Пры дапамозе тых самых сясцёр міласэрнасці, якія покуль што ні аб чым не здагадваліся, оберст заладаваў усіх дзвесце дзевяноста сем калек з руска-японскай вайны ў вагоны вузкакалейкі ды павёз у Пышкі над Нёманам у тое месца, дзе праз раку была перакінута пераправа да форта Загараны, а ў траве рагаталі, бліскаючы на сонцы крыштальнымі бакамі, крынічкі. Менавіта там немец загадаў выкапаць вялізны роў, калек і былых параненых у роў пакласці ды пастраляць, на брацкай магіле паставіць крыж.
Пасля экзекуцыі заплаканых сясцёр міласэрнасці оберст пад канвоем адправіў на Фолюш у лагер палонных, а сабе ў блакноце чыркануў для памяці:
«Каманду грабароў па тлушч і косці на магілу ў Пышкі паслаць не раней лета 1916 года, калі целы рускіх канчаткова разлолсацца і прыгоднай сыравінай стануць».
...У нядзелю, атрымаўшы ад дзяжурнага па роце адпускныя паперкі, Лаўрэн з Касцевічам часамі хадзілі да счарнелага праваслаўнага крыжа з жалезнай іржавай дошчачкай ды лічбай «297», укапанай на доўгай, бы загон агародніны, магіле, каб пастаяць ды падумаць аб лёсе рускага салдата. Касцевіч у такія хвіліны шаптаў, бы малітву, вершы, яшчэ і прытупваў у такт нагой.
Крочыў зараз да памятнага месца Лаўрэн і падлічваў. Выходзіла — апошні раз быў, там гадоў з пяцьдзесят таму. Аж не цярпелася ўзглянуць на запаветную мясціну яшчэ раз ды ўстрывожаную душу пасаладзіць болем успамінаў.
Толькі тупаў дарэмна.
Палоскай маладзейшых сосен, кудой некалі ішла вузкакалейка, Лаўрэн даволі хутка выйшаў да рэчкі. Нёман дыхаў густой, белай парай. Каля самага берага яшчэ тырчалі з вады счарнелыя дубовыя пянёчкі — рэшткі царскай пера-правы да форта ў Загаранах. Але ад былой магілы не засталося і знаку.
Зніклі без следу і вясёлыя крынічкі.
У тым самым месцы зараз красавалася маленькая палянка, а на краі яе — будыначак артэзіянскай свідравіны, акуратна складзены з сілікатнай цэглы. Ля самай вады — гранітны абеліск, і на ім напісана, што дакладна ў гэтым месцы летам 1944 года нашы войскі з крывавымі баямі фарсіравалі Нёман.
— Брацкія магілы з апошняй вайны перакрылі царскія, нічого не параіш! — прамовіў услых Лаўрэн, цяжка ўздыхнуў ды павярнуў назад.
2
Памалу ён супакоіўся і ўжо быў задаволены, што сюды прытупаў. Стары пышкінскі лес цалкам захапіў Лаўрэна таямнічай і бяздоннай глыбінёй, закалыхаў душу пгумам ды ў тысячны раз уразіў адчуван-нем быцця, ладу і спакою. Літых і шурпатых камлёў смаладабытчыкі тут ніколі не псавалі насечкай. Пазіраючы на велічныя кроны і гонкія медзяныя сосны, адчуваючы пахі набрынялай вільгаццю ігліцы і кары, Лаўрэн раптам адчуў усю марнасць сваіх клопатаў у параўнанні з адвечным дыханнем гэтай мудрай, самастойнай, упэўненай, жывой і дасканалай масы, адкуль, напэўна, выйшлі вытокі ўсіх продкаў, як і яго самога.
Ужо захацелася Лаўрэну назаўсёды зліцца з лесам.
Не заўважыўшы нават гэтага, ён доўга тупаў перад сабой без мэты, і чалавеку ані крыху не нудзілася. Бы ля Зялёнай Даліны, дзе ён, заклаўшы рукі за спіну, прахадзіць мог па полі паўдня, адчуваючы велізарную асалоду ды набіраючы сілы і спакою.
Гэтак у Лаўрэна паступова не стала аніякіх клопатаў, а сам ён бытта павіс паміж небам і зямлёй сярод зялёнага шуму, гармоніі і ладу, перанёсшыся душой у дні далёкай маладосці. Ужо яму выразна здалося, што побач тупае, моцна нахілены ўперад, Міхась Касцевіч, якога не маглі адвучыць горбіцца ні «капралі» з іх любоўю да муштравання, ні «плютановыя».
Тут Лаўрэну штосьці як бы цюкнула.
Чамусьці толькі аж цяпер выразна ўспомніў, адкуль ведае пісь-менніка, каторы ў доміку Элізы Ажэшка падарыў яму чатыры месяцы таму жоўтую кніжачку!
Гадоў з дваццаць таму Мірон прыслаў на хутар сваю Тэклю з прапановай — Кавальцы збіраюцца ехаць у Скідэль на сустрэчу з Васільком, мотуць узяць на фурманку яшчэ і яго з жонкай. Маркевічаў упрошваць не трэба было. Абое апрануліся ў святочнае ды неўзабаве былі ўжо ў Кавальцоў на падворку.
Скідэль тады яшчэ лічыўся райцэнтрам. Ехалі да яго і хваляваліся, успамінаючы былое.
«Каб хоць народ сабраўся? — буркнуў Лаўрэн.— Дзісь жа звычайны будні дзень, людзям не так лёгка кінуць работу ды выбрацца на такое!»
Мірон згаджаўся:
«I вызначылі на калі сустрэчу, скажы! Якому дурню магло такое нават у галаву прыйсці? Мало будзе народу, то вучняў са школы папруць — начальство вечно на школьніках выязджае!..»
Непакоіліся дарэмна.
Калі зялёнадалінцы заязджалі ў двор раённага Дома культуры, сваім вачам спачатку не паверылі — там ужо грудзіліся вялізным табарам фурманкі. Такое дзіва яны бачылі толькі перад вайной на штомесячных кірмашах альбо на фэстах. Але людзей не было відаць. Распрэжаныя коні спакойна жавалі з торбаў аброк. Каля сцен і платоў зіхацелі лакам дзесяткі ровараў і матацыклаў.
Читать дальше