У царкве ўзняўся віск і лямант.
— Лю-удзі, што вы гэто ўзду-умалі?.! — нырнула ў гушчу бабскую цётка Хімка ратаваць Тэклю.— Пакіньце!.. Пакі-іньце, бо грэх, дальбо, велькі грэх будзе ўсім нам, калі мы ў храме што кепскае ёй зробім!
Хімка з кватаранткай вырвалі ледзь жывую маладзіцу з клубка целаў, завялі за алтар і тымі ж дзвярыма, якімі выйшаў Альяш, выпусцілі маладзіцу на двор. Сказалі:
— Жанчынам тут хадзіць не дазволено, ды гасподзь бог літасцівы, на гэты раз даруе нам! — запэўніла сяброўку Хімка.— Куды большы лёг бы на нас грэх, калі б у храме праліласа чалавечая кроў!
— Я нікуды не пайду-у адгэтуль! — упала на мурог ды завыла Тэкля.
Жоны-міраносіцы не ведалі, што і рабіць.
— Чарвяком буду тут поўзаць, як сабака, ногі яму буду лізаць, але ачышчэнне за віны склапачу-у!.. М-м, якая я грэ-эшная! — у прыпадку адчаю маладзіца да крыві закусіла апухлыя вусны і засадзіла ў пясок кіпцюры.
— Годзі ўжэ, не ўбівайса, як яно там пакажа! — пацешыла меляшкоўка.— Можа, і ачысцішса, бы я калісь...
— Склапо-очаш, сястра, ачышчэнне, склапо-очаш! — стала яе супакойваць добрая цётка Хімка.— Мы з ёю таксамо закінем перад Альяшом слаўцо... Ты адно не адступай, не здавайса, гасподзь літасцівы!
Хімка знайшла прарока і прыстала да яго:
— Падумай добро, ці маеш право прагнаць празнікаўскую маладзіцу, Альяш!
— Гэтую распусту? — ускіпеў, закрычаў на яе Альяш.— А ў Бібліі як сказано? Калі Пінкус убачыў, што адная ізраліцянка блудзіць, то ўзяў піку і прастрыміў ёй трыбух!.. От як трэ з імі! Жаласць тут пускаеш, добранькая надто!.. Бога трэ любіць дваяко — і злымі ўчынкамі таксамо! Нагі яе тут не будзе!..
Аднак і мужная Хімка нечаму тут навучылася. А яшчэ яна ведала па брату — калі чалавек надта злуе, яму трэба даць выліць свой гнеў: махаць рукамі, крычаць, а калі супакоіцца, дамаўляцца з ім лёгка.
— То Пінкус. Не адмаўляй ёй, бо грэх будзе велькі!.. Успомні, Ілья, калі іудзеі прывязлі на асле Ісусу Хрысту блудніцу на расправу, то ён нават галавы не падняў на іх. Сын божы і далей пісаў сабе перстам на пяску. Толькі сказаў: «Каго вы, людзі, судзіце?! А ну, кіньце ў яе камень той, хто без граха!» I ніхто, Альяш, не кінуў. З той пары стала жыць з усімі ў міры. А Марыя Магдалена колькі блудзіла? Потым шчэ святой стала!.. Не-е, Альяш, ты не маеш права прагнаць няшчасную кабету. Ты яе прымеш, і жыць яна будзе з намі, месца ўсім хопіць — Грыбоўшчына унь якая велькая!
8
Пасля вячэры Хімка з сяброўкай пайшлі ў царкву мыць падлогу. Альяш, сцягнуўшы боты, пацёр анучай натруджаныя за дзень ступакі і апусціўся перад іконастасам на калені.
— Отчэ наш, іжэ ясі на небясі, да свяціцца імя тваё, да прыйдзе царство тваё... да будзе воля твая,— цяжка ўздыхаючы, прабубніў ён, паступова пераходзячы на шэпт.
У памяшканні панаваў паўзмрок. Перад іконамі сваёй халоднай строгасцю гарэла адна свечка, а ў вышчэрбленым блюдцы блішчаў расплаўлены ад яе воск. Пахла цвіллю, мышамі ды каля дзвярэй, дзе вісела збруя буланчыка,— конскім потам.
Памаліўшыся, прарок устаў і азірнуўся.
Яго ложак быў засланы, салома пад пасцілкай — узбітая пухкай падушкай, прыстаўка да ложка рассунутая, як бывала адно тады, калі ён спаў з жонкай і дзецьмі — гадоў з дваццаць таму назад, а то і болей. У кофце без рукавоў, выставіўшы ландышавую белізну маладога бабскага цела, стаяла Тэкля ды, задуманая, шкрэбала сабе калена.
Паспытваючы нейкія рэшткі забытага даўно хвалявання, стары выбухнуў:
— Ты — што, д'ябал цябе сюды падаслаў?! Распусты захацела?! Кашулю падняла і чухаешса!
Усё ў палоне таго ж хвалявання, стары пачаў маладзіцу не то вінаваціць, не то дапытваць, не то караць.
— У горадзе, нябось, цябе саўрацілі?!
— У Гродне! — праенчыла яна.— У грэх увялі, бы чатырма коламі па мне праехаліса!..
— Афіцэры?
— Жорж Дэлясі. На Фолюшы!
Тэкля нагнулася да самых яго ступакоў. Водзячы то ўлева, то ўправа галаву, у такт сваім рухам яна ўзмалілася:
— На-бі мя-не, свя-ты ста-рац, як пар-шы-ву-ю са-ба-ку, ты ж — муж-чы-на!.. На-бі-і, мне лягчэй бу-дзе-е!..
У Альяша з новай сілай абудзіўся ўніжаны і пакрыўджаны дзяншчык. Ён закрычаў не сваім голасам:
— I раздзявацца прымушалі?!
— Прымушалі, святы айцец!
— I на стол танцаваць паднімалі?!
— Было-о!..
Альяш пайшоў да дзвярэй, дзе на коліку, убітым у сцяну, вісеў хамут з няхітрай збруяй.
— На сурвету клалі грошы, і па іх хадзіць мусела!.. Але я ніколі іх не брала!.. Потым Жорж забіраў сабе іх!.. Я тады яшчэ ў грошах і смаку не знала!..
Читать дальше