Але Козел, пэўна, упершыню ў жыцці змяніў сваім звычкам, нічога нікому не нашаптаў, нічога нікому не ўвёў у вушы. А пасля абеду неўпрыкметку ён знік з ізалятара.
Наогул яны сёння ўтрох павінны былі збегчы з ізалятара: Козел, Лецечка і Дзыбаты. Сёння быў дзень медыцынскага агляду, і да іх павінна была прыйсці ўрачыха, паглядзець, паслухаць іх, назначыць каму пілюлі, каму мікстуру, а каму і ўколы.
Кожны такі медыцынскі агляд быў для Лецечкі цяжкім выпрабаваннем. Маркотна і нудліва ішоў час, калі чакалі ўрачыху. А як тая ўрэшце з'яўлялася, з ім адбывалася і зусім ужо штосьці незразумелае. Яго кідала ў дрыжыкі, як толькі ён бачыў чалавека ў белым медыцынскім халаце, а варта было дакрануцца да голага цела стэтаскопам, як ён упадаў нібы ў сон, пруцянеў, і потым патрэбен быў дзень, а то і два, каб апрытомнець.
Пасля медыцынскіх аглядаў ён іншы раз не хадзіў і ў школу. Спаў, быў абыякавы да яды, людзей, кніжак. Вось чаму больш за ўсё любіў Лецечка лета. Летам можна было пазбегнуць медыцынскіх аглядаў, згаварыцца з хлопцамі і сысці з ізалятара на цэлы дзень. Толькі вось сёння штосьці разбрыліся ўсе па адным. Стась не з'явіўся з абеду, Козел паказаўся і знік. Лецечка быў адзін. І адзінота была нясцерпная. Выходзіла, што ў адзін дзень яму здрадзіла не толькі Лена, але і верныя сябры. І Колька рашыў пакутаваць ужо, колькі мог, трываў у пакоі, чакаючы ўрачыху, але тая затрымлівалася. І ў Лецечкі не хапіла духу дачакацца яе.
Стася з Козелам не было і ў пакоі ў хлопцаў на здаровай палавіне корпуса. А вось хлопцы былі ўсе ў наяўнасці, усе васемнаццаць. Сядзелі на ложках і крэслах, і нават на стале, радзіліся: Вера Канстанцінаўна зноў «забыла» ў спальні на гэты раз дзве булкі хлеба. Паклала іх на стол, на газету, ножык вось толькі не здагадалася пакласці побач з хлебам, не здагадалася цукерак ці то масла да гэтага хлеба.
Хлопцы пасля абеду былі сытыя, таму і радзіліся доўга. Усе яны добра разумелі выхавацельніцу, зразумелі, што гэта выклік, але не было апетыту есці хлеб сухама, а мо не хапала і рашучасці, не знаходзілася таго першага, які б падаў прыклад.
– Бурачка трэба, знайдзіце Бурачка-большага, – параіў Лецечка. – Яму булку хлеба ўмяць, – што два пальцы абмачыць...
Лецечка быў згодны, што хлеб трэба з'есці, знішчыць, так нават дакладней будзе. Але сам ён не хацеў і дакранацца да гэтага хлеба, а есці ён бы яго не еў і з вялікай галадухі.
Хлопцы збегалі прывялі Бурачка, прынеслі яму графін вады, пасадзілі на стол, нават сурвэтку з тумбачкі сцягнулі і на грудзі яму пачапілі. І Бурачок-большы без усялякіх ваганняў і разважанняў, без лішніх слоў, вочы вылупіў толькі ад сквапнасці ці ад цяжкой працы, за дзесяць мінут умалаціў булку хлеба і амаль да дна выпіў трохлітровы графін вады. Але другую булку не адолеў, з перасыці вочы яго асалавелі, і ён пачаў нават крышку заікацца, пачаў несці лухту: маўляў, калі б грошай далі, дык ён і яшчэ б утаптаў, трэцюю, а задарма адмаўляецца.
Вырашылі гэтую, другую булку хлеба, што засталося ад яе, падзяліць па скібачцы на ўсіх. І ўсе з'елі па скібачцы, акрамя Лецечкі. Хлеб Веры Канстанцінаўны ён адмовіўся есці нават у пакаранне, нават з салідарнасці, і за яго тут папрацаваў, усё ж пераадолеў сябе, Бурачок. Прыбралі стол, дамовіліся: калі елі ўсе, усе будуць і маўчаць. Ніхто хлеба і ў вочы не бачыў, ніхто аб ім нічога не ведае, што б ні здарылася.
Козела і Стася Колька ў той дзень да вечара так нідзе і не сустрэў – добра схаваліся. І сам ён схаваўся, знік, так што і не заўважыў, як прыспела гэтая вячэра. Еў ён у адзіноце, у сталоўцы былі толькі кухары ды дзяжурныя. Тут, у сталоўцы, і натрапіў ён на Захар'ю. Быў той злёгку, а мо і добра пад мухай. Усё ж пачаставалі яго мужыкі на плошчы «слёзкамі». Гледзячы, як моўчкі крадзецца да раздатачнага акна Захар'я, Колька ўцяміў нарэшце, чаго яму не хапала цэлы дзень, чаго яму было так маркотна: ён павінен быў разам з Захар'ем быць на судзе. А ён перапалохаўся, збег. А там, а не тут, у дзетдоме, адбывалася самае важнае, і гэтае важнае датычыла не толькі Захар'і, але і яго. Была, была пра яго там гаворка. За гэты, такі вялікі-вялікі дзень ён тое-сёе прыгадаў.
Захар'я грукнуў кульбай у акно:
– Зіна, вядро супу.
Кухарка Зіна высунула галаву ў акно і незадаволена забурчала. Яна любіла карміць толькі дзетдомаўцаў. А конюха, прыбіральшчыц, Захар'ю і нават дзяжурных выхавацеляў не вельмі прывячала.
– Не бурчы, не бурчы, – сказаў Захар'я, – я разуменне маю, не аб'ем. Мне тое, што і свінням, астаткі.
Читать дальше