– А пацалункі – гэта што, тэорыя ці ўжо практыка? Ты што, на самай справе цалаваўся з Ленай?
– Ідзі ты, ведаеш куды, са сваімі пацалункамі, са сваімі Ленамі... – Сам пайшоў у наступ, калупнуў Козела забароненым прыёмам: – Заляцаўся да гэтай казы... да гэтай казы заляцаўся сам і прыстаў: пацалункі, пацалункі. Надта прыемна цалавацца з усялякімі козамі.
– А з кім яна пайшла, з Халявай ці з Грыбам? 3 кім яна пайшла?.. – даверліва, як сам з сабой, загаварыў Козел. – Калі з Халявай, то гэта нічога. Халява ён і ёсць Халява. Тут можна не баяцца. Грыб... Грыб – іншая справа. Грыб – хлопец зух, баксёр другога юнацкага разраду...
– Другога юнацкага? – не вытрымаў Лецечка інквізітарскай разважлівасці Козела.
– Другога, Лецечка. Другі юнацкі, трэці дарослы, як і ў мяне па шашках. Але бокс – гэта табе не шашкі-пешкі, Лецечка. Бокс – гэта бокс, не хухры-мухры... А ты праўда цалаваўся з Ленай?
– Адчапіся, – прабурчаў Лецечка і з запалам: – Адчапіся, а то не пагляджу, што нашы ложкі стаяць побач, як залімоню зараз...
Але гэтая Лецечкава пагроза зусім не адбілася на далейшых паводзінах Козела. Ён, праўда, сеў на ложку больш прыстойна, але не са спалоху, а каб пасунуцца бліжэй да Лецечкі. Козел папоўз да Лецечкі, усклаў на яго рукі, выцягнуўся, прыціснуўся да яго, задыхаў амаль што яму ў вуха:
– Ты скажы мне, Лецечка, скажы, не таіся, я нікому, во, крэст на пузе – магіла. Яна цябе таксама цалавала ці толькі ты яе? Скажы, Лецечка, яна таксама цябе цалавала?
– Ніхто мяне не цалаваў, – сказаў Лецечка, – і я нікога не цалаваў. Так... час падыходзіць, час... кахаць...
– Што ты мне галаву дурыш! – Козел аж усхапіўся, скочыў на падлогу і стаў перад Лецечкам на калені. – Чаго ты мне мазгі круціш, арапа ўпраўляеш. Цалаваўся ты ці не з Ленай?
– Калі і цалаваўся, Васька, што з таго: цалаваўся, не цалаваўся?..
– А нічога... Дурань, ой дурань ты, Лецечка. – Козел падхапіўся з падлогі, стукнуў сябе кулаком па калене. – Дурні мы з табой абодва, Лецечка. Цябе-то чаго на красівую пацягнула? Усім красівыя, прыгажунь усім падавай. А хто, я пытаю цябе, некрасівых будзе любіць? Хто Маню Бурачок палюбіць, пытаю я цябе?
– Любі ты яе сам, – адказаў Лецечка. – Трепетно и нежно.
– І буду любіць, буду кахаць: трепетно и нежно. А красівых, красівых, Колька... Сымона гарбатага ведаў?
Колька ведаў аднаго гарбатага – Козела. І з яго было даволі, ён змоўчаў. Козел працягваў:
– Дык вось той Сымон, таксама як і я, гарбаты. Гарбаты не заўсёды, а з вайны. А жонка ў яго прыгожая была, з суседам спуталася. І ведаеш, што Сымон гарбаты ўтварыў? Падцікаваў, навальніца якраз усхадзілася, жонка яго пад шумок па дожджыку – шусь да суседа ў хату, а Сымон у хлеў, раскідаў сена, выкаціў пушку-саракапятку з хлява. Гром лясь, а ён прамой наводкай у хату суседа плясь...
– Забіў? – спытаў Колька.
– У тым і справа, што не... – Козел уздыхнуў. – Сцяну толькі развярнуў. Суд. Даюць Сымону тры гады.
– Так мала, усяго тры гады?
– А за гэтыя справы больш не даюць. Сымон у турму, а на ганку гаворыць: нічога, нічога, адбуду я тры гады, а ў балоце ў мяне танк схаваны... Ужо скора павінен выйсці Сымон.
Яны памаўчалі, разважаючы самі сабе, што будзе, калі вернецца гэты Сымон. Потым Кольку ўзяло сумненне, ці было такое на свеце. І адкуль Козел ведае пра гэта? Ён паглядзеў на Козела і прыкмеціў, што той цікуе за ім. І Лецечка зразумеў, што Козел проста глуміцца з яго, прыдумаў ён гэтага гарбатага Сымона, прыдумаў, каб, пэўна, згладзіць сваю адзіноту. А расказаў, таму што зайздросціў яму, Лецечку, лічыў сябе абыдзеным, абдзеленым нечым нават у параўнанні з ім. Лецечку стала шкада Козела. Ён дараваў яму гэтую здзеклівую прыдумку, але ўпікнуў:
– Злы ты, Васька, злы. Усё б табе паздзекавацца, пакпіць.
Козел раззлаваўся, што яго выкрылі, як звар'яцеўшы, бясконца лапочучы сам сабе: «Пакпіць-паздзекавацца, пакпіць-паздзекавацца...», забегаў па пакоі, пяць крокаў уперад, пяць крокаў назад, ад стала да дзвярэй, ад дзвярэй да стала. На стале тужліва пазвоньвала шклянка з пазаўчарашнімі павялымі ўжо кветкамі. Лісце было яшчэ свежае, зялёнае, а блакітныя пялёсткі, нібыта іх прысыпалі пылам, як прыхопленыя агнём, пажухлі, скруціліся, ападалі, асыпаліся на стол пры кожным кроку Козела. Лецечка ўслухоўваўся, як цененька і тужліва дзвінькае шклянка, як падаюць пялёсткі, слухаў, як тлумна і супярэчліва бягуць думкі. Папікаў сябе, што распачаў гэтую гаворку з Козелам. Раскалоў яго Козел, як грэцкі арэх, блазнуе, смяецца з яго. Панясе па ўсім дзетдоме, як ён, Лецечка, заляцаўся да Лены, як ён мілаваўся, цалаваўся з ёй, якую казу яна яму ўпарола. Сабака, Асталоп, і той будзе аб усім ведаць. Усім нашэпча Козел. І Лецечка шукаў і не знаходзіў выйсця, скарыўся, быў ужо гатовы цярпліва трываць усё, што выпадзе яму, усе кпіны зносіць моўчкі.
Читать дальше