– Чаго гэта ты равеш? – спытаў Лецечка, чырванеючы, адчуваючы, што пляце ўжо тую самую бязглуздзіцу, лухту, якой так сцярогся, шкадаваў, што нельга спаймаць, загнаць гэтыя словы назад, і ўпарціўся ад немагчымасці, ад непапраўнасці. – Чаго гэта ты зароў? – паўтарыў ён яшчэ раз і тыцнуў пальцам у літаркі «РУ», што так нахабна выпіралі са спражкі.
Раней, чым знайшоў што адказаць Грыб, зразумела ўсё і таксама пачырванела Лена. Толькі Халява сядзеў, не петрыў, не кеміў нічога, пасміхаўся, уціскаў у шчокі чырвоненькі гузік носа. А Лена ўжо гарэла, як муляла ёй што, нібыта ёй падсыпалі вугольчыкаў – і яна позіркам апякла Кольку. І пад гэтым яе пякучым позіркам Колька зразумеў: усё прапала, гэтых кпінаў, гэтых здзеклівых слоў яна яму не даруе ніколі. І ён махнуў на ўсё рукой, перастаў шкадаваць сябе, а тое, што пакутавала Лена, нават задавальняла, радавала ўжо яго. «Ага, гадзіна падкалодная, – думаў ён, – так табе і трэба, яшчэ балесней трэба, каб ты не круціла перад кожным баксёрам хвастом, каб ты зразумела, што такое каханне».
– А што гэта ў цябе, баксёр, не ў тустэп і нос паглядае?
Грыб паблажліва ўсміхнуўся і, як маленькаму, растлумачыў:
– Баксёрскі нос, Лецечка. Ва ўсіх сапраўдных баксёраў насы паламаныя. У барцоў вушы, а ў баксёраў насы.
Лена ганарліва павяла вачыма і двума пальчыкамі, на гарадскі манер, абцягнула плацце: горача ёй, глядзіце, зрабілася. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя кпіны, Лецечка адчуваў, што ён знішчаны канчаткова, і, не столькі Грыбам, як гэтымі двума пагардлівымі, інтэлігентна адтапыранымі пальчыкамі Лены. Ён глядзеў на хлопцаў, ці разумеюць яны гэта, ці здагадваюцца, што тут адбылося. Хлопцы пасміхаліся, усё зразумелі, аб усім здагадаліся – няцяжка зразумець, што ён знішчаны, зняслаўлены.
– А ўчора ранкам, учора ранкам... – сказаў Лецечка дрыготкім голасам і маркотна крутнуў галавой, каб суняць гэтыя дрыжыкі ў голасе. – А ўчора ранкам Іван Бурачок не пусціў Лену Лазу ў прыбіральню, вось...
І, як учора ранкам, калі ўсё гэта адбывалася, выбухнуў смех. І першымі зарагаталі Лена з Грыбам, іх падтрымалі хлопцы. І такі рогат пайшоў, такі галас узняўся, што на ганак выбегла баба Зося, як пудзіла на ветры, замахала рукамі:
– Марш, марш ад ізалятара, знайшлі месца, дзе рагатаць.
І хлопцы зняліся з ганка і пайшлі ад ізалятара ўсё з тым жа рогатам, згадваючы і паказваючы, як гэта ўсё ўчора адбывалася. Усміхнулася, слухаючы іх, і баба Зося. Толькі Колька мармытаў услед ім: «Смех з пераходам у дызентэрыю», – і застаўся сядзець на ганку, ссінелы, надзьмуты. Яму здавалася, што ўсе, нават баба Зося, рагочуць з яго, з яго глупства, з яго дурных надзей і слоў.
Усе ведаюць, што ён кахаў Лену Лазу, а яна зрабіла яму казу. Так Лецечка неспадзявана склаў са сваёй бяды верш. Але верш гэты не ўсцешыў яго. Лене трэба было адпомсціць па-сапраўднаму, каб ведала, запамятала на ўсё жыццё, каб больш непавадна было здраджваць. Але помсты, належнай здрадніцы, сам Колька не прыдумаў. Тут трэба была парада. А лепшай парады, што датычыцца помсты, ніхто, акрамя Козела, не мог даць. І ён пайшоў шукаць Козела.
Козел са Стасем Дзыбатым гулялі ў футбол, дакладней, балелі, наглядалі, як іншыя гуляюць.
Але паміж «гулялі» і «балелі» для Козела і Стася не было ніякай розніцы.
Балелі яны нават з большым запалам, чым дзетдомаўцы гулялі. Стась так кідаў круга галавой і над галавой рукі, так дрыгаў і тупацеў нагамі, што нават жах браў. І здавалася – не галава матляецца ў яго на кволай, ссінелай шыі, а лятае, падскоквае пабіты, здрапежаны чырвона-чорны мячык.
– Давай, давай, мазіла, – цененька енчыў Козел і даваў выспятка Стасю, – Хто ж так б'е, на мыла, на мыла, у пустыя вароты...
– На мыла, усіх на мыла, – падтрымліваў яго Стась. – Малайцы, малайцы... На мыла, на мыла – корнер, корнер... Афсайт.
Футбалісты не звярталі ўвагі на крыкі Стася і Козела. А корнеры і афсайты ў дзетдоме былі наогул скасаваны. Малы быў двор, каб гуляць па правілах. 3 аднаго боку яго абмяжоўвалі агароды, з другога – ліпавая алея, заміналі і канюшня, і жылы і адміністрацыйны карпусы. Такім чынам, было, не да афсайтаў і корнераў. І Стась з Козелам хутка стаміліся, супакоіліся, добра ведаючы, што ім не навучыць дзетдомаўцаў гуляць па правілах. Змарнела адышлі, сталі пад ліпы, у цяні, таму што ўжо добра прыпякала сонца, набліжаўся поўдзень, а яны былі, як кажуць, пры поўным парадзе. Абодва ў адпрасаваных, без адзінай зморшчынкі, без адзінай плямінкі, каверкотавых шэрых касцюмах, у асляпляльна наваксаваных чаравіках, у кепачках-шасціклінках, толькі адзін маленькі, а другі высачэзны, Пат і Паташонак. Адзін глядзеў на футбалістаў зверху, як са званіцы, і бачыў іх галовы і твары, другі аддаваў больш увагі нагам. Але абодва аднолькава цокалі языкамі, аднолькава матлялі галовамі, аднолькава, хаця і з рознай амплітудай, разгойдвалі плячыма.
Читать дальше