзлі!
Хтосьці адпусціў вострае слова ў адрас Арміі Краёвай, але партызана зараз жа абрэзалі.
Трэба было вырашаць, як ісці. Я ўявіў сабе радыстку ў вадзе, убачыў нават, як яна вылазіць з ледзяной тоні ў прыліплай і пацямнелай гімнасцёрцы, як затым панцырам змярзаецца яе вопратка... Яна калі і пройдзе брод, дык потым наўрад ці вытрымае! Колькі яе? Кілаграмаў шэсцьдзесят з вопраткай!.. — Усё роўна пойдзем бродам! Пад'ём!
Пакуль прачыналіся партызаны, бразгалі зброяй і пазяхалі, Стася непрыкметна выцерла слёзы.
Ужо развіднела, але немцаў мы не баяліся: блізка партызанскі лагер. На балоце з крыніц узнімалася пара, нібы пад снег нехта закапаў катлы з варам.
— Ну, хлопчыкі, рыхтуйцеся прымаць ванны!
— Ад раматусу!
— Ого, па-лаціне ўжо загаварыў!
— Гэтае слова ведала нават мая маці!
— Чаму валёнак не здымаеш?
— Яны воданепранікальныя! — паддавалі сабе бадзёрасці партызаны і ішлі да вады.
Затрашчала альшына: хлопцы выламвалі сабе тычкі. Яны паздымалі кажухі, пінжакі, разам з аўтаматамі паднялі іх над галовамі і адчайна закрычалі:
— Э-эх!.. Мама родная!
Читать дальше