— Да чаго вада халодная!
— Каравул!
— Ух-х!
I апынуліся па пахі ў ледзяной жыжцы. Адна Стася нерашуча тапталася на беразе, але і яна пачала расшпільваць кажух.
— Я вас перанясу! — аб'явіў я радыстцы.
У вачах дзяўчыны з'явіўся жах.
— А я не хачу... Пайду, як усе...
— Мяне не цікавіць, што ты хочаш, чаго не хочаш! — зазлаваў я.— Тут камандую я, а ты будзеш мяне слухаць! I не думай, што насіць цябе на руках вялікае шчасце!..
Стася паўзіралася на мяне з разгубленай паслухмянасцю.
Я аддаў рацыю партызану, узяў дзяўчыну на рукі і пайшоў.
Пякучая як агонь вада даходзіла да грудзей, але цяжар дадаваў мне ўстоўлівасці. Толькі часамі я правальваўся глыбей, і тады Стася інстынктыўна хапалася за маю шыю, але зараз жа аднімала рукі і ві-навата ўскрыквала:
— О-ей, даруйце, я незнарок!
Гэтым яна толькі перашкаджала і адцягвала ўвагу.
— Сядзі і маўчы! А то кіну ў ваду і будзеш ведаць
Стася змоўкла.
Далей яна нават старалася мне дапамагчы. Сядзела нерухома, калі не дыхаў я, пераставала дыхаць і яна. Паміж намі ўстанавілася блізкасць. Стала яе шкада.
— А ведаеш, я памыліўся. Цяпер бачу, што з-за цябе можна і памокнуць...
— Та-ак? — разгублена працягнула яна.
Але зараз жа дайшоў да яе жарт, у вачах з'явілася ігрывасць, і яна стала яшчэ сімпатычней.
I тут, на марозе, брыдучы па пахі ў вадзе, якая пякла агнём, забівала дых, я ўспомніў, што і Дана ўскрыквала «О-ей!». Пырскі рэзалі твар і вочы, застывалі на каўняры, а мне хацелася верыць, што валасы, якія вылазілі з-пад яе вушанкі мне на лоб,— Данусіны.
Нарэшце мы выбраліся з ледзяной тоні.
— Тут ужо суха, пусціце! — ускрыкнула дзяўчына і скочыла на зямлю.
Хлопцы нас ужо чакалі. Яны ляскалі зубамі і скакалі, што вар'яты. З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам вопратку абліў хто варам. Стася глядзела на ўсё гэта з вінаватым спачуваннем. Я яе разумеў. Яна хацела падзякаваць, але ёй, відаць, здавалася — вельмі мала аднаго слова.
Нарэшце я праламаў лёд між намі.
— Не бойся, нічога са мной не здарыцца. Праз гадзіну высахну! — супакоіў я дзяўчыну.
— Камандзір-р-р, ведаеш, што я пр-р-рыдумаў? — ляскаючы зубамі, ледзь вымавіў Трухан. Яго язык нібы спатыкаўся на «р».
— Што?
— Калі зловім Гітлер-р-ра, халер-р-ру, пакуль адсылаць у Маскву на р-р-расстр-р-рэл, давай пр-р-ратр-рымаем зіму фюр-р-рэ-р-ра ў кр-р-рыніцах!
— Толькі злаві! — дазволіў я пад рогат сяброў.
Першы раз шчыра і непасрэдна ўсміхнулася радыстка.
— Ну, пайшлі! — прыязна паказаў я дзяўчыне ісці першай.
I мы падаліся далей ужо сябрамі. Стася часта і заклапочана азіралася на мяне, быццам хацела ўпэўніцца, ці жывы яшчэ, а мне зноў здавалася, што гэта Дануся.
Заныла сэрца.
6
Вярнуліся мы ў лагер апоўначы. Сябры разышліся па сваіх зямлянках адсыпацца. Я далажыў камандзіру, здаў радыстку і таксама пайшоў да сябе.
У зямлянцы — здаровы партызанскі храп. Вобмацкам знайшоў я свабоднае месца і ўціснуўся на нары. Прыемная цяплынь агарнула мяне ўсяго, і я адразу заснуў каменным сном змардаванага чалавека.
Прачнуўшыся, пачаў даходзіць да ладу, дзе я і што са мной. Панаваў паўзмрок. Падала толькі святло ад печкі, у ёй весела патрэсквалі сухія дровы. Побач на саломе — таварышы. Партызан — хадзячая энцыклапедыя — кагосьці павучаў:
— ...Назва «рэвальвер» паходзіць ад англійскага слова «ту рэвольв», што па-нашаму азначае — «круціцца». Рэвальвер адпавядае нашаму нагану, бо ў ім круціцца барабан...
Я здагадаўся, што ўжо вечар, а я праспаў канец ночы і цэлы дзень. Цела маё абнавілася, стала свежае і моцнае. Толькі на душы была нейкая цяжкасць. Калі хлопцы ўбачаць, што не сплю, засыплюць пытаннямі: як садзіўся самалёт на возера, ці быў лётчык з пагонамі (якраз іх тады ўвялі), як прайшлі крыніцы, дзе стаяць немцы... А мне цяпер зусім не хацелася дзяліцца ўражаннямі, я прагнуў пабыць адзін. Таму я і не варушыўся. Пачаў успамінаць: што такое зда-рылася? Ага, Стася! I зараз жа — Дануся!
— ...А пісталеты маюць плоскую рукаятку і ў ёй — магазін. Могуць быць і браўнінгі, вальтары, парабелумы — усе маркі заводаў, бы наш ТТ...
От жа знайшоў тэму!
Гутарылі маладыя, неабстраляныя партызаны. Зброя для іх была яшчэ рамантыкай, як для мяне некалі ў Вільні. Цяпер мне яна здавалася ненавіспым і цяжкім кавалкам жалеззя, я з велізарнай прыемнасцю закінуў бы і свой пісталет, і аўтамат у кусты, калі б не трэба было ваяваць з немцамі.
Асцярожна, каб не шастаць саломай, я падняўся і вышмыгнуў з зямлянкі.
Читать дальше