Тая з-за дзвярэй віскнула:
— Хто мне яго прывядзе, ты-ы??
— А як робяць тыя бабы, у каго дзеці ходзяць таксама ў садзік, а дзядоў, бабуль у іх зроду не было? Як робяць маці-адзіночкі? Чаго маўчыш, бы не ведаеш? Тс заўтра іх распытай ды рабі гэтаксама! Без цябе не адбылоса б сходу, думаеш? Чорт не ўзяў бы твой музей — ён ужэ сто гадоў стаіць! На хрэна табе выслужувацца, больш за ўсіх трэбо, та-ак? Усё — ты да ты? Хопіць, б-бляха, што я ўкалуваю, бы той заезджаны балаголскі конь ды прыношу дамоў на жызню, гэтага мала?
Уладзік яшчэ грымнуў кулачыскам па стале гэтак, што аж дзвэнкнулі ды: перакуліліся чаркі.
— Ад заўтрашняга дня па малога — сама ходзіш!
— Бытта так проста!
— I пойдзеш!
— Як атрымаецца!
— А я сказаў! Калі бацька не можа, хай сядзіць дома ды адпачывае! А то хай ідзе сабе куды — я ўжэ не раз яму цвярдзіў і заяўляю зноў! Занятак у нашым горадзе знайсці лёгка, бо гэта не Бераставіца ды не Эйсманты якія! Грошай у мяне хапае — хоць кожды дзень у рэстаран нават сабе хадзі! А што, хібо гэтаго не варты? Папарабіў усю жызню, ніхто яму рэстаранам вытыкаць цяпер не можа! Права такога ніхто не мае! Э-э, каб я, б-бляха, гэтак меў вольны час, то знайшоў бы сябе заняць чым! Шчэ як знайшоў бы! А то ўчора нашыя з Канадай сустракаліся на лёдзе, а я так і не паглядзеў матча!
Уладзік павярнуўся да брата:
— А ты яго бачыў?
— Фігу з макам! На перагоне ў гэты час кукаваў — паміж Тэалінам і Россю. Каля Мачуліна пяцікіламетровы аб'езд з лужамі, левая рысора ў аўтобусе паляцела — халерную лятучку выглядваў гадзіны дзве. Слухаў крыху па транзістары ў кабіне, як «кляновыя лісты» гол нашым забілі. Але гэто — мучэнне было, а не слуханне. Адно злосць разабрала. Пасажыраў адправіў папутным, а сам лёг і хра-павіцкага задаў да прыезду нашых. Калі б прадбачыў такое, захапіў бы турыстычны тэлевізар — ён у мяне старога выпуску, а ізабражэнне шчэ дае файнае, не тое што цяперашнія! Але ж да міжнароднага матча спадзяваўса сем разоў вярнуцца дамоў!
— Во!
Уладзік паўзіраўся на бацьку з папрокам.
— Да тэатра схадзі! Ты калі-небудзь у ім быў?
— Бачыш — не быў яшчэ нават у ім! Хоць нікому не прызнавай-са! Не заглядуваў ніколі ў яго і я — схадзі за сябе і за мяне! Кажуць, туды толькі ў гальштуках пускаюць, то бяры мой — у шафе іх поўная сценка! У музей загляні — шафёры нашыя бачылі ў ім надто здаровыя мамантавыя косткі і якісьці крыжацкі меч, што дзвюма рукамі бяруць! У Друскенікі махні на пару гадзін ці — у Вільнюс, Мінск, а то і ў Рыгу! Альбо выпішы сабе на вакзале казённы білет па свайму ветэранскаму пасведчанню ды з'егдзі да нашага Коліка ва Уладзівасток! Чуеш, бацьку?
— Я на татавым месцы даўно там ужэ быў бы! — падтрымаў брата Павел.
— А я што кажу? Тое самае! I не хадзі, бацьку, такі шчарбаты — зубы сабе ўстаў!
— Абавязково!
— I — залатыя!
— Шчэ што вы мне выдумаеце...
— Павел табе дзело кажа!
— А чаму б табе іх і не ўставіць?
— На чорта мне золато? Патрэбно яно мне, як рыбе парасон... Сколькі мне зубамі тымі жаваць засталоса...
— Усё роўно — хай ведаюць нашых!
— Слухай, бацьку, што гаворым — не бунтуй, а так і рабі! Астатняе — маёй бабе пакінь! Выдзюжыць, іншым шчэ й не так дастаецца — маладая, да капрамонту ёй далёко!
— Ты пра мяне і слоў людскіх не знойдзеш каб сказаць! — з-за дзвярэй, не вытрымаўшы, агрызнулася Кіра.— Для мяне лепшага не падбярэш — адно хамства!
— А ты маўчы там!
— Чаго буду маўчаць? Чаму я павінна заўсёды маўчаць ды пераносіць тваё бескультур'е?! Ну ж і дурная была я, выходзячы восем гадоў тамў за цябе замуж!
— Думаеш, намнога была б разумнейшая, каб выйшла ў гэтым року? Ані крыху!
Паміж імі разгарэлася такая сварка, якой Лаўрэн яшчэ ані разу не чуў. Нявестка заадно пачала і на яго выкрыкваць усё крыўднае і несправядлівае. Лаўрэн пры гэтым адчуваў сябе, як той голы ў крапіве.
4
З Кірыных слоў Лаўрэн неўзабаве даведаўся пра многае. Галоўнае — надта кепска сябе паводзіць, таму клопату з ім куды больш, чым з малым.
Навучае яе сына непрыстойным песням.
Аднойчы, не памыўшы, даў малому грушу.
Да стала можа сесці, не спаласнуўшы нават рук,— хіба што сама прасочыць ды прымусіць яго схадзіць у мыцельнік.
Вечна наравіць сваімі старымі і босымі нагамі лазіць па кватэры ды разносіць розную заразу.
Суседка Лілія Уладзіміраўна — Вадзікава маці — ёй гаварыла, што раніцой швэндае ад пад'езда да пад'езда са старым вядром, падбірае недагрызкі і камяні! То зноў на лесвіцы святло кожны раз бяжыць выключаць, хоць яшчэ не зусім развіднела. А калі б і развіднела, якая яму да гэтага справа, хіба ён дворнік?
Читать дальше