— Святы чалавек! — уздыхнула ўдзячная цётка Хімка пад дзікі, падобны на смех, Тэклін енк і скавытанне.— Колькі людзям дабра робіць!
— Бы Хрыстос, дальбо!..
— А непрыветлівы такі, здаецца!.. Як тое сонцо: глянеш — заплачаш, а ўсе яму рады!.. Недарам гэтак пруцца ў гэту Грыбоўшчыну — дзень і ноч, з усіх канцоў свету!..
— Шчаслівыя мы, Хімачка!
— О-ох, ніц не кажэм, Ліза, шчаслівыя! Я так у Страшаве мэнчыласа пры брату, так мэнчыласа, што і не выказаць. Бывало, праміне ноч, а я і вока не заплюшчу — галасы ўсіх пеўняў на вёсцы вывучыла, дальбо! Як прыйшла сюды, як засталаса, то бы не ново на свет нарадзіласа! Аж не верыцца цянер, што магла інакш жыць!
— А яна, бедная, усё не сціхае... От узяўсо за яе, от чалавек заядлы!..
— Малада-ая, слёз мно-ого!.. Хай, хай вы-ыплачацца, Ліза, гэто надто добро, калі выцячэ з цябе ўвесь урэдны сок, не перашкаджаймо мы ўжэ ім.
— Але ці падумала ты, Хімко, што рабіць нам, куды самім падзецца, гэто ж — ноч?
— Падзенемса куды-кольвек, каб большай бяды адно не мелі!
Гэтак уражаныя трагедыяй ды з-за таго, што крык у Альяшовай халупе нагадваў больш сямейную сварку, цёткі яшчэ крыху пастаялі ды адправіліся шукаць іншы начлег.
9
У той час, калі Тэкля прыжывалася ў Альяша, бабы па вёсках і хутарах падхапілі і разносілі новую легенду.
Цёткі з захапленнем апавядалі ўжо адна адной, які Альяш празорлівы.
— Ён табе кожнаго наскрозь бачыць. Ты не думай, ад яго нічога не схаваецца!
— Нават распутніца не змагла ашукаць Ілью! Альяш паглядзеў на яе дый кажа: «Хоць ты і ў шоўк апранутая і сама надто прыгожая, але ты е сатана і ад мяне адыдзі!»
— А тая, кажуць, пачула гэто, раптам як загагоча, заржыць! Людзі — глядзь на яе ногі! А там — капыты! Носам пацягнулі — серай смярдзіць!
I народ усё валіў на паклон да месіі. Таго вечнага месіі, якога з пакалення ў пакаленне чакалі мае продкі. Шмат стагоддзяў не было спалучэння такіх спрыяльных абставін, што дапамаглі гэтак распаліць містычны агонь веры.
Раздзел чацвёрты
1
З лёгкай Хімчынай рукі ў Грыбоўшчыну зачасцілі многія нават і з маёй вёсачкі.
Наш сусед, Клемусаў Сцяпан, перад паездкай туды разважаў услых:
— Во, Трафім Лебядзінскі — такі здаровы і малады — памёр, а я — хілы і слабы — жыву. I майму тату дзевяносто пяць хутко, а шчэ і зубы маюць, і грыбоў за восень на цэлую зіму навалочаць з лесу, і заснуць могуць, як маладыя. Бацькавых жа равеснікаў і косці даўно ўжэ стлелі на мастаўлянскіх могілках!.. Чаму так бывае, га?.. Думаеш, без прычыны?.. Трафім навычаўпляў штось, толькі людзі пра гэто не ведаюць!
— Ты. глядзі! А я, дурань, столькі жыў побач, у войску чатыры гады праслужыў разам і ўсё лічыў, што Трафім памёр ад сухоты! — пакпіў з суседа бацька.
— Але! Толькі чаму яна да цябе не прывязаласа ці да мяне?! Е-е такая сіла на небе, якую не ашукаеш! Што ж, павінен там сядзець хтось галоўны ды кіраваць усім, камандаваць!.. Вядомо, аднаму не справіцца з клопатамі на зямле, то ён вымушаны заводзіць сабе памагатараў тут — архангелаў розных ці такіх, бы Альяш!.. Таму да яго і народ прэцца з усяго круга свету!.. Грэх яму не пакланіцца! З Альяшом мы некалі і лес пад Студзянкай спускалі, і сажні ставілі, пні карчавалі!.. З'езджу!.. Калісь тату на дарозе з'явіўсо сам Ісус Хрыстос, не ўгнявіць бы ненарокам і яго!..
Сумленны, працавіты і практычны дзядзька Сцяпан вынес такую ісціну з усяго нялёгкага жыцця, ёй даверыўся, праз яе — не да канца зразумелую, поўную містычных загадак — і нішто ўжо яго не магло пераканаць у іншым.
Малы Рыгарулька ўскінуў на руку хамут, пайшоў запрагаць каня з голай ружовай плямкай на храпе. Перад бацькам ён разважаў крыху іначай.
— Ты, Нічыпар, я ведаю, смяешса, што еду ў Грыбоўшчы-ну. Святы Альяш ці не — хто яго ведае. Калі і на самай справе недзе бог е, то што тады?.. Унь яўрэі ў Гарадку не тое што мы з табой, невукі,— усе школы паканчалі, а ў бога вераць, шчэ і як вераць! Заўсёды сінагогі ў іх поўныя — сам ведаеш!.. То вазьмі ты ў мяне Біблію, пачытай! Там напісано: перад канцом свету з'явіцца на землю прарок Ілья. Я табе нават пакажу старонку!.. Думаеш, зра паперу марнавалі б на няпраўду і зра час трацілі б на пісаніну? Біблію пісалі людзі ву-учаныя, будзь пэўны, яны ўсё ведалі напярод!
— Да ну-у?..
— Не нукай, не запрог! — разышоўся Рыгарулька.— Еслі людзі не лгуць ды Альяш — той самы прарок?.. Што ён — просты мужык? Так і святы Восіп быў звычайным столярам, а ў яго сам Хрыстос нарадзіўсо!.. А калі ўсё ашуканство — толькі і страты той, што праедусо ў Грыбоўшчыну, халера яго бяры, плаціць за гэто нікому не трэ!.. Ну яго!.. Шчэ выявіцца, што Альяш усё ж такі ад неба, то мне будзё лепш, як таму, хто туды не ездзіў ні разу!
Читать дальше