– А гэтыя, у бочцы, хлопчык і дзяўчынка адразу памерлі, ён іх смалой не абварыў, калі смаліў бочку? – шэптам спытаў у Захар'і Лецечка. Ён мо і не чуў, што тут гаварыў Захар'я, – так уразілі яго гэтыя хлопчык і дзяўчынка, іх пакутлівая смерць.
– Затхнуліся, затхнуліся ўжо ў зямлі, – шэптам і адказаў яму Захар'я. – Спачатку, як мышы, людзі расказвалі, скрабліся, скрабліся, а потым аціхлі. І хопіць, Лецечка, не для твайго сэрца, не для дзіцячага паняцця. Абыходзь ты краем гэтыя нашы балячкі. Не кранай ты нашых ран. Толькі ўспомніць, прыгадаць усё – і жыць не схочаш, не хадзі ты заўтра, не хадзі.
Лецечка маўчаў. Але ён быў цвёрда перакананы, што пойдзе заўтра туды. Ён і так патраціў ужо дзень. Дзень, пражыты сёння, і на самай справе здаўся яму пустым, марна патрачаным днём – нейкія дзіцячыя крыўды, дзіцячыя размовы з Козелам.
А дзень яшчэ ішоў, працягваўся. Яшчэ была лінейка, і на лінейцы бітую гадзіну таўклі пра ЧП у старэйшай групе. Дакладвала аб ЧП сама Вера Канстанцінаўна, гаварыла як бы з жалем. А дырэктарыха была злосная і рэзкая.
– Суткі вам усім на роздум аб тым, што адбылося. Да наступнай вячэрняй лінейкі знайсці вінаватых, хто ўкраў хлеб. Шмат чаго можна дараваць, але калі ўжо крадзеж ідзе ў дзетдоме, калі крадуць адзін у аднаго – недаравальна. Таму што тады ўжо няма калектыву. А няма калектыву – няма і сям'і, няма дзетдомаўцаў, няма дзетдома.
Лецечка зноў чуў і не чуў, аб чым гаворыць дырэктарыха, ледзь вытрываў да заканчэння лінейкі, ледзь ішоў з яе, змораны, цяжкі. Потым доўга не браў сон. Стась усё разважаў аб футболе. А потым хлопцы за сцяной узнялі такі шурум-бурум, што ўздрыгваў ложак і са столі сыпалася тынкоўка. Баба Зося неаднойчы бегала на здаровую палавіну корпуса, супакойвала хлопцаў. Але тыя супакоіліся толькі дзесьці к першым пеўням. Калі Колька ўжо зусім змарнеў, тады толькі ўсталявалася цішыня, сухія і гарачыя прасціны крыху адышлі ад яго поту, і ён урэшце прыладзіўся да падушкі, і ўжо можна было заснуць. Але сон бег ад яго, ад трывожнага і радаснага одуму: што будзе заўтра? Усе спяшаліся, спяшаліся кудысьці, беглі людзі, брахалі чамусьці сабакі, скуголіў, выў пад акном Асталоп. І... зноў прыходзіў ён. Але толькі пукатае шкло акуляраў і жоўтае павуцінне дужак...
На плошчы за ноч шмат што перайначылася. Але ўсё гэтак – ушчыльную адна да другой – стаялі падводы, як усё роўна і не пакідалі яны на ноч плошчу. Нагой не было куды ступіць ад народу, таксама, здаецца, нязменнага, учарашняга. Але, прыгледзеўшыся, Лецечка адзначыў, што народ гэты сёння крыху інакшы, крыху не з такім настроем. 3 вазоў вяла, але ж тым-сім ужо гандлявалі. На рыштаваннях універмага, на другім паверсе, марудна, але ўсё ж працавалі, а ўчора там нікога не было. І галасы на плошчы сёння гучалі больш прыглушана. І ранак стаяў млявы, санлівы, нібыта змораны ўжо, нібыта ўсё вакол змарылася, змарнела яшчэ ўчора.
Але такая змарнеласць і кволасць панавалі не доўга. Варта было толькі расчыніцца адрамантаваным звечара ці то ноччу дзвярам Палаца культуры, як санлівая ачмуранасць ранку знікла. Зноў загойдалася, забілася людское мора. Лецечка стаяў каля дзвярэй, чакаў, калі адхлынуць першыя, самыя буйныя, хвалі. Як толькі, здалося яму, паменшала таўкатня, уліўся, прыстаў і сам да вірлівага патоку. Але, пэўна, паспяшаўся – нельга было ні распраміцца, ні ўздыхнуць, ледзь не раздзіраючы на часткі, яго пацягнулі ў залу, як цягне за сабой вясновая паводка ўсё, што замінае ёй, што сустракаецца ёй на шляху – дрэвы, кусты, палкі, трэскі. І Лецечка адчуваў сябе такой трэскай, якая трапіла ў паводкавы вір. Так кідала, шпурляла яго ад аднаго чалавека да другога, ён ляпіўся да кожнага, да каго толькі не прыбівала яго, але ненадоўга: жыццёвыя хвалі, жыццёвы вір быў таксама бязлітасны, як і той, сляпы, стыхійны, тут таксама была стыхія. І нельга было прыбіцца, прыстаць ні да аднаго з берагоў, ніводзін бераг, ніводзін чалавек не прымалі яго. Тыя, што былі наперадзе, ужо бачылі перад сабой залу, крэслы, што чакалі іх, прыспешвалі прыспешваць тых, хто наперадзе іх, і тыя, што былі ззаду, ціснулі, гналі, вымушвалі паскараць крок. У тых, хто ішоў ззаду, было яшчэ больш нецярплівасці і яшчэ менш разумення, таму што яны бачылі толькі спіны пярэдніх, ім увесь час здавалася, што іх знарок не пускаюць, знарок прытрымліваюць. А Лецечка нічога перад сабой не бачыў. Яму трэба было змагацца і з тымі, хто наперадзе, каб яго не цягнулі за сабой так хутка, далі перавесці дых, не адарвалі ні рук, ні ног, не распялі, і трэба было змагацца з сабой, утаймоўваць сваё абурэнне і пратэст, і паспяваць крочыць за ўсімі, паспяваць выкідваць ногі і рукі, каб утрымлівацца на хвалі, на плыні ў гэтым жыццёвым моры. Вось-вось, здавалася, усё скончыцца, хваля вышпурне яго на бераг, абдасць пенай і памчыць далей. А ён, знясілены, застанецца на пяску.
Читать дальше