Пасля снядання мэр горада, пан Стэмпоўскі, надзеўшы свой цыліндар, павёў высокага і мажнага пана ў афіцэрскіх ботах ды ў чорным, з заламанымі над вухам палямі, кацялку на інспекцыю.
На Замкавым дзядзінцы прафесар Ядкоўскі завёў прэзідэнта пад палатняны дах. Павольны, як бусел, у клячастых брыджах і ў панчохах да каленяў вучоны паказаў толькі што раскапаную ім княжскую царкву XII стагоддзя. Пад вялізным навесам з суровага кужалю ўражаў сваёй правільнай формай, зіхацеў маёлікавымі пліткамі ўнушальны помнік старажытнай рускай культуры, вытыркаўся з-пад дзевяціметровага культурнага слоя зямлі якраз там, дзе, паводле ўсіх падручнікаў гісторыі, можна было раскапаць толькі касцёл.
Пан прэзідэнт слухаў моўчкі. Ён нават крануў асі-метрычную і плоскую цэглу са слядамі пальцаў старажытных майстроў. Паспрабаваў укалупнуць разведзены на жаўтках і бычынай крыві акамянелы раствор. З недаўменнем паківаў галавой:
— Умелі калісьці рабіць, г-ого!
— О! Майстры былі выдатныя, пане прэзідэнце! — згадзіўся вучоны ды з дасканалым веданнем справы пачаў прафесіянальна распісваць працэс старажытнага рамяства.
Аднак прэзідэнту падзеі васьмісотгадовай даўнасці ўжо апрыкралі. Ён правёў рукой па неахайна сшытым рознымі ніткамі палатне і абарваў вучонага:
— Удалося ж пану раздабыць матарыялу такі кавал!..
Прафесар вінавата замяўся.
— Тут у вёсачцы ля Гродна мужык аб'явіў сябе прарокам, пане прэзідэнце. Забабонныя сялянкі назносілі яму кужалю. Я купіў семсот метраў за паўсотні злотых! Біёлаг Каханоўскі, вандруючы летам з гімназістамі, завітаў у тую вёсачку і падказаў пра палатно!.. «Гарцэжы»[ 5 5 Скаўты
] мне сшылі...
За прэзідэнтам замацавалася слава добрага гаспадара. Стары і малы ў Польшчы ведаў з газет, як ён даражыць кожнай дзяржаўнай залатоўкай, якія алейкі і клумбы, якія фартухі ды камбінезоны носяць рабочыя ў гарадку, дзе дыміў лісіным хвастом яго завод мінеральных угнаенняў. Калі ён туды прыязджаў летам, адміністрацыя збівалася з ног, глянцуючы пасёлак, тэрыторыю завода, а паліцыя праганяла з пасёлка бо-сых сялянак з кошыкамі і бідонамі.
Іграючы ролю руплівага гаспадара і на Замкавым дзядзінцы, прэзідэнт яшчэ раз пашчупаў палатно і паківаў галавой:
— Семсот метраў за паўсотні, го-го!..
— Але ж — так, пане прэзідэнце! — пачціва пацвердзіў вучоны, прыемна здзіўлены, што менавіта гэтае глупства зацікавіла госця.— Ільняное! Тут яго пяць акраў! Пакрыць дошкамі дах абышлося б мне сем разоў даражэй!
На развітанне госць уразіў сваёй эрудыцыяй прафесара:
— Падчас экспедыцыі Нобіле на Поўнач, як потым было выяўлена, выжывалі толькі тыя палярнікі, хто меў на сабе льняную бялізну!
«Візітацыя» ад Замка адправілася пешшу ў горад, дзе высокі госць калісьці вучыўся ў гімназіі.
Стэмпоўскі, на якога леглі клопаты аб прэзідэнце, паходзіў з первеню, але трымаў фасон. Ён насіў абвіслыя і нафібраныя вусы, а ў воку — манокль. За яго любімую прымаўку гараджане мэра празвалі — Пане Ласкавы.
Сапраўдныя інспектарскія здольнасці свайго шэфа Пане Ласкавы ведаў аж надта. Прэзідэнт быў з тых правяральшчы-каў, якія не здольны заўважыць далей звычайнай прамашкі салдата з ганаровай роты, пабітага акна ці калдобіны на вуліцы. I Пане Ласкавы пастараўся.
У Гродне быў вылізаны кожны камень. Краі бруку абведзены белай лініяй вапны. Выпуцаванае шкло вітрын зіхацела, як крышталь. Цэнтр старажытнага горада ўражаў белізной пабеленых касцёлаў і цэркваў. Лашчылі вока сваёй фарбай рэкламныя шчыты фірмы мыла «Елень-Шихт», «Мэйдэ-Рэвольвэр», папяросных гільз «Гэрбэво», крэму «Нівэа». Зелянелі маладыя дрэўцы. Нідзе — ні аднаго жабрака. Абодва масты праз Нёман, узарваныя ў вайну, ужо злучалі берагі, на гужавым дробненька мільгацелі спіцы сялянскіх фурманак...
Здаецца, не было да чаго прыдрацца. Тым не менш прэзідэнту чагосьці не хапала. Мэр насцярожана чакаў узбучкі.
— А велатрэк яшчэ існуе? — успомніў прэзідэнт, слабасцю якога быў веласіпед.— Я там некалі вучыўся ездзіць!
— Пане прэзідэнце, двухколавая машына ўжо даўно выйшла на дарогу, велатрэкі аджылі,— як мага далікатна і цярпліва стаў тлумачыць яму мэр.— I наш зарос лапухамі. Вайсковыя браліся іпадром размясціць там, але, пане ласкавы, не хапіла ім пораху.
Прэзідэнт нерашуча патаптаўся на месцы, сумнымі вачыма абвёў вуліцу, усё чагосьці выглядаючы.
— Ага! — спахапіўся.—Пан запрудзіў горад італьянскім клёнам! А дзе славутыя гродзенскія каштаны?
Читать дальше