А футбалісты разышліся ўжо не на жартачкі. Ужо варатар каманды, якая ніяк не магла ўзяць верх над сваім праціўнікам, нацягваў на спатнелыя рукі скураныя пальчаткі, экіпіраваўся не для таго, каб ямчэй браць мячы, а на бойку, таму што ў дзетдомаўскім футболе не было не толькі корнераў і афсайтаў, але і пераможцаў і пераможаных, і дзетдомаўскі футбол быў няспынны, не ведаў абмежаванняў часам. Ні адзін з дзетдомаўскіх футбалістаў не зведаў яшчэ горычы паражэнняў, як не зведаў, дарэчы, і ніводзін слабадзянскі футбаліст, калі гульня ішла на яго полі. Слабадзянская футбольная каманда на сваім полі выйгравала заўсёды, пра гэта добра ведалі ўсе навакольныя каманды, якія прыязджалі ў Слабаду. Калі ж выпадала нейкім разам, што гэтыя некаторыя іншыя каманды забываліся і пагражалі паражэннем слабадзянам, трое слабадзянскіх нападаючых, тры асілкі, як іх ахрысцілі дзетдомаўцы: Ізя, Лёля, Моля, хлопцы і на самай справе як асілкі – кучаравыя, рослыя, магутныя, – закасвалі рукавы. І перамога, будзьце спакойненькія, была забяспечана. Наогул, на дзетдомаўскі погляд, без усялякага перабольшвання, у сябе дома слабадзяне здольныя былі абыграць любую каманду, нават экстра-класа, не гаворачы ўжо аб мінскім «Спартаку». Не, што ні кажыце, Слабада ў тыя гады мела ўсе падставы стаць цэнтрам сусветнага футбола. У слабадзян было чаму павучыцца. Якія б знакамітыя, якія б славутыя каманды ні прыязджалі ў Слабаду, ехалі яны дамоў з паражэннем, а часам і з сінякамі, ехалі пад свіст і ўлюлюканне задаволеных слабадзян, а за іх машынай, звычайна палутаркай, каціўся, падскокваў на калдобінах прывязаны вяровачкай венік, звычайна дзяркач.
Вось па такой схеме ладзілі сваю гульню і дзетдомаўцы. І ў іх камандах былі свае тры асілкі – Ізя, Лёля, Моля. На самай справе яны, канечне, не былі асілкамі, а ператвараліся ў іх, калі таго патрабавалі абставіны, калі іх каманда безнадзейна прайгравала. Вось і цяпер варатар, мо Ізя, недвухсэнсава напяў пальчаткі, два другія футбалісты, што прызначылі сябе да роляў Лёлі і Молі, недвухсэнсава скінулі падраныя майкі. Нападаючы праціўніка выйшаў адзін на адзін з варатаром, ужо намерыўся лупануць па варотах. Але варатар Ізя апярэдзіў яго, улупіў яму ў вуха. Падбеглі Лёля з Молем, і пайшла калатня.
– Стоп, стоп! – паспрабаваў перашкодзіць бойцы Стась. – Будземо гуляць па-новаму, па-новаму будземо гуляць. – Дастаў з-за пазухі жоўты пластмасавы свісток. Стаяў поўдзень ужо, і біцца было горача, футбалісты прыслухаліся да Стася, спынілі рукапашную.
Далей футбол Колька не стаў глядзець. Нецікава. Ён ведаў, адгадаў, чым усё тут скончыцца. Стась будзе хістацца, як каланча, сярод футбалістаў, потым яго адправяць «на мыла», прывяжуць да пінжака дзяркач, і Дзыбаты пашкандыбае ў ізалятар, пачысціць ад пылу касцюм, навядзе бляск на чаравікі, зняможана ўпадзе на ложак, будзе бясконца назаляць яму і Козелу адзіным пытаннем: «Ці возьме ў гэтым годзе бронзу мінскі «Спартак»: будзе дэманстраваць ім фінты, абводы, нажніцы, удары ў дзевятку да той пары, пакуль не зморыцца ці пакуль не раззлуецца на «тупагаловых» – Лецечку з Козелам?
І Лецечка пацягнуў Козела з футбола ў ізалятар. І там, у ізалятары, у прахалодзе і адпаведным моманту балесным суме, павёў гаворку аб каханні. Падводзіў да тэмы спакваля, здалёку, пагаварыў, паразважаў аб каханні герояў Тургенева і толькі пасля гэтага пачаў гаварыць аб здрадзе, аб тым, што яго хвалявала.
– Што ж ты зрабіў, Васька, калі бы ты ўчора цалаваўся з адной, а сёння яна здрадзіла табе, пайшла з другім? – спытаў ён у Козела.
– Лена Лаза? – змружыў вочы Козел і падсеў да Лецечкі на ложак, не ўседзеў, залез на ложак з нагамі, на татарскі манер падкурчыў іх пад сябе. Якраз як бажок, маленькі гарбаценькі бажок – і ўсмешка паблажлівая, хітрая, і твар і губы як маслам падмазалі.
– Пры чым тут Лаза, – адмахнуўся Лецечка, уражана перапалоханы: гэта ж трэба, Козелу ўжо ўсё вядома, не інакш у гарбатых у гарбу яшчэ адна галава? Усё гэты Козел раней за іншых ведае, раней за іншых аб усім пранюхае. Каго гэта ён абвесці вакол пальца задумаў, гарбатага, ды таму сам чорт не дасць рады. Не, не варта давярацца Козелу. Ён ужо хацеў звесці гаворку на нішто.
– Лена тут прышый-прысцябай, – сказаў ён, няшчыра пазяхнуўшы. – Было б каго цалаваць, Лазу... Я так, у сэнсе тэорыі. А наогул у мяне ідэя...
Козел маўчаў, даваў Лецечку выгаварыцца, усміхаўся, як бажок, і, як бажок, пранікліва глядзеў, здаецца, не на Лецечку, а ў самае сэрца яго, глядзеў, не верачы ніводнаму слову і ў той жа час цікаваў кожнае слова, і Колька заблытаўся, асекся пад гэтым яго позіркам – пужліва і асуджана чакаў, якога яшчэ коніка выкіне Козел. І Козел выкінуў, як не чуў нічога пра ідэю, уцяміў, што гэта толькі так, каб адвесці яго ад галоўнага, і спытаў пра галоўнае:
Читать дальше