Гэтае цёплае месца аблюбавалі. для начных сустрэч каты.
Вечарам туды хаваюцца ад мацярынскага вока ды вучац-ца курыць, давяраючы з бесклапотным хіхіканнем адна адной свае першыя таямніцы, маладзенькія гараднічанкі.
А днём пад навесы спаўзаюцца з многіх канцоў горада пенсіянеры. Менавіта тут у старых свой клуб.
Дзеля выгоды пенсіянеры звалаклі сюды з бліжэйшых пад'ездаў масіўныя лаўкі — на нізкіх ножках з літага чыгуну ў форме адмысловых выкрунтасаў. Нават не паленаваліся збіць сабе з грубых аполкаў паўдзесятка столікаў.
Сярод пенсіянераў паступова ўстанавілася пад навесамі свая шчырая атмасфера, свой псіхалагічны клімат з адпаведнымі — бы ў дзетдомаўцаў — нормамі паводзін.
Там узнік стыль гутаркі, калі размову можна пачынаць з канца, з пачатку, з сярэдзіны ды можна пераскокваць з тзмы на тэму, а ў спрэчках дазвалялася не выбіраць слоў, і за гэта ніхто не меў права крыўдзіцца.
Сярод старых даўно выявіліся сталыя аўтарытэты і любімчыкі. Завязаліся сімпатыі.
У канцы лістапада, калі Лаўрэну не дазволілі хадзіць па ўнука ў дзіцячы садзік і чалавек перапробаваў усе магчымасці, каб сябе хоць чым-небудзь заняць, пад навесамі і ён знайшоў прытулак ды надта хутка да яго прызвычаіўся, ішоў ужо на спатканне з сабе падобнымі нават з ахвотай.
У КОЖНАГА — ПРАБЛЕМЫ СВАЕ
1
Пасля снядання Лаўрэн і сёння пакурыў, патаптаўся крыху ля акна ды зноў адправіўся за гасцініцу «Нёман».
Хоць ляпіў першы снег — густы, сыры і цяжкі, але пад навесамі ў балоневых куртачках і выцертых палітонах, у кажушках і ватовачках, абматаныя хусткамі — аблезлымі і новымі, ваўнянымі і байкавымі, расселіся ўжо на масіўных лаўках з фігурнымі ножкамі з літага чыгуну бывалыя Лаўрэнавыя землякі і зямлячкі.
З-пад Бераставіцы Велькай, Бераставіцы Малой і Бераставіцы-Станцыі. З-пад Свіслачы-горада і Свіслачы-мястэчка. З-пад Ваўка-выска, Шчучына, Воранава, Радуні, Смаргоні, Дзятлава, Ліды і Навагрудка.
Некаторыя старыя былі занадта худыя ці празмерна тоўстыя. Твары мелі зморшчаныя і набрьгаялыя. Валасы — пераважна сівыя, а вочы — выцвілыя ды слязлівыя. Іх таксама дарослыя дзеці выдралі з родных мясцін, прывалаклі ледзь не сілай на гарадскі асфальт у цяплічныя ўмовы, пазбавіўшы хоць якога-небудзь занятку, аддаўшы — хацелі маладыя гэтага ці не хацелі — бязлітаснаму тэрору чужога бацькам асяроддзя,— жыві і не вякай. Толькі чаго не выцерпіць стары чалавек дзеля сваіх дзяцей!
Прытэпаў Лаўрэн пад навесы, прысеў на лаўку і адразу акунуўся ў сваю атмасферу.
— Мой унук жэніцца ў суботу! — пахваліўся ўслых бліжэйшы мужчына ды з гонарам дадаў:
— Надта здольны хлопец. Ох, і башкаві-іты, каб ён здароў быў, які галавасты, ну й далеко пойдзе! I, думаеце, дзе робіць? У аркестры рэстарана ў калгасе «Прагрэс» — у саміх Верцялішках. Заўтра туды з падарункам мушу ехаць.
Яму ніхто не адказаў — занадта асабістую інфармацыю чалавек падаў. Маўляў, а нам якая справа да гэтага — твой унук, твой і клопат.
Побач з Лаўрэнам сядзела распараная ад цеплыні, поўная жанчына з бародаўкай каля носа. На галаву яна наматала столькі хустак, што нармальнаму чалавеку было б страх і падумаць, як такое кола шмотак добраахвотна можна на сябе накруціць ды потым цэлы дзень гэта насіць.
Упакаваная ў хусткі абвясціла сваё:
— А ў маім пад'ездзе ўчора сусед-дырэктар сваю мацеру пахаваў!
Каля поўнай расселася другая пенсіянерка з таксама ахутанай галавой. З падношанага яе паліто фарба злазіла нераўнамерна, таму здавалася, што на кабеціну з верху да нізу хтосьці са свавольнікаў начапіў шкілецікаў ад уюноў.
Каб не павісла ў паветры і гэтая інфармацыя, каб падтрымаць плынь гутаркі, другая пенсіянерка ўжо з перабольшаным здзіўленнем ускрыкнула:
— Ах, бо-ожа, шчэ адна адышла!
— Чаго ты, Зося, хочаш — высакосны ж год! — распрамянёная, удзячная за падтрымку, растлумачыла і заахвоціла астатніх, каб слухалі: — Толькі я хачу зара гаварыць аб іншым. Я — пра тое, як дзеці цяпер бацькоў шануюць — адно пагляньце!
Яе перабіла худая, у старым капелюшы:
— Ого — ушануюць яны цябе, якраз! Таму я і ўпрасіла зяця, каб мяне хаваў толькі на вёсцы — там пашаны старым аддаюць усё ж такі больш!
Худая перашкаджала. Зося неахвотна зыркнула на суседку:
— Ну, ну, кажы, Ліза, расказвай! Памерла дырэктарава маці, гаворыш, і што далей?
— А слухай, збіраюса ж вам расказаць! Пазванілі дактары сыну з больніцы — прыходзь па сваю мамашу ўжэ — небарэка гатовая, царство ёй нябеснае! Дырэктар з рабочымі селі ў грузавічку, заехалі ў той морг ды цело забралі. Труну рабочыя прывязлі з Друскенікаў багатую, о-ой, бага-атую! — нават з бліскучымі ручкамі, бы свіныя вушкі! I завалаклі адразу на пяты паверх да сына. А ў яго дзеці: адной дачцэ — восем, другой — дзевяць. Малых жонка адразу — авэк! —- гуляць на двор, а сама з мужыком узялася прыбіраць свякруху. А нам, суседкам,— ані славечка! Хоць вучоная цытра добро ведала, сколькі разоў да яе старой мы хадзілі цэлым гуртам у больніцу, кампотаў ды яблык прыносілі.
Читать дальше