— Слухайце, а Павел Бельскі з Пянькоў — той, што ў гуртку чытаў нам свае вершыкі, цяпер Альяшу служыць! — успомніў Мікалай.
Іншыя мужчыны таксама спахапіліся — і яны ведаюць «грамадоўцаў», якія прысталі да прарока.
— Во! — падхапіў Ёзік.— Успышка рэлігійнага псіхозу ў Грыбоўшчыне ўзнікла як духоўная патрэбнасць. Лягчэй за ўсё мужыкоў аблаяць і закляйміць — цяжэй зразумець! Свалачныя паны закрылі ўсе выхады імкненням людскіх душ, пакінулі толькі гэты.
3
Прадстаўнікоў на з'ездзе магла чакаць турма, таму дэлегатамі мужчыны вызначылі адных халасцякоў.
Суму хлопцам сабралі невялікую, на гэтыя грошы ў Вільна паехаць магло толькі двух. Цягнік туды пятляў праз Беласток. Мужыкі прыкінулі — калі садзіцца ў Гродне, будзе танней, пасланцоў змогуць адправіць больш. У Вільне дарогу хлопцам аплацяць, вярнуцца будзе за што.
Як толькі мужчын не стала, у нашай хаце пачаліся зборы. Бацька пазычыў швагру камізэльку, рыжыя боты з цвёрдымі халявамі, а маці паўшывала гузікі і адпрасавала брату кашулю. Боты былі на два нумары завялікія. Мікалай выслаў іх тоўстым слоем кулявой саломкі. Кахановіч хацеў нават яе набраць з сабой, але швагер абразуміў:
— Здурэў? Такого дабра знойдзеш у кожнай вёсцы! Саломы табе хто пашкадуе?
Са свежымі брытвеннымі парэзамі, залепленымі паперка-мі, прыйшлі гатовыя ў дарогу Мікалаевы два сябры з Меляшкоў. Франтаватыя хлопцы пазычылі яшчэ сакваяжык з меднай ручкай, паклалі ў яго сала, хлеб, гальштукі. Накрышылі ў запас самасаду ды сталі развітвацца.
— Не падлазь толькі там дзе, а то галаву ўраз складзеш! — трывожна пацалавала яго мама.
— А-ей, бяды колькі! — зухавата кінуў брат.
— Ну,— напомнілі аб сабе і астатнія хлопцы.— Дзеці па нас плакаць будуць?
— Але і лезці без дай рацыі на ражон няма ча-го!— напомніў ім бацька.— Найлепшы герой той, хто справу зробіць і жывым застанецца!
Каб не трапіць лішні раз на вочы паліцыі і даносчыкам, хлопцы адправіліся ў дарогу на ноч, а мы з Валодзькам, як калісьці цётку Хімку, іх праводзілі. Я аж да лесу валок цяжкі сакваяжык і з нецярпеннем прыкідваў, калі дзядзька Мікалай вернецца — з падарункамі, незнаёмымі пахамі і навінамі.
Без адпачынку страшаўцы адмахалі пяцьдзесят кіламет-раў, а раніцой апынуліся ў Індуры. Там знаёмы пекар — аднавокі Іцка — пакарміў іх цёплымі булкамі ды завёў гасцей у сінагогу. Хлопцы забраліся за печ на нейкія маты, знялі пінжакі і паклаліся адпачываць.
Цэлы дзень у сінагозе галасілі яўрэі ў чорных ярмолках з паласатымі тэласамі на плячах. Над талмудамі ў абшарпаных вокладках старыя плаксіва выводзілі кожны нешта сваё, паўтараючы за худым і дзюбаносым кантарам рэфрэн:
— Ашрэй иошвэй вэйсэхо, ойд ялэнухо сэло![ 4 4 Шчаслівы той, хто жыве ў доме бога і хваліць яго вечна! (Па-гебрайску).
] Аднак стомленым вандроўнікам увесь гэты калектыўны гвалт не перашкодзіў адсыпацца, а багамолам да чатырох незнаёмых не было ніякай справы.
Прыцемкам страшаўцы пакрочылі далей. Цяпер яны мелі перад сабой усяго дваццаць пяць кіламетраў. За імі натужліва дуднелі па бруку колы нейкай фурманкі. Ціхая ноч абяцала быць цёплай, а над галовамі блішчаў сярпок маладзіка. Хлопцаў як бы наладаваў хто зарадамі энергіі, гумару і бадзёрасці.
Калі яны ўзабраліся на гару супроць Баяр, меляшковец, радуючыся зычнаму голасу, зацягнуў у неба:
Эй, месячэ, месячку, выйдзі за гару,
То я з сваёй міленькай яшчэ пастаю!
Зусім з другой інтанацыяй, з прытупам Мікалай яго перабіў:
Ой, жаль, сэрца рвецца, што дзяўчына не вернецца,
Во-озьмуць яе лю-дзі, мая не будзе-е!..
— Халера, каб не наклікаць якой бяды вееялосцю! — зараз жа спахапіўся дзядзька ды стаў сур'ёзны.
Мікалай паспрабаваў рэпеціраваць прамову, сябры сталі дапамагаць — у Грыбоўшчыне бываў кожны. Атрымалася ў іх несур'ёзна.
— Ліхо яго бяры, хопіць, Альяша размалюю і так! — сам сябе падбадзёрыў аратар.— Мы прывыклі! Стань перадаваць пра ўсё, як яно е, расказваць падрабязна — за жываты будуць брацца, не можа быць, каб гэтаго смеху я не змог расказаць!
У гэты момант і пачала іх даганяць фурманка.
— Хлопцы, мо пачэпімся? — закрычаў меляшковец.
— А што? — ажывіўся Мікалай і прыгледзеўся.— Гэ, Хімка? А хто гэто барадаты каля цябе?.. Ой, Пятрук!.. Куды вас трасца нясе на ноч? А-а, мабыць, кужаль прадаваць вязеце!.. Вядомо, вы нас, землячкі, падвязеце, праўда?
Але хлопцы ўжо ўзабраліся на палатняныя звойцы і падавалі Мікалаю руку.
4
Читать дальше