Апавядальнік пераможна абвёў усіх вачыма, праверыў, як яго людзі слухаюць. Слухалі ў напружанні.
— Ну, «Камаж» ж прычэпам прыпёр тавар ды шпыкіў-ша каля хлеўчыка. Рабочыя машыну пачалі ражладоўваць. Нейкі штары прытэпаў да іх ды шпытаўша, для чаго навалаклі штолькі гэтага дабра. Шафёр-жартаўнік. яму і ляпні:
«Не ждагадуваешша, дзеду?»
«Не».
«Труціць ваш жбіраючча».
«Но, но, што ты выдумляеш?!»
«Не ве-ерыш, дзе-ед? Хэ-э, шчэ і веры не дае!»
«А навошта ім пажбывацца наш?»
«Бо хочуць, каб да Новаго року нікого тут не жашталоша! Багадзельню вашу атрафіруюць — пад шклад пушкаюць калгашны! Ужэ і паперы ўсе падрыхтавалі!.. Толькі вы, дзеду, нікому — ні шлова аб гэтым!»
Штары ад шафёра — драла! I ўсе трышта «курортнікаў» ж багадзельні да вечара ражбегліша, хі-хі-хі-хі!
Але на лаўках панавала мёртвая цішыня.
— Зняць такого дырэктара трэ і судзіць! — буркнуў нехта ў цішыні.
— Расстраляць!
— Покуль што дырэктара не жнялі. Нельга жнімаць.
— Па-твойму, шчэ і па галоўцы яго пагладзіць за такое? — хтосьці гыркнуў нядобразычліва.
— А я кажу — нельга жнімаць! Покуль што дырэктар ежджыць ша шваёй шлужбай па вобласці ды ўпрошвае шваіх гаўрыкаў, каб вярнуліша нажад,— хто жа яго будзе іх атрафіраваць нажад у бага-дзельню. Упрошвае, а яны хаваючча і назад — аніяк не паддаючча!
Маленькі чалавечак рассмяяўся зноў, цьмяна бліскаючы сталёвымі зубамі.
Але смяяцца Вераб'ю кіхто так і не дапамог. Насупленыя людзі сядзелі моўчкі, думаючы кожны сваё.
— Нічо-ого, зні-імуць! — зноў пачуўся той самы абураны голас.— I судзіць будуць!
— Мала — судзіць! Трэ яго расстраляць!..
ЛІТАРАТУРНЫ ДЫСПУТ ПАД ГАЛУБІНАЕ БУРКАТАННЕ
1
Што і гаварыць — непрыемную вестку прынёс чалавек. Каб развеяць як-небудзь атмасферу, распараная Ліза кінула:
— Верабейчык-Верабей, непаседлівая птаха! Прылятаеш ты заўша да нас са сваімі байкамі, а нам кожны раз потым ламай галаву — ты сказаў праўду ці набрахаў зноў, як не раз бывало! Але — ладно ўжэ, дзякуй і за гэто! Бо што мы без цябе, дальбо, чалавеча, рабілі б тут? Закіслі б, мабыць, нарыхтык!
Стары з другой лаўкі, які стрымліваў баб, кажучы, што не ўсё яшчэ так кепска, паўзіраўся на жылістага сябра закаханымі вачыма і дадаў каментарый:
— Чорт яго не браў, ведае сваю справу!
— Ве-едае! — згадзіліся іншыя.
— Сашка, а ты паэму пра гэто трахні!
Маленькі чалавечак раптам уставіўся ў перакладзіну пад шыфер-ныя навесы, дзе ў млявай закаханасці буркаталі шчаслівыя ад цеплы-ні і сытасці галубы, рытмічна паперабіраў вуснамі, паківаў у такт галавой, аб'явіў:
— Атрафіруечча і яна! Трэ толькі, Ляшчук, пачакаць, каб ва мне ішкра божая добра ражгарэлаша.
— Во, во, пачакай, а іскра разгарыцца і — зрабі гэта!
— Жраблю...
Як кожны мужчьша, і Верабей мог бы даўно завесці сям'ю, мець дзяцей і нават унукаў, калі б не яго хвароба — пісанне гэтых самых «паэм». Выдумляў іх чалавек усё жыццё. Спачатку бэсціў у іх паноў, памешчыкаў і фабрыкантаў.
Напрыклад:
У Друскенікі паны
Ехалі лячыцца,
Бо багатымі былі,
Маглі расплаціцца.
Заадно рыфмаваў і быт:
Сонца ўсходзіць і заходзіць,
Ноч бярэ сваё,
Ты ж мне свеціш дні і ночы,
Сонейка маё!
На палітычным гарызонце ў трыццатыя гады з'явіліся чорныя сілы, і ён адразу абрынуўся на іх:
Параход наш ідзе
Міма прыстані,
Будзем рыбу карміць
Мы фашыстамі!..
Варта было занемагчы Пілсудскаму, адгукнуўся паэт і на гэтую падзею:
Пан Пілсудскі светам чмуціў,
Свае доўгі вусы круціў!
Круціў, круціў, перастаў,
Бо хваробу ў бок дастаў!
А настала вайна — бэсціў гітлераўцаў, бобікаў, перабежчыкаў і прадажнікаў.
Пасля вайны вершы Аляксандар пачаў выдумляць кожнаму, хто яго толькі прасіў.
Напрыклад, у прыгараднай вёсачцы ўпарціўся дзядзька і не ўступаў у калгас, учэпіста трымаючыся свайго надзелу. Калгаснікам гэты аднаасобнік быў надта невыгодным, яго надзел трэба было ўсім аб'язджаць, а куры пляжылі калгасныя пасевы, таму старшыня звярнуўся да паэта за падмогай. Адразу атрымаў твор:
Іван Кот, Іван Кот,
Гаспадар я добры!
Мам два коты да работы
I дзве мышы дойных!
Верабей выдумваў такія творы для насценных газет, вяселляў, хрэсьбін, дзён нараджэння, юбілеяў. З вялікай ахвотай ды з радасным уздымам браў заказ і ў чалавека, калі таму спатрэбілася хлёсткая байка пра суседа.
Вераб'ёвы вершы рэдка даходзілі да раённай газеты нават, бо ўсе гэтаксама былі няўклюдныя, шурпатыя ды просталінейныя, але ж некаторым людзям падабаліся, іх нават хвалілі, чаго аўтару было дастаткова.
Читать дальше