З выглядам дабрадзея Уладзік прыглядзеўся — як бацька ўспры-мае яго словы.
Стары ўсё маўчаў, і сын прадоўжыў:
— Нагараваўса ты за свой век, тату, і нарабіўса досыць! У-ух, як вам з мацерай дасталоса — па самыя дзюркі ў носе! Таму зараз жыві ды адпачывай, бацьку! Хібо не заслужыў такого адпачынку? На поўную катушку! Адно надто не накурувай малым тут — сам ведаеш, як гэто ім шкодзіць, з-за таго я дыміць дома высцерагаюсо. А пасля сну, бацьку, раскладанку сваю ўбірай за сабой ды на антрэсолі закідвай, бо мая жонка халерную жалязяку і не ўзніме — бачыш, якія бабы цяпер у горадзе вутленькія!
Кожны раз важдацца з алюмініевай канструкцыяй, абцягнутай брызентам, абрыдла, і больш тае раскладанкі з антрэсоляў Лаўрэн здымаць не стаў. Разгортваў матрац на паркеце — падлога цёплая і чыстая, коўдра панская; матрац хоць і тонкі, але ж да цвёрдага ён, бы той кітаец, прызвычаіўся яшчэ з малога — на мяккім, відаць, і не заснуў бы.
Куды горш было, што дзеці не давалі нічога рабіць.
— Хопіць, бацьку, ты за ўсё жыццё нацярпеўса і намаяўса аж па самыя годзі! — яшчэ раз растлумачыў сын, калі аднойчы Лаўрэн, узяўшы шчотку, паспрабаваў прыбраць памяшканне.— Кіра сама справіцца, не трэ мне яе псаваць!
Ён паспрабаваў бараніцца:
— Ці ж гэто работа, Ула-адзік?!
Сын быў няўмольны:
— Кінь! Дома ў нас хто падмятаў — мацерын быў гэто клопат, а не твой! Дома ты ані разу не ўзяў веніка ў рукі — памятаеш? Успомні ты, успомні, як было!.. Хай і мая жонка лішні раз зварухнецца, а ты сабе адпачывай, я ўжэ мінулы раз табе сказаў і паўтараць не люблю! Зрэшты, сам бачыш, якое ў горадзе падмятанне!
— Усё ж такі...
— Не дуры сабе, бацьку, галавы — нічого з маладой бабай не зробіцца, і карона з галавы не спадзе, калі шчоткай махне сюды-туды! Для гэтаго ёй нават нагінацца не трэ, як нашай маме над венікам,— бачыш, якія чаранкі для шчотак у гарадах тут прыдумалі? На паўтары метры! А лепш хай бярэцца за пыласос — для чаго такія грошы ў яго ўбухалі! Але ты пыласоса не бяры нават у рукі, бо шчэ ўключыш не туды і замыканне мне зробіш!..
2
У той дзень Уладзікава сям'я, як звычайна, з самай раніцы разы-шлася. Адразу пасля абеду Лаўрэн напусціў сабе ў ванну гарачай вады, залез у яе ды старанна памыўся. Выцершыся вялізным, як прасцірадла, і валахатым ручніком, сеў у мяккае крэсла ля тэлевізара астываць. Азіраючыся, каторы раз узяўся ацэньваць учэпістым вокам практычнага мужыка ўсё, што перад сабой бачыў. Ён ведаў аж за-надта вартасць чалавечай працы і яшчэ раз парадаваўся за сваіх сыноў.
«Ты толькі глядзі, як, халера на яго, здорава тут у іх усё прыду-мана. Мэбля — бы з дыхтоўнага дзерава. Нават і не паверыш, што — са спрасаванай саломкі, пакрытай карычневым лакам ці палітурай. А што ты будзеш рабіць, калі разрасліса гэтак гарады? У кожную кватэру падай ды — не быле-што. Дзе ж усім таго загранічнаго дзера-ва — той карэльскай бярозы набрацца. I во — знайшлі галавастыя інжынеры простае выйсце. Шчэ як файно блішчыць, і ні халеры да яе не прыстае — змахнуў потым звычайнай анучкай пылок ды зноў маеш той самы бляск. I блішчыць як — хоць ты бяры брытву ды галіса над ёй, бы перад люстэркам! А паркет?»
Падчас баёў у Германіі Лаўрэн у замку нейкага фон-барона бачыў такую менавіта камбінацыю з шашачак у елачку. Валяліся яны тады на такой падлозе з нябожчыкам Васілём Шпаком ды прыкідвалі — а колькі ж пайшло дубу на яе, заразу, колькі ж патрачана працы, якая ж яна павінна быць дарагая! Васіль казаў: і ў памешчыка з яго вёскі, у пана Вішпінга, падлога дакладна гэткая самая — Васіль добра разглядзеў, калі пану двайныя рамы падганяў.
«I во, бачыш ты, цяпер — абодва мае хлопцы падлогу паркетную маюць ды нават сабе з-за гэтаго ў вус не дуюць. Нявесткі мажуць яе кожны месяц якойсьці жоўтай гуталінай, шчэ націраюць добро і тады — хоць ты коўзайса.
А святла колькі!
Мала ім лямпачак пад столлю ва ўсіх пакоях, калідорах, ваннай ды туалеце, дак яшчэ дзеці завялі сабе высокую, бы мухамор, штуко-віну на белым, як для панскага сабачкі, павадку — нясі яе, куды ўздумаецца, і стаў. За ланцужок пацягнуў і — лямпачка загарыцца, а другі раз тузані — згасне: як бы яна была разумная ды ведала, калі і што ёй рабіць! Называецца, нібы для смеху,— таршэр. I файная, зараза,— вачэй не адарваць.
Эх, каб такое святло колішнім бабам, як бы яны пралі, што б навычаўплялі на кроснах, якія вышыўкі павышывалі б, якіх на прутках навязалі б світраў і кофт!
А там зноў краны з гарачай і халоднай вадой — пускай яе сабе, колькі твая душа пажадае і калі спатрэбіцца, альбо і просто — уздумаецца...
Читать дальше