Праз хвіліну бабы апынуліся на бруку.
Выбраўшыся на Індурскую шашу, жанчыны, каб перавес-ці дых, завярнулі да Нёмана.
Піліпіха адразу паставіла пад куст іконку, укленчыла на траву ды пачала біць паклоны і маліцца. Бабы прыклалі адна адной кампрэсы да сінякоў. Памыліся ў рэчцы і прычасаліся. Уклалі свежыя косы. Затым паселі на мурог, узяліся за вузлы і торбы.
Паступова развязаліся языкі.
Ужо закусваючы сітнім хлебам з ліманадам, жанчыны ўспаміналі выпадак ды здаволена рагаталі, бытта вяртаючыся з гулянкі.
— Ну ж і крычаў, ну ж і перапалохаўся бацюшко! — пераможна смяялася касцістая Палося.
Рыжая і маленькая таўстуха Тамарка — яе браціха — дадала:
— I паноў — аж халера брала!
— А гэты халуй як хопіць мяне на рукі!..— успомніла Палося.— Але я паўпанка, каб на яго пранцы, добро сперазала кіёчкам ад патрэта, аж увагнуўсо мой кавалер!.. Кофту, заменак, распаласаваў!.. У каго аграфка е, бабы, трэбо скалоць!.. Ох, і тут шчэ сіняк, прымочкі пакладзіце!.. А пяку-уць як!..
Увесь у кропінках, бы вераб'інае яечка, курносы тварык Тамаркі ды зялёныя вочкі аж свяціліся ад спазнанай досыта асалоды ад перамогі. Яна пахвалілася:
— А я сваяму ўхажору праехаласа кіпцюрамі па мордзе — як бараной!
— Мяне, ля, хапіў паўпол і папё-ор, папё-ор некуды мужык!— жалілася Хімка.— Як вырвусо, як пабягу, то аж ля аптэкі апынуласа! Азіраюсо — і вы бяжыце!
— Нават ланцужок парвала ад крыжа!.. I эмаль патрэскаласа!.. Ой, жанчыны, дасць мне Альяш, дальбо!.. Хоць ланцужок счапіць як-небудзь!.. Папрашу каго з мужыкоў на вёсцы...
— I краму ім перакулілі!.. — не ўнімалася Тамарка.— Дабра столькі ім напсавалі — на злотых дзесяць, а мо і больш!.. I добро ім так! Бо дзе гэто бачыў хто, у царкве — гандаль! Альяш ніколі не дапусціў бы да такого!..
— Аднак сарвалі мы ім, бабы, свято, папсавалі ўсю музыку! — падсумавала Палося.— Мне ніколі не было так страшна, а хай на яго! Думала — паліцыю выклічуць!
— I паклікалі б, каб не ўцяклі! — разважыла Хімка.
— Затое памятаць нас будуць доўго! — уздыхнула Палося.
— Адну цётку Піліпіху не крануў ні адзін кавалер!— пырспула Тамарка.— Але ж вы, цётко, і нарабілі енку — на цэлую іхнюю царкву!
Бабка старанна біла паклоны ў пясок перад малюнкам Альяша ў глыбокай, бы скрыначка ад расады, рамцы і нават не павярнула да іх галавы.
— Рыхтык, засмяецца яна табе!.. От заядлая ў сваёй веры! — з пашанай і захапленнем заявіла ўжо прыціхлая Тамарка.
Хвіліну бабы памаўчалі, паўзіраліся на бліскучы плёс ракі, на жоўтыя пляжы ды замглёную сцяну лесу.
— Як тут файно!..— здзівілася Палося і сама сабе адказала: — Але ж ці табе гэто хараство? Праўду мой мужык чытаў у газеце:
I сасновы бор, пясок, у Нёмане купанка,
Птушак розных галасок — панская гулянка!..
Усе ўздыхнулі.
Праз хвіліну худая маладзіца ўсхапілася:
— Ох, божа, чаго тут выседжваю, як тая пані, мяне ж дзеці чакаюць дома!..
Устаючы, Палося яшчэ раз уздыхнула:
— Мужык прыб'е, дальбо!.. Ён у мяне ў гэто нічого не верыць і адразу скача з кулакамі да морды!.. Ці прыдумаю гладко?.. А сінякі куды мне дзяваць? Выручайце, бабы, калі біцца надто будзе!..
Пра свае сем'і ды гаспадаркі раптам успомнілі і астатнія жанчыны. Усе яны пасур'ёзнелі ды пачалі збірацца ў дарогу. Тэкля іх павучала:
— Трэ нам цяпер трымацца разам на вёсцы!..
4
Інцыдэнт у гродзенскім саборы настолькі быў нязначным, што, напэўна, не кожны гараджанін, хто ў першы дзень сёмухі вярнуўся з літургии, палічыў патрэбным расказаць пра гэта дома. Затое ў Грыбоўшчыне баб спаткалі, як гераінь.
Праз дзень-другі выпадак аброс неверагоднымі падрабяз-насцямі і разляцеўся па вёсках сенсацыяй.
— Чулі, што ў Гродна грыбоўшчынскія бабы натварылі? — пыталі адна ў адной страшаўскія цёткі.— Кажуць, увесь горад перавярнулі ўверх дном!
— I не кажы! — пацвердзіла аўтарытэтна Кірыліха ды стала маляваць падзеі, бытта сама там прысутнічала: — Ішоў якраз малебень. Тэкля з бабамі ўнесла патрэт Ільі на паперць сабора і пачала казаць слово божае, якое Альяш атрымаў. Бацюшко хацеў яе спыніць, дак Альяшоў патрэт як засвееціц-ца, заблішчы-ыць, бацюшко як схо-опіцца!.. З кадзілам і ў рызе на званіцу пабег!
Бліскаючы ад унутранага агню вачыма, Кірыліха натхнёным позіркам абвяла слухачоў:
— Ісціны крэст! А народ, які ў саборы ў той час быў, давай бабам у ногі кланяцца ды гаварыць: «Мы даўно ведалі пра вашаго Ілью, але нас папы не падпускалі да яго новаго вучэння! Мілыя сёстры, дзякуем вам, што свет нам адкрылі!..» I людзі раз-два павыкідвалі свае іконы з прытвора, памясцілі ўсюды Альяша!
Читать дальше